Вы тут

Знаток Сяргей Дубялевіч: Гульня — гэта не сродак для заробку грошай


На календары яшчэ вясна, але ў тэлеклубе «Што? Дзе? Калі? у Беларусі» сёння пачынаецца лета. Ужо ўвечары ў эфіры тэлеканала АНТ можна будзе паглядзець першую гульню летняй серыі. За сталом — каманда Дзмітрыя Шпака.

Мы ж прапануем бліжэй пазнаёміцца з уладальнікам Малой Хрустальнай савы па выніках вясновай серыі, знатаком, які гуляе ў тэлеклубе ўжо 5 гадоў, Сяргеем ДУБЯЛЕВІЧАМ. Гутарым пра ўражанні ад такіх значных вынікаў, рытуалы і забабоны, што ёсць у гульні, камандны дух і вядомасць, якую прыносіць тэлебачанне. Таксама даведаемся, за каго з калег па клубе Сяргей «хварэе» ў летняй серыі.


— Сяргей, у вясновай серыі на дзвюх гульнях вашай каманды ты быў проста зоркай. Як адчуваеш сябе ад такіх поспехаў і выдатных вынікаў?

— Магчыма, гэта не было відаць звонку, але фінал вясновай серыі быў адной з самых спакойных гульняў. Звычайна крыху перашкаджаюць хваляванне, часам занадта лішні азарт. І тое, што атрымлівалася знаходзіць адказы не на першых секундах, а пад канец хвіліны абмеркавання, — паказчык, што галава была больш-менш «халоднай». Вядома, з тэхнічнага пункту гледжання ўсё роўна, ты знайшоў адказ на першай ці 59-й секундзе, але і для гледача, і для ўласных уражанняў другі варыянт лепшы. Бачыцца, як падчас абмеркавання вымалёўваецца адказ, становіцца зразумелая логіка пытання. Калі ты адказаў проста таму, што ведаеш, — прыемна, але намнога прыемней, не ведаючы фактаў, разам з камандай прыдумаць правільны адказ.

— Сам пераглядаў тыя гульні?

— Свае гульні зазвычай не... Але фінал я вымушаны быў перагледзець некалькі разоў разам з бацькамі — яны, вядома ж, мае фанаты — і толькі на другі ці трэці раз зразумеў дакладныя моманты, дзе нарадзіліся адказы. Бо нават саму гульню я не надта добра памятаў. Далёка не заўжды памятаю пытанні, што задаюцца за гульнявым сталом, не абавязкова прыгадаю тыя, што былі некалькі гадоў таму. Яшчэ прыемна, што ў фінале я адказаў на вырашальнае пытанне па сваім філалагічным профілі.

— У адной з гульняў серыі ты змог адказаць на два пытанні, застаўшыся адзін за гульнявым сталом. Гэта першы такі выпадак у беларускім клубе «Што? Дзе? Калі?»...

— Па шчырасці, я нават і не памятаю, пра што было першае з тых пытанняў. Прыгадваю толькі, што яно аказалася нескладанае. А другое памятаю выдатна — яно было пра зоры і час. Адказ я знайшоў секундзе на 15-й і больш не думаў. Але вонкава паказваў, што ўсё яшчэ вагаюся. Часта бывае, што гулец падчас супербліца вельмі хутка знаходзіць адказ, але для знешняга эфекту імітуе роздум. Што зробіш, гэтага патрабуе тэлебачанне.

— Наколькі разуменне таго, што цябе здымаюць, што гульню паказваюць па тэлебачанні, уплывае і на працэс роздуму, на твае адчуванні за сталом?

— Так, важна быць сабраным, засяроджаным. Але мне і дасюль часам няёмка глядзець на сябе па тэлебачанні. Ты будзеш добра гуляць, калі будзеш паводзіць сябе перад камерай натуральна, а лепш — забудзешся пра камеру. Да гэтага можна прывыкнуць, але ніхто не раіць прывыкаць. Усё ж павінен прысутнічаць жывы азарт, настрой. Калі ты гэта губляеш, адчуваеш, што гульня не прыносіць задавальнення, то навошта гуляць, хадзіць на «Што? Дзе? Калі?» як на працу? Я гэтага ніколі не зразумею.

