27 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Як «Звязда» пiсала гiсторыю (1965—1975)


Калi гартаеш падшыўкi «Звязды», язык не паварочваецца назваць «брэжнеўскi перыяд» эпохай застою. Час вельмi насычаны эмоцыямi, адкрыццямi, падзеямi — прыемнымi, уражальнымi, часам сумнымi. Буйныя будоўлi, узвядзенне новых гарадоў, рост прамысловасцi, з'яўленне першых камп'ютараў, пакарэнне космасу i гiбель Гагарына, развiццё навукi i адукацыi. Прысваенне Мiнску звання горад-герой, адкрыццё новых мемарыяльных комплексаў, звязаных з Вялiкай Айчыннай вайной. Ствараюцца музеi, ставяцца помнiкi, з'яўляюцца новыя беларускiя часопiсы, выдавецтвы «Беларуская энцыклапедыя» i «Мастацкая лiтаратура»... А можна яшчэ сказаць пра бясплатнае жыллё, нiзкiя камунальныя плацяжы, раздачу садовых участкаў. Залаты час!


Пётр Клi­мук на су­стрэ­чы з ве­тэ­ра­на­мi. Гэты здымак зроблены нашым фотакарэспандэнтам Яўгенам Пясецкім у ліпені 1974-га. Дарэчы, Яўген Віктаравіч працуе ў «Звяздзе» з 1971 года!

Ударныя буднi...

I як не ўспомніць пра барацьбу з дармаедамi i ўдарныя працоўныя буднi! Прычым заўсёды ёсць падстава для ўздыму насельнiцтва на новыя подзвiгi — чарговая юбiлейная дата. Напрыклад, гучныя заклiкi да нарошчвання тэмпаў вытворчасцi, стварэння новай (дадатковай, якаснай i г. д.) прадукцыi, сацыялiстычных спаборнiцтваў у 1967-м звязаны з наблiжэннем юбiлею Кастрычнiцкай рэвалюцыi, у 1970-м — прысвечаны стагоддзю з дня нараджэння Ленiна. Нават запускаюцца спецыяльныя праекты, рубрыкi, каб паказаць, як кожнае прадпрыемства годна рыхтуецца да такiх падзей, выпускаюцца новыя тавары, вядзецца праца над «канструкцыяй рэчы». Так, з сярэдзiны 60-х «Звязда» часта ўздымае тэму якасцi: «Сучасны этап развiцця эканомiкi — гэта не толькi колькасны рост прадукцыi, але i высокiя патрабаваннi да яе даўгавечнасцi, надзейнасцi i моцнасцi».

Па старонках «Звязды» можна пiсаць гiсторыю прадпрыемстваў — тут багата рэпартажаў з iх будоўляў, вытворчых цэхаў, канструктарскiх бюро, расказваецца, як выкарыстоўваюцца электронныя вылiчальныя машыны. Напрыклад, у лютым 1965-га газета пісала пра самы першы электрычны наручны гадзiннiк, якi плануе выпусцiць Мiнскi гадзiннiкавы завод. Пакуль у прадпрыемстве ён у адзiным экзэмпляры, гэта доследны ўзор, яму мяркуюць даць назву «Прамень». А яшчэ можна сачыць за эвалюцыяй рэчаў, побыту. Так, у 60-х на змену нязручным цяжкiм прасам прыходзяць новыя — прыгожыя, з тэрмарэгулятарам. У гэты ж час папулярнасцю карыстаюцца (прычым на прасторах усяго Саюза) халадзiльнiкi «Мiнск-2», сярод пераваг якiх не толькi нiжэйшая вага, большы аб'ём, але i новыя для таго часу «прыбамбасы» — асвятленне, якое аўтаматычна ўключаецца пры адкрываннi, i з'яўленне палiчак на панэлi дзвярэй.

