Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра паражэнне зборнай Беларусі ў адборачным турніры чэмпіянату свету 2018 года, пра старт БГК імя Мяшкова ў 1/8 Лігі чэмпіёнаў і барацьбу беларускіх хакеістаў у фінальнай серыі экстралігі.


1. Футбалісты зборнай Беларусі атрымалі трэцяе паражэнне ў адборачным турніры чэмпіянату свету 2018 года, саступіўшы ў гасцях шведам 0:4. Нагадаем, заключны матч першага круга ў групе А яны правялі пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Ігара Крывушэнкі.

— Цяжка каментаваць матч, дзе дапускалі дзіцячыя памылкі, пасля якіх сапернік забіваў. Што рабіць, трэба перажыць гэтую гульню. Разбяром яе ўнутры каманды. Такія памылкі гульцам дапускаць нельга. Нават ляпы, я сказаў бы. Не хапіла здаровай спартыўнай агрэсіі, ціску на створ варот саперніка. Шведы перасягнулі нас у гэтым кампаненце. Лік адлюстроўвае гэта ў поўнай меры. Складана сказаць, у чым прычына такіх памылак, бо яны дапускаліся ў простых сітуацыях. Магчыма, справа ў страце канцэнтрацыі. У поўнай меры падзяляю адказнасць за вынік з футбалістамі. Нават, напэўна, у большай. Што заслужылі — выслухаем, адзначыў Ігар Крывушэнка.

Лідар групы зборная Францыі ў 5-м туры перамагла на выездзе аўтсайдараў турніру футбалістаў Люксембурга — 3:1, у Сафіі каманда Балгарыі нечакана абыграла галандцаў — 2:0. Наступныя сустрэчы адборачнага турніру адбудуцца 9 чэрвеня. Зборная Беларусі згуляе на полі «Барысаў-Арэны» з футбалістамі Балгарыі.

2. Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова на дамашняй пляцоўцы ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў мінімальна саступіў нямецкаму «Фленсбургу» — 25:26.

— Гульня была складанай. Ведалі, які сапернік нам супрацьстаіць. Першыя 15 хвілін правялі вельмі добра. Затым пайшлі страты, варатар немцаў пачаў добра ратаваць сваю каманду, атрымалі тры-чатыры лёгкія галы. У гэты момант праваліліся псіхалагічна. У канцоўцы трохі змянілі абарону і пераламалі ход гульні ў заключныя 10 хвілін. Фізічна на зыходзе матча, лічу, выглядалі лепей — заслугоўвалі нічыёй. Цяпер трэба ехаць у Германію і пастарацца паказаць добры вынік, — адзначыў галоўны трэнер брастаўчан Сяргей Бябешка.

3. Хакеісты «Нёмана» ў Мінску двойчы перамаглі «Юнацтва» ў фінальнай серыі экстралігі. Першая сустрэча завяршылася з лікам 2:0 на карысць гасцей, другая — 5:3.

Перамог той, хто хацеў, што яшчэ сказаць. Надзея памірае апошняй, але, каб на нешта спадзявацца, трэба трэніравацца. Увогуле ў нас сёння гуляюць ад сілы тры-чатыры хакеісты, астатнім проста пашанцавала аказацца ў «Юнацтве», — адзначыў галоўны трэнер сталічных хакеістаў Міхаіл Захараў.

Фінальная серыя да чатырох перамог працягнецца ў Гродне 29 і 30 сакавіка.

4. Баскетбалісты «Цмокі-Мінск» прайгралі 16-ы матч у Адзінай лізе ВТБ, саступіўшы на сваёй пляцоўцы краснаярскаму «Енісею» — 78:86. Такім чынам, сталічным баскетбалістам засталося правесці чатыры паядынкі «банкаўскага» турніру: дома з пермскай «Пармай» (2 красавіка) і «Ніжнім Ноўгарадам» (16 красавіка) і ў гасцях у лідара Адзінай лігі ВТБ маскоўскага ЦСКА (10 красавіка) і краснадарскага клуба «Лакаматыў-Кубань» (23 красавіка). Цяпер у актыве мінчан чатыры перамогі ў 20 праведзеных паядынках і 12-е месца сярод 13 удзельнікаў турніру.

5. Ірына Прасянцова і Кірыл Касьянік перамаглі ў змешанай эстафеце на другім этапе Кубка свету ў Каіры па сучасным пяцібор'і.

Па выніках першага віду праграмы — фехтавання — Ірына Прасянцова і Кірыл Касьянік набралі 247 балаў і ўпэўнена займалі першае месца. Паспяхова склалася для беларусаў плаванне і канкур, што дазволіла ім выйсці першымі на старт у камбінаваным відзе (стральба і крос).

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.