— Маеш нейкія ўласныя правілы, рытуалы, якія выконваеш перад гульнёй? Магчыма, высыпаешся, п'еш многа кавы?

— Высыпацца, зразумела, не шкодзіць, але не заўсёды атрымліваецца. Рытуалы, безумоўна, ёсць, але яны складваюцца толькі на працягу серыі гульняў. Калі перад аднымі здымкамі п'ю каву, то гэта стараюся рабіць і перад другімі. Калі чытаю кнігу, то на працягу серыі чытаю адну і тую ж. Гэта хутчэй мае асабістыя маленькія забабоны, а агульнакамандных рытуалаў няма.

— Алесь Мухін у інтэрв'ю «Звяздзе» не так даўно казаў, што для знатака вельмі важна знайсці сваю каманду, дзе яму будзе камфортна гуляць. Для цябе гэта істотна?

— Слушная заўвага. Але лічу, што мне пашанцавала. З нашай камандай пад кіраўніцтвам Андрэя Супрановіча гуляць кожны раз усё прыемней. Мы не «аб'ядаем» адно аднаго, дапамагаем. Мы даўно знаёмыя і сябруем. Так, вельмі важна знайсці сваю каманду. Адна з маіх іпастасяў — трэнер па інтэлектуальных гульнях, таму на ўласным вопыце ведаю: часта бывае, калі чалавек, актыўны і карысны ў адной камандзе, цалкам замаўкае ў іншай, бо яму некамфортна. Гэта нават не звязана з узаемнымі адносінамі гульцоў. Ты можаш сябраваць з людзьмі, але гэта не гарантыя таго, што здолееш з імі гуляць. І наадварот, людзі могуць атрымліваць асалоду ад гульні, але за межамі гульнявога стала нават не размаўляць. Я гэтага, шчыра кажучы, не разумею, мне чужы падыход да «Што? Дзе? Калі?» як да нечага толькі прафесійнага. Сур'ёзнае стаўленне — так, але з некім размаўляць толькі таму, што гэта патрэбна, — не маё. Гульня — гэта ж не сродак для заробку грошай.

— Але ж грашовую ўзнагароду атрымліваць прыемна...

— Так, аднак ніхто не гуляе толькі дзеля яе. У фінансавай падтрымцы праекта я нічога кепскага не бачу, больш за тое, лічу, што менавіта на тэлебачанні інтэлектуальныя гульні павінны пацвярджацца нейкімі матэрыяльнымі рэчамі, скажам так. Важна паказаць гледачу, што можна зарабіць грошы сваім розумам, што разумным быць карысна. Матэрыяльная зацікаўленасць — справа важная, але ў нашым клубе людзей, якія гуляюць толькі з-за грошай, няма.

— Ты ўжо сказаў, што твае галоўныя фанаты — бацькі. А ёсць яшчэ прыхільнікі?

— Калегі, вучні. На малой радзіме, у Шчучыне, мяне ведаюць, пазнаюць. Нават сваю Хрустальную саву я завёз бацькам. Мама працуе ў школе, яна паказвала саву вучням, гэта было сапраўднай падзеяй! Усе з ёй фатаграфаваліся, рабілі сэлфі. Насамрэч «Што? Дзе? Калі? у Беларусі» глядзіць не так і мала людзей. Я сам часам здзіўляюся, калі мяне пазнаюць. Бывае, незнаёмыя людзі падыходзяць павітацца. Апошні раз гэта здарылася літаральна пазаўчора. Я вазіў сваіх выхаванцаў у Гомель на чэмпіянат Еўропы па «Што? Дзе? Калі?» сярод школьнікаў. І ў чарзе па квас мяне пазнала дзяўчына, дарэчы, не ўдзельніца чэмпіянату. Прыемна.

— Як падтрымліваеш сябе ў добрай «інтэлектуальнай форме»?