Мiж iншым, пазнаёмiцца з таварамi, што ў нас выпускаюцца, можна было на выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркi БССР. Цудоўны будынак з палiраванага шкла i сталёвых канструкцый на вулiцы Янкi Купалы пачаў дзейнiчаць са снежня 1967-га. «Наведвальнiкi бачаць сусветна вядомую прадукцыю беларускiх станкабудаўнiкоў. Гэтыя экспанаты выйшлi з заводскiх цэхаў зусiм нядаўна. Шырока прадстаўлены вырабы дрэваапрацоўчай i папяровай прамысловасцi, прамысловасцi будаўнiчых матэрыялаў, лёгкай, харчовай, хiмiчнай i iншых галiн прамысловасцi. Каля 600 экспанатаў адлюстроўваюць працу нашых вынаходнiкаў i рацыяналiзатараў... Вялiкi раздзел ВДНГ прысвечаны развiццю навукi, адукацыi, культуры Беларусi», — расказвала «Звязда» пра адкрыццё ў 1970 годзе новай экспазiцыi, якую наведалi кiраўнiкi кампартыi i ўрада Беларусi на чале з Пятром Машэравым.

Калi ў папярэднiя дзесяцiгоддзi «Звязда» са сваiх старонак заклiкала да культуры абслугоўвання, цяпер яна апавядае пра значныя зрухi. Ужо ў 60-х прадаўцы абходжваюць клiентаў, усмiхаюцца, дапамагаюць падбiраць фасончык. Гандаль становiцца больш мабiльным: латочнiкаў з рознымi таварамi можна сустрэць «у заводскiм цэху, палявым стане, на вулiцы», прадукты дастаўляюцца на дом. «Звыклым стаў чырвоны вымпел над рабочым месцам прадаўца з надпiсам «Вас абслугоўвае ўдарнiк камунiстычнай працы». Гэта — дакумент на ветлiвасць, чуласць, увагу», — пiсала газета.

У 67-м уздымаецца пытанне пра неабходнасць стварэння новых магазiнаў — дамоў мэблi.У газеце знаходжу матэрыял, дзе паведамляецца аб праекце для такога будынка па вулiцы Веры Харужай: «Разам з крытым рынкам (а ён будзе) i iншымi размешчанымi побач гандлёвымi будынкамi «Дом мэблi» складзе адзiны ансамбль вялiкага гандлёвага цэнтра Мiнска».

У 70-х ствараюцца новыя навуковыя iнстытуты, «вышынi ў навуцы — рэвалюцыя ў тэхнiцы» — вяшчаюць загалоўкi. Дарэчы, у гэты час расце цiкавасць да прафесii эканамiста, павялiчваюцца конкурсы сярод абiтурыентаў, якiя выбiраюць гэты кiрунак. Больш за тое, у краiне вядзецца праграма пад дэвiзам «эканамiчныя веды — усiм працоўным», маўляў, гэта будзе спрыяць развiццю вытворчасцi. Прычым такiя заняткi ладзяцца на прадпрыемствах не толькi для асоб, якiя займаюць кiруючыя пасады, але i для простых работнiкаў.

I, вядома ж, тагачасныя газеты — гэта галерэi партрэтаў людзей, якiя стваралi, давалi двайныя нормы, былi прыкладам для iншых работнiкаў. Вельмi хацелася б адшукаць хоць каго-небудзь з герояў тых матэрыялаў. Цiкава, як склаўся iх лёс, што змянiлася ў жыццi пасля публiкацыi ў «Звяздзе», цi iшлi на iх адрас пачкамi лiсты ад чытачоў. Шаноўныя, адгукнiцеся!

П. Ма­шэ­раў пры­ма­цоў­вае ор­дэн Пра­цоў­на­га Чыр­во­на­га Сця­га да сця­га га­зе­ты «Звяз­да».

...I прадуманы адпачынак

Толькi з сакавiка 1967 года ўводзiцца пяцiдзённы працоўны тыдзень, а вось дзiцячыя садкi працягваюць працаваць i па суботах.

Адразу «рабочы тыдзень з двума выхаднымi паставiў на парадак дня нямала пытанняў, звязаных з арганiзацыяй адпачынку рабочых i служачых». Зменены графiк работы культурна-асветных устаноў, каб заняць працоўных. На прадпрыемствах распрацаваны мерапрыемствы, якiя прадугледжваюць «павышэнне якасцi, зместу i разнастайнасцi форм работы», сярод якiх «уцягненне рабочых i служачых ва ўсе формы навучання, далейшае развiццё фiзiчнай культуры, спорту i турызму, арганiзацыя экскурсiй i паходаў».

