Вы тут

Пад знакам verbum


Няма пальмы — возьмем вярбу. У нас яна квітнее гэтай парой. Кветка, можа, і не надта прыкметная, але раскрываецца да чалавека ўсёй сваёй пяшчотай, шэрая, але з адценнямі, у якіх праступае і сумны дождж, і сонейка, — самая тая кветка, калі ведаць, да якой нагоды яе рыхтавалі. Нашы продкі ведалі, таму што верылі. І таму надзялялі гэтую кветку (ці галінкі, дзе яна мелася прабіцца) дзіўнай сілай. Сілай жыцця.


Лупцавалі галінкамі адзін аднога — на здароўе! Нават скацінку ў хляву маглі пасцягаць — каб карміла і не падводзіла цэлы год. І мелі ж рацыю: такая шчыранаіўная вера, з такой адданасцю, з такім імпэтам народжаная традыцыя прыцягвала да іх найвышэйшую ахову — унутраную сілу і жаданне не выракацца, не адступаць, рабіць як заведзена ў нашым народзе.

Заведзена ўжо тысячу гадоў чакаць кожны год Лазараву суботу — заведзена рыхтаваць вербачкі. Упрыгожваць іх самаробнымі кветкамі: няхай Бог узрадуецца, бо наперадзе ў яго жорсткія выпрабаванні праз людскую (нашую?) недасканаласць. Таму імкнуліся галінкі свае ўпрыгожыць як мага больш дасканала, з фантазіяй і крэатывам: колькі традыцый у беларусаў аздабляць вербы! Стужкамі розных колераў, пераплеценымі і завязанымі адмысловымі вузламі, уплеценымі ільнянымі ніткамі, шматкамі тканін, дапаўнялі саламянымі вырабамі ці кветкамі — складалі з галінак сапраўдныя букеты. Усё для таго, каб падкрэсліць: мы рады, што ён з намі. І яны (мы?) з ім — асабліва адказна пражывалі Перадвелікодны тыдзень, бо пасля Вербніцы адразу пачынаецца тыдзень самага строгага посту ў памяць пра пакуты Хрыста. Момант, калі чалавек прыслухоўваецца да сябе і ўслухваецца ў словы Божыя — каб не прапалі дарэмна, каб іх сэнс мяняў чалавечую сутнасць, умацоўваў.

…Будзь здароў, як вада, а расці, як вярба! Пераходзяць гэтыя словы з пакалення ў пакаленне, гучаць па ўсёй Беларусі ў адзін дзень года. А сёлета гэта адзін дзень для ўсіх нашых хрысціян-вернікаў, для ўсіх, каб адчуць: у галоўным мы аднолькавыя. Для нас істотнае аднолькавае разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця, бо за кожнай істотай — бессмяротная душа. Для нас істотны шлях сумлення — каб яго не апаганіць і не пакрыўдзіць. Галоўнае — духам быць адданым праўдзе Божай і адчуваць сваю чалавечую годнасць, за якую лепшы з людзей калісьці быў гатовы памерці. Галоўнае — не памерці бясслаўна проста па-чалавечы і як народу.

У тую нядзелю ён ужо ведаў, што яго чакае: Ісус прыйшоў у Іерусалім на свой крыжовы шлях. Ведаў, што аддадуць яго на суд чалавечы, каб потым пакараць. Але ішоў спакойна, таму што ведаў: за ім праўда. Веды пра таямніцы светабудовы робяць неверагодна моцным не толькі таго чалавека, хто мае ў сабе Боскую прыроду, але і таго, хто адчувае ў сабе Боскі пачатак. Кожнага. Таму вернікі пазбаўленыя страху перад жыццём. Кожны, як тая галінка вярбы, — можа быць непрыкметны і сціпла-шэры ў жыцці. Але прыйдзе час — і раскрые сваю адметнасць, праявіць духоўную моц. Ці наш народ, як тыя галінкі, паяднаныя ў букет, — пругкія, нязломныя, змацаваныя аднымі прынцыпамі веры ў магчымасці чалавека і магчымасць самаўдасканалення. Паверыць не позна да апошняга моманту.

Яшчэ тыдзень. І яшчэ...


