Беларускія мультыплікатары заўсёды спрабавалі ствараць энцыклапедыі — беларускай казкі, беларускага жыцця, беларускіх людзей. Менавіта за гэтую шчырасць у паказе сябе і свайго народа нашы аніматары атрымлівалі прэстыжныя ўзнагароды.
На радзіме мастака
Сапраўднай падзеяй айчыннай анімацыі стала стужка «Марк Шагал. Пачатак» (2016, рэжысёр Алена Пяткевіч), якая адлюстроўвае беларускі перыяд біяграфіі мастака, жыццё ў Віцебску. Аўтар сцэнарыя Д. Якутовіч пабудаваў сюжэт як успамін майстра. Фільм пачынаецца моцнай метафарай: Шагал стаіць на вяршыні гары, што сімвалізуе заканчэнне вялікага і складанага шляху. Ён бачыць космас, месяц, родны Віцебск. Вось месяц хістаецца нібы ківач і паўстае ў выглядзе маленькага люстэрка, якое прамянее чароўным святлом і адлюстроўвае твар маленькага Шагала. Герой быццам свабодна пераходзіць з аднаго часу ў іншы. Вядома, што ў дзяцінстве Шагал баяўся цемры, з якой паўставалі таямнічыя і фантастычныя вобразы. Але па карцінах відаць, што ён не адрываўся ад зямлі і распавядаў гісторыю свайго часу.
Такім шляхам пайшлі і аўтары беларускай стужкі — злучылі фантазію з рэальнасцю. Складанасць была ў тым, што яны не мелі права карыстацца дакладнымі візуальнымі цытатамі са славутых карцін, таму ўсе персанажы (а іх больш за пяцьдзясят) створаны асабістым уяўленнем і фантазіяй аўтараў. Грунтоўнай асновай сталі аўтабіяграфія «Маё жыццё» Шагала, яго жывапіс і графіка. У стужцы суіснуюць разнастайныя тэхнікі: перакладка, графіка, жывапіс, які прамянее любімымі фарбамі Шагала — залатым і ліловым. Менавіта творчая рызыка і талент мастака А. Мацюшэўскай далі фільму незвычайны і яркі вобраз Шагала — з мудрагелістым разрэзам вачэй, з тварам-маскай, за якой хаваецца сам творца. Толькі выразныя вочы выглядваюць з-за маскі і ажыўляюць яе. Па сутнасці, маска сімвалізуе ідэю сну і анімаваных сноў мастака.
Кожны кадр фільма насычаны паэзіяй — глядач атрымлівае асалоду ад матавага бляску бронзы і ценяў ад старых вагаў. Застаецца ў памяці вобраз бацькі, грузчыка ў рыбнай краме, з тварам біблейскага прарока. Выклікаюць добрую ўсмешку цётачкі Муся, Гуця і Хая, якія цвыркаюць, пырхаюць і лётаюць, як стракозы. Прыгожая Бэла, славутая муза мастака, з’яўляецца эпізадычна, як юнацкая мара. Услед за Шагалам аніматары візуалізуюць габрэйскі фальклор, замяшаны на глебе Віцебска. І людзі, і жывёліны — бык, конь, голуб — усё ідзе ад казак. Адначасова з тапанімічнай дакладнасцю паказаны старыя пахіленыя домікі, вежы царквы, школа Юдэля Пэна, родны дом з чырвонай цэглы на Пакроўскай вуліцы. Але і гэтыя вобразы адсылаюць да абагульненай міфапаэтыкі Шагала, у карцінах якога Віцебск набывае біблейскі выгляд Іерусаліма. Тут у гармоніі існуюць людзі і жывёлы, мастацтва і побыт.
У творах Шагала і ў стужцы беларускіх аўтараў адчуваецца ўплыў хасідызму як самага містычнага, ірацыянальнага руху іудаізму. Яго неад’емнымі рысамі былі танцы і песні, праз якія хасід выказваў радасць Боскай прысутнасці. Адсюль у фільме яркая і насычаная гукавая стыхія, блізкая да карнавальнай. Прафесійны музыказнаўца Соф’я Пяткевіч стварыла дынамічную і адначасова празрыстую партытуру, дзе клезмерскія і сінагагальныя найгрышы і напевы злучаюцца з барочнай музыкай і рэг-таймам. На ролю закадравага апавядальніка быў абраны Дзмітрый Астрахан: на думку рэжысёра, ён падобны да Іосіфа Бродскага, з асаблівым менталітэтам, з саркастычным стаўленнем да жыцця. Гукарэжысёр Уладзімір Сухадолаў працаваў тут, па сутнасці, на ўзроўні маштабнага мастацкага фільма. Наогул, аўтары выразна адлюстравалі віцебскі космас Шагала — у яго жыцці і карцінах.