Гараджане iмкнуцца выбрацца за горад: адны з клункамi на садовы ўчастак, iншых (i iх колькасць хутка расце) вабiць турызм. Нават узiмку людзi не затрымлiваюцца дома: кожную нядзелю сотнi аматараў актыўнага адпачынку выбiраюцца з Мiнска на спецыяльным лыжным поездзе.

Вядзецца актыўнае будаўнiцтва санаторыяў, дамоў адпачынку i стацыянарных турысцкiх баз, узводзiцца «беларускi Артэк».

Хутка развiваецца шырокафарматны кiнематограф: прычым да канца 60-х на вялiкiх экранах фiльмы глядзяць не толькi ў буйных гарадах, але i ў Бабруйску, Баранавiчах, Светлагорску, Слуцку. Мiльёны рублёў штогод дзяржава ўкладае ў развiццё кiнасеткi. Усяго за чатыры гады з нуля да васьмiсот вырастае колькасць кiнаўстановак у вёсках. Ды i блакiтныя экраны ўсё часцей пачынаюць збiраць вакол сябе жыхароў малых гарадоў i вёсак, да сярэдзiны 70-х тэлевiзары працуюць ужо на 90 працэнтах тэрыторыi Беларусi.

А вось чаго не знойдзеш у падшыўцы, дык гэта тэкстаў пра моду i забавы савецкага чалавека. Быццам нiхто ў нас i не фанацеў ад «Бiтлоў», не круцiўся ў твiсце, не захапляўся аўтарскай песняй. На газетных здымках людзi ў звычайнай працоўнай вопратцы, рэдка дзе прамiльгне модная сукенка цi ўбачыш жанчыну з шыкоўнай прычоскай. Але не трэба думаць, што ў той час людзi жылi шэра, сцiпла. У 1968 годзе газета пiсала: «Завiтаўшы сёння, напрыклад, у магазiн, пакупнiк, гаворачы мовай работнiкаў прылаўка, «рыецца». I правiльна робiць. Яго не задавальняюць тканiны невыразных колераў, адзенне дапатопнага пакрою. Яму хочацца набыць рэч прыгожую, модную, зручную».

Як бачыце, жанчыны сачылi за модай, а мужчыны iх песцiлi. Варта толькi паглядзець, якiя рэкламныя аб'яўкi давала газета. Вось якiя падарункi плануюць набыць жанчынам да 8 Сакавiка ў сярэдзiне 60-х: гадзiннiкi, тканiны, вопратку, сумкi, парасоны, посуд, бытавыя i электрапрыборы (сярод якiх транзiстары i фотаапараты), касметыку, упрыгажэннi, грампласцiнкi, музычныя iнструменты, цукеркi i шакаладкi, альбомы для фатаграфiй i паштовак, панчохi з эластычнага капрону. Ладзяцца выстаўкi-продажы, прымаюцца заказы на папярэдняе камплектаванне падарункаў, iх упрыгожанне i дастаўку дадому. Зазываюць клiентаў атэлье i фотасалоны. Прычым апошнiя прапануюць скарыстацца новай паслугай — зрабiць «фотапартрэты пад плёнкай тыпу «Палех» i аб'ёмныя каляровыя фота (шараскопы)». А бюро бытавых паслуг камбiната надомнай працы наогул гатова прыбраць дом, прыгатаваць ежу, заняцца рамонтам кватэры, дагледзець дзяцей, пазаймацца з адстаючымi вучнямi цi навучыць малых i дарослых замежным мовам.

Рас­па­чы­на­ец­ца пе­ра­пiс на­сель­нiц­тва.

Самакiраванне

Не трэба забывацца, што ў гэты час многа рабiлася для таго, каб вырашаць «кватэрнае пытанне». Прычым з размахам. Вось што пiсала газета ў 1968 годзе: «За пяцiгодку намячаецца пабудаваць 14 мiльёнаў квадратных метраў жылой плошчы... За пяць гадоў будзе спраўлена 500 тысяч наваселляў. Паўмiльёна сем'яў атрымае жыллё з самай таннай у свеце кватэрнай платай! Амаль кожны чацвёрты грамадзянiн нашай рэспублiкi атрымае новую кватэру або палепшыць свае жыллёвыя ўмовы!»

