Вы тут

«У жыцці наступіў такі перыяд, калі працаваць трэба не дзеля грошай»


Беларускі кампазітар Уладзімір Кандрусевіч сёлета стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2016 года за значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва. За плячыма кампазітара вялікі досвед: ён стварыў музыку да 32 кінафільмаў і больш як да 200 спектакляў у Беларусі і за яе межамі. З творчасцю Уладзіміра Кандрусевіча можна пазнаёміцца на вядучых тэатральных пляцоўках краіны — у Дзяржаўным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горькага ды іншых. Пра зацікаўленасць у новых праектах, пошукі якаснага лібрэта і самыя значныя свае тэатральныя работы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі распавёў карэспандэнту «ЛіМа».


 

— Каб нечага дасягнуць, трэба прайсці праз пэўныя жыццёвыя выпрабаванні. Як загартоўвалася вашая творчая індывідуальнасць?

 — Калі я толькі пачынаў займацца музыкай на малой радзіме, у Гродне, у нашага гурта знайшлося шмат прыхільнікаў: для іх было шчасцем дапамагчы з апаратурай, паднесці калонку ці інструменты. Гродна — невялікі горад, і натоўп, які збіраўся на нашыя выступы, абуджаў інтарэс. Аднойчы гуртом зацікавіўся КДБ, і да мяне дамоў прыйшоў незнаёмы чалавек. Размаўляў з бацькамі, агледзеў мой пакой. Пасля ён з’явіўся ў музычным вучылішчы, а ў выніку мяне выклікалі ў камітэт. Распытвалі, хто я, што ў мяне за кампанія, што слухаем, пра што спяваем, адкуль бяром музыку...

 Але самая цікавая гісторыя звязаная з перыядам навучання ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага (зараз БДАМ). Тады гаркам камсамола вырашыў заняцца выхаваннем моладзі. Пры гаркаме арганізавалі клуб, куды ўвайшлі найбольш актыўныя і аўтарытэтныя студэнты з кожнага ВНУ. Кажуць нам: «Прапануйце: чым можна прыцягнуць моладзь?» Я параіў зрабіць музычны фестываль, і нечакана ўсе пагадзіліся. Два дні выступалі ансамблі з розных інстытутаў. Шчыра кажучы, атрымалася зусім нецікава, але народу ўсё адно было бітком — не прайсці. І вось на другі дзень праграмы я вырашыў ісці са сваёй камандай «Пане-браце» на сцэну па-за конкурсам. На фоне спеваў у стылі «Не надо печалиться, вся жизнь впереди...» загучалі акорды амерыканскага рок-гурта «Creedence Clearwater Revival», і ў зале літаральна адбыўся выбух! На жаль, мы нават не даспявалі: мужчына з ЦК партыі выбег на сцэну і апусціў заслону. На наступны дзень мяне выклікаў рэктар кансерваторыі. Падчас роспытаў пра дзейнасць «Пане-браце» ён даведаўся, што мы выконваем песні ў Доме культуры на першым цагляным заводзе (у народзе тое месца называлі «Біржа»). Студэнтам забаранялася працаваць адначасова з вучобай, але мы імкнуліся зарабляць. Нягледзячы на павышаную стыпендыю, грошай не хапала, бо ад дапамогі бацькоў я адмовіўся: жадаў усяго дамагчыся сам. Астатніх удзельнікаў гурта не выдаў, і мяне, як завадатара, выключылі з кансерваторыі. Здарылася неверагоднае: на маю абарону паўсталі выкладчыкі і студэнты! Каб пазбегнуць канфлікту, аднавілі праз 2 тыдні, але выконваць музыку са сваім гуртом забаранілі.

— Ці адбілася тая сітуацыя на вашым далейшым навучанні ў кансерваторыі?

 — Да мяне працягвалі добра ставіцца, нават размеркавалі не па месцы жыхарства, як астатніх студэнтаў, а пакінулі ў Мінску. Лета я працаваў у Вялікім тэатры оперы і балета. У тэатры было сумна: трэба сядзець і паўтараць па 5 — 10 разоў аднолькавыя такты, пакуль балетная трупа вучыць новы нумар. Увосень пайшоў служыць пад Дзяржынск. Начальства там пра мяне чула, таму дазволілі стварыць новы гурт. Мы выступалі ў суботу і нядзелю, а прыбытак ад канцэртаў ішоў у вайсковую частку. Але з’явілася магчымасць вырвацца з вайсковага побыту! Казалі, што трэба рэпеціраваць, прыязджалі ў горад з раніцы, куплялі сухое балгарскае віно… Гэта было свята. Пасля арміі я вырашыў не вяртацца ў тэатр піяністам, а працягнуць навучанне ў кансерваторыі на кампазітарскім аддзяленні.

 — Як склалася, што ад захаплення рок-музыкай вы перайшлі да тэатральнага рэпертуару?

