Вы тут

Асалода жывой вады


У кнізе Таццяны Мушынскай «Сад маіх успамінаў» (Мінск, выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2016) сабраныя дакументальная аповесць, паэзія, тэксты песень і рамансаў, падарожныя нататкі. Творы, розныя паводле жанру, зместу і часу напісання, аб’яднаныя адным — павагай да спадчыны і адданасцю творчай працы.


«Сад маіх успамінаў» — у гэтай назве ўсё сімвалічна. Успаміны, якія сапраўды «растуць» і даюць шчодры «ўраджай» цягам усяго жыцця — ураджай цяпла, досведу, мудрасці, радасці, а часам і светлай тугі.

У дакументальнай аповесці, што дала назву кнізе, Т. Мушынская распавядае пра сваіх продкаў: прабабуль-прадзедаў, імёны і постаці якіх не захавалі фотаздымкі, а таму яна імкнецца «захаваць іх у слове», і бабулю Марыю і дзеда Фёдара. Варта адзначыць, што ўспаміны аўтаркі сягаюць далей за складанне сямейнага альбома. Т. Мушынская знаёміць сучасных мінчукоў са сталіцай, якой яны яе ніколі не бачылі, — вёскай Грушаўкай, наваколлем губернскага Мінска. Гэтак жа, як і побыт і лад мыслення бабулі Марыі Іванаўны, выкладзеныя пісьменніцай у дакументальнай аповесці, — не толькі прыватная сямейная гісторыя, а адлюстраванне светапогляду некалькіх пакаленняў беларусаў. Т. Мушынская нібы запрашае «гарадскіх дзяцей і падлеткаў, якія вывучаюць мову па кнігах, творах літаратуры, а не ў жывым натуральным моўным асяроддзі», у свет аўтэнтыкі. Скрушныя эмоцыі выклікаюць параўнанні пісьменніцы штучна вывучанай мовы са смакам дыстыляванай вады: «нібыта і вада, нібыта і празрыстая, нібыта і смагу наталяе… А не калодзежная, не крынічная. Смаку сапраўднага — няма...». Найбольшая ж бяда ў тым, што многія творы сучаснай літаратуры створаны пакаленнем, якое не магло адчуваць «недыстыляваны» смак жывой народнай мовы, і ўслед за ім прыходзіць наступнае пакаленне, якое навучаецца беларускай мове па іх кнігах…

Шмат распавядае Т. Мушынская і пра людзей музычнага творчага асяроддзя: кампазітараў, спевакоў, артыстаў… Трапныя назіранні з добрай доляй гумару, што перадаўся, мабыць, у спадчыну ад краўчыхі бабулі Марыі. Аднак уздымаюцца і сур’ёзныя пытанні: «чаму адзін знаходзіць шчасце рэальна-зямное, а другі толькі летуценнатворчае? Першы варыянт грэе душу самому чалавеку і ягонай сям’і, другі прыносіць шчасце многім. А які шлях павінна выбраць жанчына, каб адчуваць гармонію з сабою і навакольным светам. І ці можна гэтыя шляхі — асабісты і творчы — спалучыць?». Адразу прыходзіць на памяць твор Алены Брава «Крупнік для музы», у якім даецца адназначны адказ на гэтае пытанне: не, спалучыць асабісты і творчы шляхі так, каб ва ўсім была гармонія і паўната самарэалізацыі, немагчыма.

Мабыць, паэтычны складнік кнігі (вершы, паэма, рамансы, песні) — своеасаблівая спробы пошуку гармоніі і раўнавагі, калі не ў свеце рэальнасці, то, прынамсі, у свеце псіхалагічнадухоўным: «Ратуюся ўласнымі вершамі...». Як любая жанчына творчай прафесіі жыве ўвесьчасна на ростанях, так лірычная гераіня Т. Мушынскай — паміж словам і музыкай. Нездарма і нізка вершаў называецца «Канцэрт для фартэпіяна і дажджу», дзе ў адну мелодыю зліваюцца радкі, ноты і наваколле. Менавіта так успрымае свет гераіня:

Сонца пазірае з-за хмар.

Самога сонца не відаць,

Відаць толькі ягоныя промні,

Подобныя на струны

Велізарнай чароўнай арфы,

Якія нацягнуты

Паміж небам і зямлёй.

І на гэтых струна-промнях

Летні дожджык весела й гарэзна

Іграе сваю шчаслівую мелодыю.

Музычныя алюзіі — амаль у кожным радку Т. Мушынскай. Магчыма, менавіта «музычнасцю» нават тых вершаў, якія не з’яўляюцца тэкстамі песень, тлумачыцца і іншая адметнасць: эмоцыі лірычнай гераіні розныя, але нават у выяўленні болю — не адчай безвыходнасці, а пяшчота, замілаванне, як ад прыгожай тужлівай мелодыі.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.