Дарэчы, у 1970-м праводзiцца пяты Усесаюзны перапiс насельнiцтва. Паводле яго даных, колькасць насельнiцтва БССР склала 9 млн 3 тыс. чалавек.

Мiж iншым, самi людзi дбаюць пра парадак у мясцiнах, дзе жывуць. Грамадскiя дамавыя камiтэты выходзяць на нядзельнiкi — каля новых дамоў добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, убiраюць цэглу, што засталася ад будоўлi, бяруць удзел у прыёмцы дамоў пасля рамонту, садзяць дрэвы. Яны ж ствараюць гурткi для дзяцей i дарослых, вядуць спартыўную работу i школы здароўя, дзе чытаюцца пэўныя лекцыi, наладжваюць аздараўленчыя паездкi за горад i нават сочаць за парадкам i паспяховасцю дзяцей — ладзяць конкурсы на званне найлепшага вучня.

Будуюцца садкi i школы, вучэбныя карпусы i iнтэрнаты для студэнтаў.

Мяняецца аблiчча вёскi. Ужо ў пачатку 70-х тут можна ўбачыць двух- i нават чатырохпавярховыя дамы. «Кварталы прыгожых белакаменных дамоў з балконамi i лоджыямi. Шырокiя вулiцы, залiтыя ў люстэркавы асфальт. Газоны, кветнiкi. Неонавыя лiхтары на белых ажурных слупах. Горад, скажаце. Так, горад. Ён прыйшоў у сённяшнюю нашу вёску з усёй сваёй добраўпарадкаванасцю i атрыбутамi побыту, прынёс з сабой водаправод, газ, каналiзацыю. Ванныя пакоi, цэнтральнае ацяпленне», — пiсала газета. Яна расказвала, як у вёсках будуюцца дамы культуры, гандлёвыя цэнтры, як павялiчваецца попыт калгаснiкаў на розныя тавары. «Тэлевiзар, пральная машына, халадзiльнiк — рэчы, без якiх сёння сельскi жыхар не ўяўляе свайго побыту».

Дарэчы, у гэты час узяты курс на стварэнне ў калгасах буйных мяса-малочных комплексаў, шмат зроблена па спецыялiзацыi i канцэнтрацыi вытворчасцi, укараненнi механiзацыi.

Ад­крыц­цё пом­нi­ка Ян­ку Ку­па­лу.

Круглыя даты

Па падшыўках 1965—1975 можна вывучаць гiсторыю нашай краiны пачынаючы з 1917 года. Напрыклад, напярэдаднi 50-годдзя Кастрычнiцкай рэвалюцыi пад рубрыкай «Эстафета векапомных гадоў» на працягу некалькiх месяцаў даюцца матэрыялы, якiя расказваюць пра розныя этапы станаўлення, развiцця нашай краiны. Багата архiўных здымкаў, прычым сярод iх — i зробленыя ў даваенны час. Можна пераасэнсоўваць гiстарычныя падзеi, даваць розныя ацэнкi «сацыялiстычнаму будаўнiцтву», але нельга не заўважаць i тых станоўчых зрухаў, што адбылiся пасля рэвалюцыi. Барацьба з непiсьменнасцю, стварэнне даступнай для ўсiх медыцыны, тэхнiчнае пераўзбраенне — расказ пра ўсё гэта можна знайсцi ў газетах за 1967 год. Часта побач ставяцца здымкi па прынцыпе «як было i як стала». Напрыклад, газета пiсала: «Старажылы памятаюць, наколькi адсталай была наша дакастрычнiцкая Беларусь. У гарадах — дапатопныя станкi i прымiтыўныя прыстасаваннi, на полi — саха». А праз кароткi час — гэта складаныя станкi на заводах, трактары — у палях, барацьба за навукова-тэхнiчны прагрэс. Нельга забывацца пра стваральную, я б нават сказала натхняльную, працу папярэднiх пакаленняў. Людзi шчыра верылi, што працуюць на карысць сваёй краiны.

Уражвае, як хутка ўсё мянялася, аднаўлялася пасля вайны... «Мiнск, у мiнулым горад конкi, вузкiх i брудных вулачак i непрыглядных дамоў, да таго ж ушчэнт разбураны ў час Вялiкай Айчыннай вайны, ператвораны ў адзiн з прыгажэйшых гарадоў Савецкага Саюза. Рукамi мiнчан ствараюцца аўтамабiлi, станкi, дакладныя прыборы, абсталяванне для самых розных галiн народнай гаспадаркi i многiя iншыя вырабы».