Стужкі — у свет
На сёння беларуская анiмацыя прысутнiчае ў беларускай культуры як адметная сацыяльна-мастацкая з’ява, як паўнавартасная частка беларускага экраннага мастацтва. Яна ўключае ў сябе, як гэта адбываецца ва ўсім свеце, прыкладную, камерцыйную і аўтарскую плыні. Прыкладная анімацыя выкарыстоўваецца ў вытворчасці відэакліпаў і камп’ютарных гульняў. Камерцыйная анімацыя з’явілася ў айчыннай экраннай культуры з самага пачатку свайго існавання, калі мультыплікацыйныя фрагменты ўключаліся ў дакументальныя ці ігравыя стужкі. Цяпер яна існуе ў выглядзе рэкламы, сацыяльных ролікаў, мультсерыялаў, відовішчных камерцыйных фільмаў, тэлеі відэаперадач, вучэбна-асветніцкіх і рэкламных фільмаў, камп’ютарных праграм. Прыклад новых тэндэнцый — цыкл сацыяльных ролікаў «Не гуляйце з агнём!», зроблены А. Туравай і М. Карпавай. Зараз у айчыннай анімацыі захоўваецца адносная раўнавага ўсіх напрамкаў, магістральных шляхоў мастацтва. Але галоўная тэндэнцыя беларускай анімацыі пачатку ХХI стагоддзя — рух да камерцыялізацыі. Аўтарскі пачатак, эксперымент адыходзяць на перыферыю галіны. Беларуская анімацыя павольна, але ўпэўнена рухаецца да наладжанай сістэмы індустрыі. Сучасны шлях анімацыі звязаны з сумеснымі творчымі праектамі, якія камерцыйна значныя, маюць магчымасць выхаду на еўрапейскі рынак. Для гэтага ёсць сфарміраваная група рэжысёраў, мастакоў, аператараў.
Пашыраецца сумесная вытворчасць, так званая капрадукцыя: айчынныя майстры працуюць са студыямі і прадзюсарамі Расіі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Японіі: гэта У. Пяткевіч, В. Казлоў, М. Тумеля, І. Воўчак. Так, У. Пяткевіч пастаянна бярэ ўдзел у сумесных праектах з Расіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай: стужкі «Чарапаха, якая заваявала павагу» (Расія, Вялікабрытанія, ПАР, 2001), «Слон і чацвёра сляпых» (Францыя, 2005). М. Тумеля таксама працуе на іншых кінастудыях. Так, у 1998 — 2000 гг. ён працаваў па кантракце на анімацыйных студыях у Маскве, Портлендзе (ЗША) і Сеуле (Паўднёвая Карэя), у 1992 — 1993 гг. вёў заняткі па асновах анімацыі на курсах пры кінастудыі «Троіцкі мост» (Санкт-Пецярбург).
Яскравая прыкмета творчай сталасці айчынных аніматараў — іх удзел у велізарным расійскім анімацыйным праекце асветнага значэння «Гара самацветаў», які складаецца з 52 фільмаў. Кіраўніком яго быў славуты стваральнік студыі «Пілот» А. Татарскі, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. У рамках праекта былі зроблены стужкі «Салавей» (2005) І. Кадзюковай, «Хлопчык-з-пальчык» (2006) І. Воўчака, «Шыш» (2006) і «Мядзвежыя гісторыі» (2007) М. Карпавай. Створаны па матывах татарскай казкі «Салавей» стаў адной з самых лірычных і прыгожых карцін цыкла дзякуючы мастаку Д. Сурыновічу. У сюжэце — адвечнае супрацьстаянне каштоўнасцяў: жыццё ў пазалочанай клетцы або свабода. «Хлопчык-з-пальчык» інтэрпрэтуе вядомую казку па-новаму. Насатая і вірлавокая бабка сячэ капусту, і ад яе адсечанага мезенца нараджаецца хлопчык, які стамляе ўсіх сваім клопатам і апекай. Багаты пан купіў хлопчыка, але ваўкі забралі яго з сабой. Наступная прыгода: хлопчык крычыць у зяпе ваўка і тым выратоўвае авечак. Малюнак нагадвае часопісны комікс з дакладным контурам.