Цягам тыдня мінскі Палац мастацтваў поўніўся рэлігійнымі вырабамі: наведвальнікаў выстаўкі сустракалі стэнды з абразамі, свечкамі, паўла-пасадскімі хусткамі, духоўнай літаратурай, царкоўнай керамікай, галінкамі вярбы, велікоднымі сувенірамі, побытавымі прадметамі ў традыцыях праваслаўнай культуры. Узяць удзел у «Вербным кірмашы» прыехалі прадстаўнікі праваслаўных манастыроў, прыходаў, братэрстваў і сястрыцтваў з усёй Беларусі, а таксама Украіны, Расіі, Малдовы, Сербіі, Грэцыі.

Па словах кіраўніка выстаўкі Таццяны Марцавай, арганізаваная сёлета экспазіцыя адрозніваецца ад папярэдніх больш пашыранай культурнай часткай. За духоўна-асветніцкую праграму на «Вербным кірмашы-2017» адказвае СвятаЕлісавецінскі манастыр. Спіс мерапрыемстваў атрымаўся вельмі насычаны і разнастайны: акрамя традыцыйнага фармату «Задайце пытанне святару» прадугледжаныя сустрэчы з творчымі людзьмі, прагляд кінафільмаў, канцэрты, майстар-класы, дзіцячая гасцёўня, размовы са спецыялістамі ў розных сферах, медыкамі, фітатэрапеўтамі.

Падчас майстар-класаў штодзень прэзентуюць нешта новае: вучаць ствараць аб’екты з керамікі і гіпсапалімеру, маляваць абразы і рабіць да іх аклады, распісваць дрэва. За 8 дзён выстаўкі Свята-Елісавецінскі манастыр не можа паказаць працу ўсіх падуладных майстэрняў — іх у манастыры каля 30. Там працуюць і служыцелі царквы, і звычайныя вернікі. Манахіні кажуць, што такім чынам мірскія людзі ўцаркаўляюцца, прыходзяць да Бога, растуць духоўна. Наведвальнікі «Вербнага кірмашу» таксама могуць далучыцца да служэння Богу праз творчасць у традыцыях хрысціянскай культуры, зрабіць памятны сувенір з дапамогай прафесіяналаў.

— Майстар-класы цікавыя і дзецям, і дарослым, — мяркуе Ніна Якімовіч, прадстаўніца выставачнага аддзела Свята-Елісавецінскага манастыра. — Напрыклад, у нядзелю ў мазаічнай майстэрні мы вучылі людзей складаць карціны з кавалачкаў спецыяльнага шкла. Удзельнічалі ў асноўным дарослыя: нават на сціплы выраб патрабавалася некалькі гадзін, да таго ж шкло — матэрыял не для маленькіх. Цягам выстаўкі шмат увагі надавалася сацыяльным праектам. Прайшоў спектакль «Маленькі прынц» з удзелам выхаванцаў мінскіх псіханеўралагічных інтэрнатаў, зладзілі акцыю «Больш чым падарунак», падчас якой сваімі рукамі выраблялі цацкі для дзяцей, хворых на анкалогію. Для маленькіх наведвальнікаў «Вербнага кірмашу» працуе «Дзіцячая гасцёўня». Кожны дзень — асобная праграма. Вершаскладанне, каліграфія, аматарскі тэатр...

Свята-Елісавецінскі манастыр падрыхтаваў асаблівы падарунак для вернікаў: падчас «Вербнага кірмашу» штодзень ладзяцца святочныя велікапосныя канцэрты — цыкл мерапрыемстваў, скіраваны на адраджэнне традыцыі харавых дабрачынных канцэртаў цягам Вялікага посту. Праграму велікапосных канцэртаў распрацавала старэйшы рэгент Свята-Елісавецінскага манастыра, царкоўны кампазітар манахіня Іўліянія (Дзянісава). Праграма разнастайная: штовечар гучыць не толькі духоўная музыка, але і народныя спевы, лепшыя творы рускай і замежнай класікі. Уваход вольны на ўсе канцэрты, акрамя апошняга — дабрачыннага. Восьмага красавіка ў зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы будуць прымаць сродкі на падтрымку праекта «Дом для бяздомных», які пабудуюць на манастырскім падвор’і ў вёсцы Лысая Гара.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.