Вы тут

Ці патрэбны ўрачам патэнты?


Гэту тэму абмяркоўваюць у Палаце прадстаўнікоў.

Аказваецца, у пэўных сферах, прынамсі, у медыцынскай, патэнты ўяўляюць сабой не такое простае пытанне. Наяўнасць патэнтаванага спосабу лячэння пэўнага захворвання, безумоўна, робіць канкрэтнага ўрача больш прывабным для пацыентаў. У той жа час іншыя яго калегі з-за гэтага патэнта не маюць права карыстацца адпаведным спосабам, а пакутуюць пацыенты. Калі ж патэнты адмяніць, то можа зменшыцца экспарт медыцынскіх паслуг...


Сітуацыю пракаментавала Таццяна ЯКУБОВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. Яна расказала, што сёння дэпутаты камісіі працуюць над праектам закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях патэнтаў на вынаходкі, карысныя мадэлі і прамысловыя ўзоры».

Ужо прайшло пасяджэнне працоўнай групы па гэтым законапраекце, якое, па словах парламентарыя, аказалася вельмі дыскусійным.

— Дэпутат нашай камісіі ўнёс прапанову наконт таго, каб метады аказання медыцынскай дапамогі прызнаваліся патэнтаздольнымі, — тлумачыць Таццяна Якубовіч. — Пад такімі метадамі мы разумеем пратэзаванне, медыцынскую рэабілітацыю. Калі сказаць простай мовай, то патэнтныя вынаходкі ў прамысловасці маюць, як правіла, вельмі сур'ёзны эканамічны эфект. Вынаходнікі атрымліваюць патэнт, потым — ліцэнзію. Безумоўна, пасля яны зарабляюць на гэтым грошы. У медыкаў патэнт не прыносіць камерцыйнай карысці, а з'яўляецца больш маральным фактарам, важным для саіскальнікаў, дактарантаў і аспірантаў...

У якасці прыкладу парламентарый прывяла такую сітуацыю: у нашай краіне шмат хірургаў вельмі высокага класа, якія выконваюць тую ці іншую аперацыю. Ёсць хірургі, якія пэўныя спосабы правядзення пэўнай аперацыі вынайшлі першымі — такія вынаходкі неабходна патэнтаваць. Яшчэ гэта звязана, безумоўна, з экспартам медыцынскіх паслуг. Калі ў рэспубліканскага цэнтра шмат патэнтаў, любы замежнік можа адшукаць інфармацыю пра гэта ў інтэрнэце і адразу выбраць, у якую медыцынскую ўстанову, да якога дакладна ўрача хоча прыехаць лячыцца.

— Мы толькі пачалі працаваць над гэтым законам і ўжо сёння падрыхтавалі пісьмы ва ўсе рэспубліканскія медыцынскія цэнтры, у вышэйшую атэстацыйную камісію Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Міністэрства аховы здароўя, каб сур'ёзна прапрацаваць гэтае пытанне, — адзначае дэпутат. — Парламентарыі ж хочуць, каб медыцынскія тэхналогіі былі даступныя для ўсіх. Неабходна зрабіць так, каб патэнты не перашкаджалі ўрачам якасна працаваць і ў той жа час ігралі на руку айчыннаму экспарту.

Сёння Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам Еўразійскай патэнтнай канвенцыі, якую падпісалі 8 дзяржаў. Ёсць магчымасць атрымаць адзіны патэнт, які будзе дзейнічаць на тэрыторыі гэтых дзяржаў. У краінах далёкага замежжа нашы патэнты на аказанне медыцынскіх паслуг не дзейнічаюць, хоць нашы суседзі, з якімі мы шчыльна супрацоўнічаем, — Расія і Украіна — іх прызнаюць.

Каментарыі ў тэму:

Таццяна Кавалеўская, начальнік упраўлення права і міжнародных дагавораў Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці:

—У 2016 годзе Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці прыняў 521 заяву на выдачу патэнтаў на вынаходку. З іх 65 заявак паступіла ад устаноў Міністэрства аховы здароўя, прычым 51 заява адносілася да рэгістрацыі новых спосабаў лячэння.