— Тлумачэнне простае: у кожнага ўзросту свае інтарэсы. Калі быў юнаком, хацелася быць у цэнтры ўвагі, падабацца дзяўчатам. Але многія выканаўцы дасюль заўважаюць, што ў маёй творчасці захаваўся дух бунтарства. Нават у аркестры Музычнага тэатра я заклаў у партытуру два сінтэзатары, гітару ды бас-гітару: музыка гучыць сучасна, адчуваюцца элементы року, цікавыя гукавыя плямы. Галоўнае — памятаць, што тыя элементы павінны не выбівацца, а арганічна спалучацца з музычнай палітрай твора.

— Вы былі адным з любімых вучняў народнага артыста БССР Яўгена Глебава. Цяжка было адшукаць шлях да сэрца маэстра?

 — У нас з Яўгенам Аляксандравічам склаліся вельмі добрыя адносіны, мы адразу зразумелі адзін аднаго. Першы раз я выпусціўся з кансерваторыі як піяніст, таму прафесійна валодаў інструментам. Не ўсе вучні Глебава маглі выконваць свае творы самастойна: часта яны прыносілі ноты і прасілі мяне сесці за фартэпіяна. Як вынік — кансерваторыю скончыў экстэрнам, потым былі два гады аспірантуры… Галоўнае дасягненне гэтага перыяду — тое, што я пачаў афіцыйна падпрацоўваць. Паколькі я добра імправізаваў, мяне запрашалі на запісы музыкі для спектакляў, кіно. Тады паглыбіўся ў творчую атмасферу, пазнаёміўся з рэжысёрамі і ў выніку пачаў працаваць як кампазітар.

— Выйсці да шырокай аўдыторыі кампазітарампачаткоўцам было прасцей у часы, калі вы пачыналі займацца музыкай, ці зараз?

— Здаецца, раней было прасцей: кампазітараў ды ўвогуле артыстаў працавала менш, канкурэнцыя адчувалася не так востра, як зараз. У любым творчым асяроддзі вельмі насцярожана ставяцца да з’яўлення моладзі. Некалькі год я пісаў песні для выхаванцаў Прадзюсарскага цэнтра «Спамаш». У маладых выканаўцаў былі значныя дасягненні, прэстыжныя ўзнагароды на міжнародных конкурсах, але лёгка нічога не давалася. Калі мне захацелася чагосьці больш цікавага, напісаў мюзікл «Байкер» для творчага складу нашага цэнтра. «Байкер» меў перспектыву: мы аб’ездзілі з ім практычна ўсе вялікія беларускія гарады. Мюзікл нават запрасілі на вялікі тур па Украіне, але з-за ўсеагульнага крызісу 2008 года паездка сарвалася. Пасля пастаноўкі «Байкера» я палічыў, што мая місія ў «Спамашы» выканана, і пайшоў далей: усё жыццё працаваў як вольны мастак, на афіцыйных пасадах доўга не затрымліваўся.

— Хадзілі чуткі, што «Байкер» мог пайсці ў рэпертуар аднаго са сталічных тэатраў...

— Свабодная манера спеваў у нашых тэатрах не надта практыкуецца, а «Байкер» арыентаваўся на моладзевы стыль выканання: трэба было тут пакрычаць, там пашаптаць, ярка выказаць эмоцыі. Да таго ж я сам абіраў артыстаў на ролі, таму мюзікл разлічваў на пэўныя галасы. У прыватнасці, ролю Байкера выконваў Іван Вабішчэвіч, цяпер вядомы як Дзядзька Ваня (першымі талент Вабішчэвіча заўважылі ў Прадзюсарскім цэнтры «Спамаш», а ўжо потым яго запрыкмеціла Пугачова). Нягледзячы на тое, што «Байкер» ішоў на беларускай сцэне толькі год, намаганні, пакладзеныя на яго стварэнне, акупіліся. Мы працавалі на самых вялікіх пляцоўках, спектакль здымала тэлебачанне, а фінальным акордам беларускага тура стаў выступ у Віцебску на вялікай сцэне, дзе штогод ладзіцца «Славянскі базар».

 — Мюзікл «Шклянка вады», балет «Мефіста» вярнуліся ў тэатральны рэпертуар пасля перапынку. Чаму адны вашыя творы вяртаюцца на сцэну, а іншыя — не?

— Мюзікл «Шклянка вады» выйшаў з рэпертуару Музычнага тэатра з-за таго, што прыйшлі ў непрыдатнасць дэкарацыі. Дзеля спектакля стварылі адмысловы пандус з люстранымі лістамі, але з цягам часу яны знасіліся. Калі сабралі сродкі на замену дэкарацый, мюзікл адразу з’явіўся на сцэне. Спектакль «Шклянка вады» паспяхова ідзе ўжо 22 гады, нядаўна выязджаў на гастролі ў Калінінград. Я сачу за жыццём сваіх пастановак, заўсёды наведваю генеральныя рэпетыцыі або прагоны. Дасюль кожны раз прыходжу на «Соф’ю Гальшанскую», а пасля спектакля гутару з выканаўцамі, калі з’яўляюцца пытанні ці заўвагі. З Музычным тэатрам у нас даўно ўсталяваліся трывалыя сувязі і вельмі добрыя адносіны.

