19 Верасень, серада

Вы тут

Сумесная вытворчасць МАЗа з В'етнамам запрацуе ў лістападзе


Дэлегацыя на чале з намеснікам прэм'ер-міністра В'етнама Фам Бінь Мінем азнаёмілася з мадэльным радам тэхнікі Мінскага аўтазавода. Акрамя таго, гасцям паказалі і іншыя распрацоўкі вядучых прамысловых прадпрыемстваў краіны: МТЗ, «Амкадора», ММЗ, «Мотавела» і «Гомсельмаша».


Асаблівую цікавасць госці праявілі да тых мадэляў, што ўжо адпавядаюць умовам эксплуатацыі ў В'етнаме. Ад МАЗа гэта былі аўтобусы невялікай ёмістасці, ад МТЗ — трактары, якія ўжо былі дапрацаваны па заяўках заказчыка. Гаворачы аб тэхніцы МАЗа, намеснік прэм'ер-міністра В'етнама падкрэсліў, што рашэнне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства ў В'етнаме з'яўляецца выйгрышным крокам для ўсіх бакоў, бо гэтая тэхніка ў яго краіне даўно ўжо карыстаецца папулярнасцю. Для дэлегатаў важным з'яўляецца таксама і тое, што беларускі бок абавязаўся займацца лакалізацыяй вытворчасці. Гэта азначае, што в'етнамскія прадпрыемствы змогуць вырабляць камплектуючыя для сваіх МАЗаў самастойна. Чакаецца, што ўзровень лакалізацыі да 2020 года дасягне 40%. Нашай краіне гэта дазволіць бяспошлінна прадаваць беларускія грузавікі як у В'етнаме, так і ў 9 іншых краінах АСЕАН. Генеральны дырэктар МАЗа Дзмітрый Кацярыніч растлумачыў, што беларуская доля статутнага фонду ў сумесным прадпрыемстве складае 30%. Пры гэтым мы дзелімся тэхналогіямі і прадукцыяй. За свае 70% азіяцкія партнёры праінвеставалі стварэнне прадпрыемства.

«Мы вывучылі рынак, правялі маркетынгавыя даследаванні і разам з нашымі в'етнамскімі партнёрамі абралі тыя мадэлі тэхнікі, якія неабходныя ў першую чаргу. У В'етнаме ўведзены новы стандарт, які патрабаваў змяніць габарыты нашай тэхнікі. Таму прыйшлося распрацаваць адмысловыя мадэлі для рынку АСЕАН і палепшыць іх дызайн. Акрамя таго, мы правялі вялікую работу, каб зрабіць айчынную тэхніку канкурэнтнай па цане. Будаўніцтва завода ўжо вядзецца. Мы плануем, што сумеснае прадпрыемства будзе гатова да верасня. Зборачная вытворчасць павінна запусціцца ў лістападзе», — адзначыў гендырэктар МАЗа.

Да гэтага часу Мінскі аўтазавод адправіць у В'етнам 200 гатовых грузавікоў і аналагічную колькасць машынакамплектаў на агульную суму ў 18,1 млн долараў. Кантракт быў падпісаны ў Мінску. Дзмітрый Кацярыніч адзначыў, што гэты дакумент, безумоўна, мае вялікае значэнне для прадпрыемства. «Але куды важней, што наяўнасць сумеснага прадпрыемства і падпісанага пратакола аб садзейнічанні ў вытворчасці маторных транспартных сродкаў, які стаў часткай пакета пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В'етнамам, заклала аснову для экспартных паставак аўтатэхнікі МАЗа. Прычым беларускім машынабудаўнікам можна пастаўляць сваю тэхніку ў В'етнам бяспошлінна. В'етнамскі рынак у прыватнасці, як і рынак АСЕАН у цэлым, адзін з найбольш абароненых. Вялікай перамогай з'яўляецца атрымаць такую прэферэнцыю для МАЗа. Акрамя таго, на працягу пяці гадоў мы зможам бяспошлінна экспартаваць яшчэ каля 4 тысяч камплектаў», — паведаміў гендырэктар МАЗа.

Пастаўкі беларускай тэхнікі будуць расці з кожным годам. У 2018-м МАЗ плануе адправіць у В'етнам каля 1000 грузавікоў. У 2019-м гэта колькасць узрасце да 1300 адзінак. «У сярэднім у В'етнаме плануецца штогод збіраць каля тысячы грузавікоў на суму больш за 40 млн долараў. Гэты рынак стане для нас адным з перспектыўных у Паўднёва-Усходняй Азіі», — дадаў Дзмітрый Кацярыніч.

Падчас сустрэчы з в'етнамскімі партнёрамі абмяркоўвалася пытанне стварэння другога сумеснага прадпрыемства па зборцы аўтобусаў. Напярэдадні былі зняты ўсе стрымліваючыя фактары. Ёсць надзея, што ў найбліжэйшы час будзе падпісана адпаведнае пагадненне. «Там плануецца выпускаць аўтобусы невялікай ёмістасці спецыяльна для вялікіх гарадоў. Вывучыўшы рынак, мы прынялі рашэнне, што аўтобусаў такога класа будзе рабіцца да 500 адзінак у год на агульную суму больш за 50 млн долараў», — рэзюмаваў Дзмітрый Кацярыніч.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На новыя рынкі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.