Вы тут

Разам з класікамі


Сёлета гасцей будзе вітаць ужо XVІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017», які пройдзе 2 і 3 чэрвеня. Праграма, прысвечаная 135-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа, прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі паэтаў і пісьменнікаў, юбілейны канцэрт ансамбля «Сябры» — каб убачыць і пачуць усё гэта, варта завітаць у Маладзечна ў першыя выходныя лета.


Традыцыйна цэнтральным мерапрыемствам фестывалю стане конкурс маладых выканаўцаў. Яны праспяваюць па дзве песні на беларускай мове. Першы тур пройдзе на сцэне Палаца культуры Маладзечна пад фанаграму «мінус адзін», другі — на галоўнай пляцоўцы ў Летнім амфітэатры Маладзечна ў суправаджэнні жывога гуку ад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

— Увечары 2 чэрвеня будуць падведзены вынікі конкурсу маладых выканаўцаў, пераможцы атрымаюць узнагароды, — удакладніла першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына ДРЫГА. — А таксама адбудзецца прэм’ера праграмы Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра з сімвалічнай назвай «Купала і Колас, вы нас гадавалi», аўтар і складальнік якой — Міхаіл Фінберг.

Насычанай чакаецца праграма другога дня фестывалю. Адбудзецца канцэрт акадэмічнай музыкі ў дзіцячай музычнай школе. Штогод там прэзентуюць малавядомыя творы мінулых эпох — кампазітараў XVІІ, XVІІІ і XІX стагоддзяў. У гэты ж дзень артысты аркестра выступяць у вёсцы Чысць.

Канцэрт-закрыццё прымеркаваны да 45-гадовага юбілею ансамбля «Сябры». Яго вядучым будзе народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка.

— Фестываль, які з 1993 года ладзіцца ў Маладзечне, стаў своеасаблівай візітоўкай Міншчыны, — распавяла выконваючая абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Святлана БАРАНОК. — Праграма фестывалю сёлета досыць разнастайная. У тым ліку дзякуючы зацікаўленасці Саюза пісьменнікаў Беларусі. «Паэтычная гасцёўня» заўсёды прыцягвае гледачоў. Мы пачуем у аўтарскім выкананні вершы, адбудуцца аўтограф-сесіі, у тым ліку з Міхасём Пазняковым як намінантам на дзяржпрэмію. Акрамя гэтай праграмы, якая будзе арганізавана падчас фестывалю 2 і 3 чэрвеня, таксама 31 мая і 1 чэрвеня Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі падрыхтуе праграму прэзентацый твораў, а таксама сустрэчы ва ўстановах адукацыі.

Плануецца выстаўка з фондаў літаратурных музеяў краіны. На сцэне Палаца культуры гледачы змогуць убачыць спектакль «Паўлiнка», які прывязе Купалаўскі тэатр. Побач з Палацам культуры будзе працаваць паэтычная пляцоўка «Чытаем Купалу і Коласа разам». Запланаваны і дзіцячы канцэрт «Маладзiчок запальвае Зоркi» .

Як распавяла дырэктар Палаца культуры Маладзечна Святлана САРОКА, горад да правядзення фестывалю гатовы: падрыхтаваныя асноўныя пляцоўкі і ўстановы культуры. Квіткі на канцэрт адкрыцця каштуюць ад 7 да 9 руб., на закрыццё — 10 — 15 руб., на спекталь «Паўлінка» — 5 — 7 руб. На іншыя імпрэзы ўваход вольны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.