— «Соф’ю Гальшанскую» крытыкі ў адзін голас называюць першым беларускім нацыянальным мюзіклам. На чым у працы трэба зрабіць акцэнт, каб спектакль атрымаўся менавіта нацыянальным?

— Безумоўна, у першую чаргу нацыянальным павінен быць сюжэт. Да «Соф’і Гальшанскай» ставілі аперэты накшталт «Несцеркі», але сур’ёзнай працы над нацыянальнымі тэкстамі не было. У цэнтры мюзікла павінна быць важная гістарычная фігура альбо цікавая гісторыя менавіта з мінуўшчыны беларускага народа, і калі праца будзе годнай ва ўсіх адносінах, спектаклем зацікавяцца нават у іншых краінах, што заўважна падчас гастролей. Героя для спектакля можна знайсці паўсюль. Так, ідэя ўвасобіць на сцэне жыццё беларускай княжны прыйшла да мяне яшчэ ў 2006 годзе, калі Нацыянальны банк Беларусі выпусціў юбілейную манету, прысвечаную 400-годдзю з дня нараджэння Соф’і Гальшанскай. Падрыхтоўка мюзікла цягнулася да 2013 года, бо ў пошуках добрага лібрэтыста, які б напісаў цікавую гісторыю для Музычнага тэатра, я змяніў шэсць чалавек. Вядома, людзі крыўдзіліся, але што рабіць? У рэшце рэшт, адказнасць за мюзікл толькі мая. Пасля доўгіх пошукаў пашансавала: пазнаёміўся на кінастудыі з рэжысёрам Аленай Туравай. Яна пісала сцэнары для сваіх фільмаў і пагадзілася ўзяцца за лібрэта. Сёмы варыянт лібрэта атрымаўся надзвычай удалы, і гледачы ўбачылі прэм’еру «Соф’і Гальшанскай».

 — Ці ёсць жаданне працаваць у нацыянальным кірунку і надалей?

 — Я наогул усё жыццё працую і з задавальненнем працягнуў бы распрацоўку беларускай тэмы, але ёсць праблема: мне патрэбен лібрэтыст. Я гатовы да любога варыянта, гістарычнага альбо сучаснага, неабавязкова нават працаваць з канкрэтным персанажам, як Соф’я Гальшанская. Асноўнае патрабаванне — добрае лібрэта, цікавасць да якога нараджаецца ў размовах з лібрэтыстам. Зараз не атрымліваецца знайсці нешта выбітнае. Прапановы ёсць, у тым ліку і ад Музычнага тэатра, але пакуль не адчую, што лібрэта маё, згоды даць не змагу. У жыцці наступіў такі перыяд, калі працаваць трэба не дзеля грошай, а каб зрабіць асаблівы твор, які возьме за душу.

— На пачатку красавіка вас адзначылі Дзяржаўнай прэміяй «За значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета “Мефіста”, мюзіклаў “Шклянка вады”, “Джулія”, “Соф’я Гальшанская”, “Байкер”». Як лічыце, названыя творы — лепшыя вынікі вашай працы?

— Гэта лепшыя з твораў, падрыхтаваных для рэпертуару Музычнага тэатра. Да спектакля падыход вельмі просты: глядач плаціць рублём. Калі аўдыторыя не збіраецца, а ты кажаш, што паставіў шэдэўральны твор, нешта ў гэтай сітуацыі атрымліваецца не так. Увогуле, за доўгі час супрацоўніцтва з тэатрамі мне пашчасціла працаваць з вельмі цікавымі людзьмі. Кожны з рэжысёраў ствараў надзвычай добрыя спектаклі. «Блакітная ружа» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і «Палачанка» ў Тэатры юнага гледача Андрэя Андросіка, «Клеменс» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, які ажыццявіў самы малады галоўны рэжысёр СССР Валерый Маслюк… Адзін з маіх спектакляў, «Рэвізор», крэатыўна паставіў Валерый Раеўскі. Падчас спектакля артысты прыхіналіся да вялікіх люстэрак, і ў апошнім акце люстэркі станавіліся заляпанымі, бруднымі. Пераход ад першапачатковай чысціні да наўмыснага бруду ствараў незразумелы, фантасмагарычны эфект. Быў перыяд, калі я афармляў усе спектаклі ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, дзе шмат кантактаваў з рэжысёрам Аляксеем Ляляўскім, у Вялікім тэатры оперы і балета працаваў з Валянцінам Елізар’евым. Знаёмства і супрацоўніцтва з таленавітымі творцамі нашага часу — таксама значнае дасягненне і вялікая жыццёвая ўдача.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.