Мастацтва выяўлення
Сярод сумесных праектаў вылучаецца стужка «Мюнхгаўзен у Расіі» (2006), зробленая аніматарамі кінастудыі «Беларусьфільм» і «СМ-Фільм» (Расія) рэжысёрамі У. Пяткевічам і А. Кацялеўскім, мастакамі Д. Сурыновічам і А. Лапотка. Была прапанавана новая версія фантастычных апавяданняў Э. Распэ пра прыгоды знакамітага выдумшчыка і фантазёра. Вецер вандраванняў заносіць яго ў Расію. Тут ён трапляе ў вёску, дзе яго сустракаюць па ўсіх законах рускай гасціннасці. Славуты сюжэт прывабіў у свой час шмат якіх мастакоў, напрыклад, знакамітага Карэла Земана, чэшкага майстра лялечнай тэхнікі. Сучасная стужка таксама багатая на гумарыстычнае штукарства.
У актыве беларускіх рэжысёраў — плённая праца ў праекце «Казкі старога піяніна». Праект прысвечаны вядомым кампазітарам і ствараецца сумесна с расійскай студыяй «М. І. Р» (ініцыялы генеральнага прадзюсара студыі Ірыны Рафаілаўны Марголінай). У стужцы «Казкі старога піяніна. І. С. Бах» рэжысёра А. Пяткевіч біяграфія славутага кампазітара перакладзена на метафарычную маляўніча-гукавую мову. Вытанчаная пластыка, далікатны малюнак і шматслаёвая анімацыйная прастора адпавядаюць складанаму свету класічнай музыкі. Запамінаецца вобраз вялікага дрэва, якое моцнымі каранямі трымаецца за зямлю, а галінамі цягнецца да неба. На кроне дрэва бачныя партрэты людзей — шматлікіх прадстаўнікоў славутага роду Бахаў. У дрэвы ператвараюцца і трубы велічнага аргана (любімага інструмента Баха), якія таксама скіраваныя да неба. Другі сімвал фільма, які заўсёды суправаджаў Баха, — рыба. Менавіта рыба была таемным знакам для першых хрысціян. У жыцці кампазітара таксама было шмат выпрабаванняў, але вера заўсёды асвятляла яго жыццё спакоем. За мастацкія якасці фільм быў адзначаны расійскай прэміяй «Залаты арол», што стала для А. Пяткевіч не выпадковасцю, а заканамернасцю. Ужо яе дыпломная стужка «Лафертаўская макаўніца» атрымала ўзнагароды самых аўтарытэтных сусветных фестываляў, у тым ліку «анімацыйных Канаў» у Анэсі (Францыя).
Стужка «Казкі старога піяніна. Фрэдэрык Шапэн» Ірыны Кадзюковай нясе элегічную танальнасць. Скрозь гукі бліскучых вальсаў, эцюдаў, паланэзаў паступова выяўляюцца трагічныя рысы музыкі і аблічча Шапэна. Візуальная стылістыка, знойдзеная выдатным мастаком Д. Сурыновічам, — акварэльныя фарбы і вуглаватая далікатнасць тэхнікі перакладкі — быццам пераклікаецца з абліччам самога Шапэна і музычнай стылістыкай яго твораў. У стужцы выкарыстаны малюнкі Шапэна, Жорж Санд, Паліны Віярдо, Марыі Вадзіньскай, Тэафіла Квяткоўскага, а таксама тэксты лістоў Шапэна і Жорж Санд. Па сутнасці, у межах невялікага фільма рэжысёр правяла ўласны дослед жыцця кампазітара і дакументаў эпохі ў мэтах рэканструкцыі гістарычнага часу і біяграфіі вялікага паляка. Атрымаўся тонкі і пранікнёны фільм у жанры «эмацыйнай біяграфіі» з нехрэстаматыйным прачытаннем лёсу вялікага кампазітара.
Антаніна КАРПІЛАВА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.