Вы тут

У чаканні прыўкраснага...


...знаходзімся ўсе мы. Для адных гэта — зніжкі ў гіпермаркеце, для іншых — каханне на ўсё жыццё, а ёсць яшчэ такі від вар’ятаў, каторым найбольшае шчасце — добрая кніга. Але неабавязкова чакаць з мора пагоды: звычайнай практыкай стаўся калектыўны збор сродкаў на выданне кнігі. Так пабачыла свет першая беларускамоўная кніга пра кэралаўскую Алісу (пераклад Веры Жыбуль). Зазвычай такія зборы заканчваюцца паспяхова, і мы можам распавесці пра кнігі, якія чакаюцца сёлета (і, быць можа, з вашай дапамогай).


«Кліч Ктулху»

Гэта першае выданне твораў Лаўкрафта па-беларуску. Перакладчыкі Уладзіслаў Гурыновіч, Павел Донаў і Алесь Кудраўцаў узяліся выдаць першую на Беларусі кнігу класіка жахаў, перастварыўшы ягоныя творы «Алхімік», «Склеп», «Палярыс», «Каты Ултара», «Ньярлатхатэп», «Чужаніца», «Музыка Эрыха Цана», «Што прыносіць поўня», «Герберт Уэст, рэаніматар», «Ганчак», «Стоены жах», «Пацукі ў сценах», «Фэст», «Кліч Ктулху», «Натуршчык Пікмана», «Істота ў святле поўні». Усе яны будуць уключаныя ў кнігу «Кліч Ктулху». Назва абраная ўдала: Ктулху — найбольш вядомая пачвара, створаная прыўкрасна-жахлівай фантазіяй Лаўкрафта. Цікава, што даследчыкі вылучаюць асобны паджанр — лаўкрафтаўскія жахі, сярод якіх цэнтральнае месца займаюць міфы Ктулху, дзе вусціш нязведанага суседнічае з фантасмагарычнымі апісаннямі выдуманых старажытных гарадоў, багоў і артэфактаў.

З гісторыі напояў

Збор сродкаў абвешчаны на новую кнігу Кухмiстра Верашчакi «Сакатала бочачка». Выданне прысвечанае гісторыі аўтэнтычных алкагольных напояў на беларускіх землях. Расцэньваць такое выданне як прапаганду алкаголя — цемрашальства ў крайняй ступені. Культура піцця — адзін з вызначальных складнікаў культуры ўвогуле. Згадаць тую вінную Францыю, піўную Германію... Беларусы таксама не лыкам шытыя — пра гэта аўтарытэтна сведчыць Кухмістр Верашчака. Кніга збірае ўнікальныя звесткі, на якія ніхто раней не звяртаў пільнай увагі, асабліва цікавы яе складнік — рэцэптурны, так што можна праводзіць эксперыменты проста ў сябе на кухні. Аўтар згадвае такія напоі, як крупнік і старка, шампанскае і такай, пітны мёд і розныя наліўкі ды настойкі, пшанічнае піва, самагон, а таксама распавядае пра экзатычны посуд для пітва.

Пры гэтым выдаўцы падкрэсліваюць літаратурны талент укладальніка: «Калі вы ўжо чыталі “Літвінскую кухню” або “Нашу Страву”, то ведаеце — аўтар піша так, што водары пачынаюць казытаць ваш нос ужо з самых першых старонак». Зноў жа, вельмі важна, што аўтар «разбурае міфы і стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў нашым грамадстве вакол культуры піцця, і аднаўляе сапраўдную гісторыю, якая чытаецца як захапляльны дэтэктыў». Засталося дадаць, што сапраўднае імя аўтара — Алесь Белы. Ён беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг, аўтар больш як ста нарысаў па гісторыі беларускіх страў і напояў, а таксама — кнігі «Belarusian cook book» (Нью-Ёрк, 2008).

Мемуары жаўнера

Хто такі Павал Нічыпарук? Імя наўрад ці вам знаёмае. Аднак праз лёс гэтага чалавека разгортваецца цэлая эпоха, лёс асобнага соцыуму, чыімі правамі і патрэбамі не надта цікавіліся. Кнігу ўспамінаў беларускага андэрсаўца Паўла Нічыпарука падрыхтаваў да друку гісторык Ігар Мельнікаў.

У кнізе хапае хаджэння па пакутах: несправядлівы суд, расстанне з сям’ёй, астрогі, этапы, ГУЛАГ, здзекі і пераадольванне сябе, спробы выжыць і адстаяць годнасць. А пасля — доўгія бадзянні па экзатычных для беларуса краінах, ваенная падрыхтоўка, крывавая бойня пад Монтэ-Касіна... Ігар Мельнікаў, папрацаваўшы над мемуарамі аднаго беларуса, які з ГУЛАГа трапіў у войска польскае, раскрыў цэлую старонку ў беларускай гісторыі. Старонку малавядомую: тысячы беларусаў былі вымушаныя назвацца палякамі, каб уцекчы ад маруднай, ганебнай лагернай смерці і ўстаць у шыхты войска польскага. Пра андэрсаўцаў за савецкім часам не казалі: нягледзячы на тое, што яны змагаліся з нацыстамі нароўні з іншымі, андэрсаўцаў лічылі ледзьве не за ворагаў народа. У часы галоснасці і свабоды слова многія факты займелі права быць агучанымі, і кніга «Адысея палешука» — адзін з прыкладаў плёну гэтых зменаў. «Адысея» змяшчае больш як 200 старонак цікавых гістарычных фактаў і асабістых перажыванняў героя. Тут навуковая дакладнасць спалучаецца з псіхалагічным складнікам, што робіць мемуары надзвычай займальнымі. Таксама выданне ўключае некалькі сотняў аўтэнтычных здымкаў з прыватнага архіва Ігара Мельнікава.

Цікава, што з гэтым рукапісам Нічыпарука яшчэ ў 1989 годзе азнаёміўся Васіль Быкаў. «Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць...» — пісаў ён сваяку жаўнера. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў мемуары знайшлі свайго даследчыка і цяпер маюць магчымасць пабачыць свет.

Музыкант без музыкі

Некалькі кніг вершаў і прозы беларускіх аўтараў чакаюць чытацкай дапамогі, каб з’явіцца на свет. Першым згадаем зборнік апавяданняў «Сарабанда» Георгія Барташа, які сам аўтар называе самай трагікамічнай кнігай года. Ахвотна верыцца, калі згадаць іншую яго кнігу — паэтычны зборнік «Чаравічкі». Улічваючы, якія кантрасныя ацэнкі атрымаў зборнік, можна чакаць вялікую цікаўнасць да «Сарабанды». Барташ ціха пасміхаецца: «Як сказаў мой тата, “кніга добрая; аднак усе дурні Беларусі збягуцца, каб па ёй патаптацца”». Вельмі заманлівы анонс.

Структуру кнігі Георгій Барташ абраў фармальна-музычную. Музычную — бо такая назва і ўласна пабудова кнігі: тры часткі, як у санаце, — хуткая, марудная, хуткая. Фармальная — бо наўпроста да музыкі кніга не мае дачынення. «Сарабанда» ўключае тры дзясяткі маленькіх аповедаў, тэматычна разбітых на групы «пра жыццё», «гістарычныя», «пра смерць». Ужо ў самім падзеле вызірае непаўторная іронія аўтара. Мяркую, крытык чакае выхаду гэтай кнігі нават больш за чытача і нават родных аўтара кнігі.

 Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.