23 верасня, серада

Вы тут

Як рэформа сістэмы ЖКГ у сталіцы падладжваецца пад рэальнае жыццё


Неабходнасць пераўтварэння сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі спела доўгі час. Было відавочна, што шмат у чым яшчэ савецкая па спосабах функцыянавання сістэма не адпавядае сучасным запытам. У сакавіку 2015 года з двух раёнаў сталіцы пачаўся эксперымент у сферы ЖКГ, а ўжо ў канцы мінулага года Андрэй Шорац назваў укараненне рэформы сваім галоўным дасягненнем на пасадзе старшыні Мінгарвыканкама.


Да і пас­ля. Прык­лад спра­ва­зда­чы аб пра­ве­дзе­най ра­бо­це на пар­та­ле 115.бел.

Здавалася б, на паперы ўсё выглядае выдатна: і ідэі добрыя, і спосабы рэалізацыі нядрэнныя, але без паправак не абышлося, ды і, па справядлівасці кажучы, усё ж не магло абысціся, такое жыццё. Возьмем хоць бы адно з асноўных палажэнняў рэформы — падзел службаў падрадчыка і заказчыка. Калі раней усе абавязкі клаліся на плечы супрацоўнікаў ЖРЭА, то цяпер у ролі заказчыка выступаюць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы ЖКГ раёнаў, а абавязкі падрадчыка бяруць на сябе ўзбуйненыя ЖЭУ і не толькі яны: на рынак аказання гэтага тыпу паслуг нароўні з дзяржаўнымі службамі прыйшлі прыватнікі. Праўда, не ўсюды і не надоўга.

Асабліва актыўна мінулай восенню абмяркоўвалі тэму прыбірання пад'ездаў. Прадпрыемствы ЖКГ выбіралі выканаўцаў для гэтай працы на тэндарнай аснове, прычым асноўным крытэрыем была нізкая цана. У выніку на многіх участках перамаглі прыватныя кампаніі, якія прапанавалі крыху больш нізкую цану, чым ЖЭУ. Аднак, паколькі да рэформы ў іх практычна не было магчымасці паспрабаваць сябе на гэтай ніве, адпаведным вопытам яны не валодалі. Так што некаторыя кампаніі, адразу ўзяўшы на сябе занадта вялікія аб'ёмы работы, аб'ектыўна не змаглі з імі справіцца.

Гэта той выпадак, калі першы блін сабаку. Усё ж такі наяўнасць рэальных канкурэнтаў стымулюе і дзяржаўныя арганізацыі, і прыватныя кампаніі «трымаць сябе ў тонусе», што павінна цягнуць за сабой толькі плюсы для жыхароў: больш высокая якасць паслуг за меншы кошт. Праўда, жыхароў у гэтым выпадку не спыталі, чаго яны ў сапраўднасці хочуць. Маўляў, жыхары абавязкі па ўтрыманні агульных тэрыторый перадаюць ЖКГ, а значыць, прадпрыемствы самі маюць права прымаць рашэнні па шматлікіх пытаннях. І быццам бы робяць усё «на карысць», але адчуванне непаразумення: «а чаму нас не спыталі?» застаецца. Гэта пры тым, што большасць жыхароў нават не заўважылі якіх-небудзь перамен, хіба што форма на тых, хто наводзіць парадак у пад'ездах, змянілася.

Але калі аб тым, каму лепш даручыць прыбіранне, у жыхароў не спыталі, то магчымасць пракантраляваць вынікі далі. Цяпер кожны раз пасля заканчэння працы чалавек, пасаду якога часам называюць модным словам «клінер», павінен звярнуцца да жыхара пад'езда, каб той сваім подпісам пацвердзіў добрасумленнае выкананне абавязкаў. Так, гучыць цалкам разумна, але сціпласць нашага народа часта не ідзе яму на карысць, і гэта якраз той выпадак. Сама некалькі разоў трапляла ў сітуацыю, калі прыбіральшчык, знаёмы чалавек, з якім вітаешся пры сустрэчы і нават можаш абмеркаваць надвор'е, просіць распісацца ў паперах яшчэ да выканання работы, «а то потым будзе цяжка кагосьці вылавіць». Ці з той жа просьбай чакае каля ўваходу, хоць ты яшчэ толькі накіроўваешся дадому і ў вочы не бачыў вынікі яго працы. І ўсё роўна не адмаўляеш, хутка, нібы здзяйсняючы дробнае хуліганства, ставіш подпіс, бо сорамна сумнявацца ў чыіхсьці прафесійных заслугах. Змагацца ў першую чаргу трэба нават не з няякасным выкананнем абавязкаў наёмнымі работнікамі, а са схаванай за сціпласцю абыякавасцю саміх жыхароў.

Калі выказаць прэтэнзіі ў вочы гатовыя нямногія, то на прасторах інтэрнэту або ў тэлефонных размовах мінчане адчуваюць сябе значна вальней. Пра гэта сведчыць вопыт работы адзінай дыспетчарскай службы і Кантакт-цэнтра горада Мінска. Даволі хутка кароткі нумар 115 ператварыўся ў намінальны, стаўшы практычна нароўні з тэлефонамі медыцынскай дапамогі і міліцыі. У цэнтры нават падлічылі, што агульная працягласць усіх тэлефонных размоў за мінулы год склала больш як сем гадоў. Любыя праблемы, звязаныя з гарадской гаспадаркай, — «тэлефаную на 115».

Гэта сапраўды выдатна, таму што ў сучасных рэаліях для многіх цана часу стала вельмі высокай. І калі для таго, каб вырашыць найпрасцейшую праблему, давялося б ператэлефанаваць па пяці нумарах, як гэта часта бывала раней, то многія проста вырашылі б, што яна не такая істотная і цалкам можа застацца па-за ўвагай. З парталам 115.бел яшчэ прасцей: нікому асабіста нічога тлумачыць не трэба, пісьмова сфармуляваў сутнасць праблемы, для большай пераканаўчасці прадставіў фотадоказ і ў любы зручны час правярай статус яе рашэння. На сайце ўжо зарэгістравана больш за 33 тысячы чалавек. Праз некаторы час пасля ўвядзення ў дзеянне самога партала на ім з'явіўся рэйтынг найлепшых раёнаў горада і найлепшых арганізацый, заснаваны на колькасці вырашаных праблем і ацэнцы якасці работы карыстальнікамі, хоць у ідэале трэба было б улічваць і колькасць праблем, якія ўзнікаюць, — усё ж такі яна павінна зводзіцца да мінімуму.

Праўда, ёсць арганізацыі, колькасць нявырашаных праблем на рахунку якіх перавальвае за сотню. І нічога, працягваюць працаваць. Магчыма, за гэта варта караць не толькі нямым усеагульным дакорам, але і больш дзейснымі спосабамі.

Адно можна сказаць дакладна: сістэма ЖКГ, па меншай меры з пункту гледжання вырашэння праблем, стала значна прасцейшай і бліжэйшай да народа. На гэта накіравана і стварэнне адзінага разлікова-даведачнага цэнтра і адзінай аварыйнай службы. У цэлым слова «адзіны» можна назваць ключавым ва ўсёй рэформе, і гэта, як сінонім «спрашчэння», не можа не радаваць. Наогул тое, што адбываецца цяпер, яшчэ некалькі гадоў таму больш нагадвала б цуд: пару секундных клікаў у мабільнай праграме — і праблема пачынае вырашацца. Ці то яшчэ будзе...

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ад слоў да справы

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.