Што такое патэнт? Гэта ахоўны дакумент, які засведчвае выключнае права на вынаходку, аўтарства і прыярытэт вынаходкі перад іншымі распрацоўкамі.

Адно з асноўных прызначэнняў патэнта — гэта камерцыялізацыя вынаходкі. Напрыклад, калі новы метад лячэння акажацца цікавым для выкарыстання, то паміж уладальнікам патэнта і зацікаўленай асобай заключаецца ліцэнзійны дагавор на выкарыстанне вынаходкі, і патэнтаўладальнік атрымлівае грашовую ўзнагароду за тое, што нехта карыстаецца яго вынаходкай.

У той жа час, калі запатэнтаванае новаўвядзенне не выклікае інтарэсу альбо патэнтаўладальнік не выводзіць яго на рынак, адбываецца растрачванне сродкаў, бо ўвесь тэрмін дзеяння патэнта праваўласнік павінен падтрымліваць яго ў сіле шляхам аплаты неабходнай пошліны. Але часта бывае так, што ахоўны дакумент атрымліваюць толькі для абароны навуковай ступені, а потым ён, умоўна кажучы, вісіць на сценцы. Так быць не павінна, бо на афармленне праў на патэнт трэба затраціць каля 400 долараў. Такім чынам, яшчэ да атрымання патэнта, у тым ліку за дзяржаўныя сродкі, трэба разумець, як потым будзе выкарыстоўвацца вынаходка і які прыбытак ад гэтага зможа атрымаць патэнтаўладальнік.

Алег РУМО, кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак, намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай рабоце 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Патэнт — гэта аховаздольнасць метадаў лячэння (калі гэта патэнт не на прыладу). Што такое аховаздольнасць? Напрыклад, я вынайшаў пэўны спосаб лячэння, і толькі я ім карыстаюся. А як быць, калі пацыент да мяне ў чаргу не трапіць, ці людзей на прыём занадта шмат, ці раптам чалавека завязуць у іншую бальніцу? Я не дазволю іншай бальніцы рабіць аперацыю, бо ў мяне патэнт на лячэнне сваімі метадамі? Таму даўным-даўно ў Еўропе не патэнтуецца метад лячэння, зыходзячы з этычных нормаў і па шмат якіх іншых фактарах, але галоўны менавіта гэты. А інструкцыя на метад лячэння і аказання дапамогі, якая прымаецца міністэрствам аховы здароўя, дае права выкарыстоўваць гэту методыку ва ўсіх лячэбных установах краіны, такім чынам не выдзяляючы дактароў.

Яшчэ адзін важны момант, што асноўная маса гэтых метадаў вынаходзіцца не «гледзячы ў столь», а за грошы, што выдзяляюцца дзяржавай альбо камітэтам па навуцы і тэхналогіях. Атрымліваецца, дзяржава заплаціла, доктар метад — за кошт чужых сродкаў — стварыў, а пасля яго сабе прысвоіў? Таму сёння прынята рашэнне патэнтаваць новыя метады лячэння пасля зацвярджэння адпаведнай інструкцыі. Што датычыцца ўстройстваў (прылад), то калі ласка — любы доктар можа вынайсці яго і праводзіць лячэнне з яго дапамогай.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.

Грамадства

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Ігар Карпенка: Адукацыя — гарант сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве

Аб прыярытэтах у адукацыі, вопыце работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса і ідэалагічным складніку ў выхаванні мы задалі пытанні міністру адукацыі нашай краіны Ігару Карпенку.

Жыллё

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Пажылыя людзі не могуць пераехаць з аварыйнага жылля у нармальнае. Чаму?

Дом №76 па вул. Валгаградскай у Мінску быў прызнаны аварыйным яшчэ ў нулявых.

Грамадства

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

Cтаршыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў пра тое, як будзе развівацца сталіца

На VІ Усебеларускім народным сходзе тэме развіцця Мінска на наступныя пяць гадоў было аддадзена шмат увагі.