Вы тут

Маленькі прынц загаварыў па-беларуску


У суботу мне пашчасціла паглядзець у кінатэатры «Масква» французскі мультфільм «Маленькі прынц» у беларускай агучцы. Пасля прагляду яшчэ хвілін 20 стаяла ў чарзе па кнігу Антуана дэ Сент-Экзюперы на роднай мове. Дадому я вярнулася шчаслівая, ажно з трыма асобнікамі: для сябе, хрэсніцы і пляменніка.


Малюнак беларускай мастачкі Ганны СІЛІВОНЧЫК.

Пераклады «Маленькага прынца» існуюць на 300 мовах і дыялектах. Па-беларуску гэтая кніга была выдадзена ў 1989-м у перакладзе Ніны Мацяш. Цяпер толькі некалькі экзэмпляраў з таго тыражу даступныя для чытачоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Таму ў межах серыі «Добрая кніга» пры падтрымцы кампаніі velcom з'явілася перавыданне «Маленькага прынца» на беларускай мове. Значную частку тыражу плануецца перадаць у школьныя бібліятэкі.

Калі я набывала «Маленькага прынца», хтосьці з чаргі запытаўся, ці будуць кнігі прадавацца ў кніжных крамах. На што прадавец сказаў: «Наўрад, бо ўвесь тыраж, хутчэй за ўсё, разляціцца, як гарачыя піражкі, на паказах мультфільма». Дарэчы, персанажы апошняга загаварылі па-беларуску галасамі такіх акцёраў, як Ганна Хітрык, Святлана Цімохіна, Зміцер Бейнарт-Саладуха, Павел Харланчук, Сяргей Жбанкоў, Уладзімір Глотаў.

Акрамя Мінска, сустрэчы з «Маленькім прынцам» чакаюць жыхароў некаторых абласных цэнтраў. За ліпень і жнівень арганізатары плануюць паказаць мультфільм у Гродне, Магілёве і Гомелі. Наступныя паказы ў Мінску плануюцца ў канцы жніўня — пачатку верасня. Каб не прапусціць іх, можна пакінуць свае даныя на kіnakong.by.


Цікавыя факты пра Маленькага прынца і яго аўтара

  • Знакаміты пісьменнік і авіятар нарадзіўся 29 чэрвеня 1900 года. Паказы мультфільма якраз і прымеркаваныя да дня нараджэння Антуана дэ Сент-Экзюперы.
  • «Маленькі прынц» — трэцяя па колькасці перакладаў кніга ў свеце пасля Бібліі і Карана. У красавіку 2017 года выйшаў пераклад на трохсотую мову: хасанія (на ёй размаўляюць у Заходняй Сахары). Гэтая мова, не вельмі вядомая шырокай публіцы, мела сімвалічнае значэнне для Антуана дэ Сент-Экзюперы, таму што менавіта на поўдні Марока, дзе гавораць на хасаніі, аўтар знакамітай казкі чэрпаў натхненне.
  • Казка, апублікаваная ў 1943 годзе, была прададзеная ў свеце тыражом у больш як 200 мільёнаў асобнікаў.
  • Леон Верт, якому прысвечана кніга, прачытаў яе толькі праз 5 месяцаў пасля смерці аўтара.
  • Знакаміты афарызм з кнігі: «Відушчае толькі сэрца. Самага галоўнага вачыма не ўбачыш», — перапісваўся і мяняўся Экзюперы больш за 15 разоў.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.