Па падшыўках раскiдана багата тэкстаў, звязаных з Вялiкай Айчыннай. Гэта i iнтэрв'ю з ветэранамi, i даследаваннi вучоных, i ўспамiны самiх удзельнiкаў вайны, i здымкi, зробленыя як у час вайны, так i ў днi вызвалення Беларусi.

Паўстагоддзя назад нашым калегам не даводзiлася сумаваць. У маi 1967-га  яны асвятлялi святкаванне 900-годдзя Мiнска.

У жнiўнi было 450-годдзе беларускага кнiгадрукавання. Тады ў «Ленiнцы» адкрылася выстаўка кнiг, якiя выдавалiся ў Беларусi за мiнулыя стагоддзi, у тым лiку ў экспазiцыi бiблiятэкi былi прадстаўлены вельмi рэдкiя выданнi Ф. Скарыны, пiсьменнiкi i вучоныя на розных канферэнцыях спрачалiся, якое iмя павiнна быць у Скарыны — Францыск цi Георгiй, а ў Полацку прайшло вялiкае свята — горад быў упрыгожаны палотнiшчамi, якiя ўсхвалялi «сына Полацкай зямлi», у дамах культуры, музеях, бiблiятэках i клубах праводзiлiся тэматычныя вечары, гутаркi, чытанне дакладаў. На ўрачыстым пасяджэннi, прысвечаным 450-годдзю беларускага кнiгадрукавання, у прэзiдыуме сядзелi вучоныя i знакамiтыя пiсьменнiкi (сярод якiх Кандрат Крапiва, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка), у гэты ж час усталяваны мемарыяльны камень на месцы будучага помнiка нашаму першадрукару.

I, вядома, у 1967-м наша «Звязда» сустрэла паўвекавы юбiлей. У Беларускiм дзяржаўным акадэмiчным Вялiкiм тэатры оперы i балета адбыўся ўрачысты сход грамадскасцi Мiнска, прысвечаны 50-годдзю з дня выхаду першага нумара газеты, а таксама ўручэнню ёй высокай урадавай узнагароды — ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Прычым да сцяга «Звязды», якi вынеслi рэдактар газеты В. А. Пыжкоў, памочнiк майстра Вiцебскага дывановага камбiната, Герой Сацыялiстычнай Працы П. Д. Клiмкоў, друкар друкарнi «Звязда» М. Г. Баркун, прымацаваў яе першы сакратар ЦК Кампартыi Беларусi Пётр Машэраў. У сваёй прамове Пётр Мiронавiч заўважыў: «Прафесiя савецкага журналiста як бы злучае ў сабе складанасць i адказнасць працы партыйнага работнiка з працай лiтаратара. Журналiст заўсёды знаходзiцца ў гушчынi жыцця, нярэдка з'яўляецца i першаадкрывальнiкам праблем, i барацьбiтом за iх практычнае вырашэнне. Да савецкага журналiста, як да партыйнага работнiка, звяртаюцца людзi па параду, падтрымку i дапамогу. Ён павiнен валодаць здольнасцю так аналiзаваць пачутае i ўбачанае i так супастаўляць факты i думкi, адбiраць самае iстотнае i тыповае, каб з усёй масы iнфармацыi, якую ён атрымаў, рабiць аб'ектыўныя i правiльныя вывады». Яго словы актуальныя i сёння.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

Настаўнік на пенсіі «знайшоў сябе» ў краме моднага адзення

«Суседка думае, што я нейкі дзівак, бо заўсёды ўсміхаюся».

Грамадства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Як адбіраюць нацыянальную каманду на конкурс ваеннага майстэрства

Вайскоўцы-кантрактнікі змагаюцца за права прадставіць нашу краіну на «Воіне Садружнасці — 2017».

Грамадства

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

З чым звязана няўпэўненасць педагогаў у заўтрашнім дні?

У канцы жніўня ў краіне адбудзецца Рэспубліканскі педагагічны савет.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на рэпетыцыі ваеннага парада

Ён адбудзецца на Дзень Незалежнасці ў Мінску.