— Гульні «Што? Дзе? Калі? у Беларусі», якія мы бачым па тэлебачанні, гэта толькі вяршыня айсберга. Рух аб'ядноўвае мноства дзяцей, юнакоў, дарослых, і на асобныя гульні збіраецца па 60—70 камандаў. Гульцы, якія праявяць сябе на гэтым узроўні, могуць быць запрошаныя на адборы для тэлеклуба. Людзей, якія ў нетэлевізійнае «Што? Дзе? Калі?» не гуляюць, у беларускім клубе ніколі не было. Патрэбны вопыт. Самаўдасканаленне таксама важнае. Чытаю 50-60 кніг на год. Вядома, хацелася б больш. Але з-за таго, што працую ў школе, многа перачытаваю і па школьнай праграме, і па-за яе
межамі.

— Ты выкладаеш рускую мову і літаратуру ў адной са сталічных школ. Вучні сочаць за поспехамі настаўніка ў гульні?

— Так. Але я б не сказаў, што гэта мне неяк дапамагае ці перашкаджае працаваць з вучнямі. Умею сябе з імі паводзіць без дадатковых «стымулаў».

— Сам сочыш за гульнямі калег?

— Падчас гульняў, калі мы ўсе прысутнічаем у зале, канешне. Але па тэлевізары ці ў інтэрнэце гляджу выпускі вельмі рэдка. Ёсць гульцы, якія з'яўляюцца большымі фанатамі, праглядаюць шмат гульняў. Я ж наогул не вельмі люблю глядзець відэа, лепш успрымаю тэкставую інфармацыю. Магчыма, неяк выйду ў адпачынак і перагляджу ўсё (смяецца). Але ў любым выпадку сачыць за гульнямі калег, нават свае пераглядаць і шукаць уласныя памылкі карысна для самаўдасканалення.

— Бывае, што падчас гульні ты адказваеш правільна, а каманда за сталом дае няправільны
адказ?

— Так, але гэта не выклікае асабістых крыўдаў, абурэння. Усе ведаюць, што камандай кіруе капітан, што ён выбірае версіі. Часам удала, часам — не. Каманды не павінны сварыцца праз гэта паміж сабой. Гэта памылкі пачаткоўцаў. Я заўсёды вучу сваіх выхаванцаў: словы «Я ж казаў» павінны быць пад забаронай на трэніроўках і ў гульні. «Што? Дзе? Калі?» — гульня камандная, і тое, што ты даў правільны адказ, не важна, калі ў цэлым вы адказалі няправільна. Нельга сябе ставіць вышэй за іншых, бо гульні не атрымаецца.

— Для гульняў выбіраюцца пытанні, на якія можна даць адказ, кіруючыся логікай, нават не ведаючы дакладных фактаў. А як жа эрудыцыя?

— Адно другому не перашкаджае. Так, выбіраюцца пытанні, на якія можна даць лагічны адказ, але гэта не выключае ведання самога факта. Трэба думаць. Ва ўсіх гульнях ёсць і лёгкія, і складаныя пытанні. І самая ідэальная гульня — тая, што скончылася з лікам 6:5, няважна, на чыю карысць.

— Ваша каманда не гуляе ў летняй серыі. Вы адразу сталі ўдзельнікамі зімовай, выйграўшы ў фінале ўвесну. За каго з калег «хварэеш» цяпер?

— Я не «хварэю» ні за, ні супраць кагосьці. Заўжды падтрымліваю каманду, якая гуляе ў дадзены момант за сталом. Узаемаадносіны ў клубе могуць быць розныя, але ў асноўным мы добразычліва ставімся да калег. Няма такога, каб нейкай камнадзе жадалі пройгрышу.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

У свеце

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

Навошта Нарвегія назапасіла рэкордную «заначку»?

​Актывы суверэннага фонду каралеўства Нарвегія перавысілі трыльён долараў.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Дзет­ка­ві­чы

У Дзеткавічах хоць і зарэгістравана сем чалавек, пастаянна пражываюць тры жанчыны. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра настаўніка года, непрадугледжаныя паводзіны і англійскі кампот.