Вы тут

Як кальцуюць птушак у Тураве


Адзіная станцыя па кальцаванні птушак у нашай краіне знаходзіцца ў Тураве. Яна адкрыта ў 1999 годзе і спецыялізуецца на куліках, якія ў час міграцыі прыпыняюцца ў пойме Прыпяці. З пачатку вясны і да самага апошняга месяца лета на ёй «акальцоўваюць» птушак і вядуць іх улік. Гэтым займаюцца не толькі прафесійныя арнітолагі, але і валанцёры — аматары назірання за крылатымі.


"Галоўны кальцавальнік" навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі Павел Пінчук.

Небывалае мноства птушак на тураўскім лузе падахвоціла маладых арнітолагаў і ў тым ліку навуковага супрацоўніка айчыннай Акадэміі навук Паўла Пінчука набыць невялікі дом на ўскраіне Турава і арганізаваць у ім палявы арніталагічны стацыянар. За час існавання станцыі было акальцавана амаль 40 тысяч кулікоў — чыбісаў, траўнікаў, вялікіх вераценнікаў, кулікоў-сарок, зуйкоў, марадункаў, фіфі і іншых птушак. Сёлета, за месяц з невялікім, беларускія арнітолагі ўзялі на ўлік больш за 700 птушак, адных толькі баталёнаў — болей за паўтысячы. Цяпер разам з арнітолагам працуюць некалькі памочнікаў-добраахвотнікаў. Працы хапае ўсім. Пасткі для птушак пастаўлены ў розных месцах па залітым паводкай беразе Прыпяці і іх неабходна правяраць кожныя дзве гадзіны. За палявы сезон у Тураве працуюць дваццаць валанцёраў.

Заказнік «Тураўскі луг» з'яўляецца ўнікальным птушыным рэзерватам у Еўропе. Дзевяноста працэнтаў тэрыторыі заказніка затоплена вясновай паводкаю. На выспах збіраюцца сотні тысяч птушак. У Тураў едуць прадстаўнікі навуковых колаў і простыя назіральнікі (бёрдвотчары) з Вялікабрытаніі, Польшчы, Германіі, Францыі, Галандыі, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, і вядома, з нашай краіны. Усіх іх аб'ядноўвае інтарэс да маленькіх кулікоў.

Станцыя — гучна сказана, бо месціцца ў старой пасляваеннай хаце і зусім не нагадвае сучасную лабараторыю альбо навуковы цэнтр. Двор станцыі ў нечым падобны на падворак рыбака: на вяроўках вісяць сеткі, да сцяны паветкі прыстаўлены вёслы, на парозе сушацца боты-балотнікі, а за агароджай на беразе старога рэчышча сохнуць лодкі. І толькі дзве пазнакі сведчаць, што сядзіба мае дачыненне да арніталогіі: на веснічках намаляваны абрыс птушкі, а ў акне ролю фіранак выконваюць кардонкі з выявамі кулікоў.

— Мы працуем у палявых умовах і ўсё, што для работы нам патрэбна, — маем, — кажа кіраўнік станцыі і гаспадар сядзібы Павел Пінчук. — Пасткі для адлову, лодкі, каб трапіць на птушыны востраў, інструменты для кальцавання. У доме ёсць і мінімальныя бытавыя ўмовы — ложкі для адпачынку, душ, газавая пліта і нават печ. Маніторынг вядзецца круглыя суткі, і мы павінны быць заўсёды ў працоўнай форме.

Святая святых на станцыі — стол для кальцавання, ён знаходзіцца ў верандзе. На ім ляжаць пласкагубцы, лінейка, штангенцыркуль і мініяцюрная электронная вага. І шмат кольцаў — пластмасавых і алюмініевых, з маркіроўкамі і розных па колеры. Асноўныя аперацыі па кальцаванні праходзяць менавіта тут. Злоўленую птушку вязуць на станцыю ў баваўняным мяшэчку. Перад тым як кальцаваць, птушку аглядаюць, мераюць дзюбу штангенцыркулем, а крылцы — лінейкай, узважваюць і тады прымацоўваюць кольца на лапцы. Надзяваюць і па два кольцы, нават і па тры. Колькасць кольцаў залежыць не толькі ад віду куліка, але і ад яго рэдкасці. Усе замеры заносяцца ў спецыяльны журнал, кожнай птушцы прысвойваецца асабісты нумар, па якім можна лёгка даведацца, з якой краіны яна прыляцела.

— У мінулым годзе мы злавілі марадунку, якой было 17 гадоў, а сёлета ў пастку трапіў кулік-траўнік, якога мы ж і кальцавалі ў 2011-м, — кажа Павел Пінчук. — На пачатку вясны мы злавілі і акальцавалі куліка фіфі, узважылі, запісалі замеры ў журнал. Праз пару тыдняў зноў злавілі гэтую птушку і зноў узважылі і аказалася, што за гэты час кулік прыбавіў у вазе яшчэ на 50 грамаў. Гэта было для нас пацвярджэннем, што тураўскі луг з'яўляецца важнай кармавой базай для кулікоў у няблізкім шляху да месца гнездавання.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Жыткавіцкі раён

Загаловак у газеце: Куліковы «заручыны»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.

У свеце

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Блуканне па кілаватах. Чаму Літва загнала Прыбалтыку ў энергетычную яму?

Для краін Балтыі ралі цэн на электрычнасць стала ўжо амаль звыклай справай. 

Культура

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Дзе Якуб Колас сустрэўся з ваўком і чаму дзядзька Антось быў самотны

Трэцяга лістапада — дзень нараджэння класіка. 

Грамадства

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

Амаль кожны дзень на пажарах гінуць людзі. Як не стаць ахвярай агню?

З пачаткам ацяпляльнага сезона ў камунальных службаў работы дадаецца ў разы.