Вы тут

Паэтка, модніца, красуня і ўрэшце — проста Жэня Янішчыц


Пад’язджаеш да Парэчча, бачыш рэчку Ясельду — і разумееш, адкуль бралася натхненне на прыгожы палёт у нашае Ластаўкі. Чарговае літаратурнае падарожжа, арганізаванае Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, выправілася на радзіму Яўгеніі Янішчыц.


Нарадзілася яна ў вёсцы Рудка. Хата бацькоў Янішчыц стаіць дасюль. Цяпер у ёй жыве іншая сям’я. На самой хаце — памятная шыльда. А вось музей Яўгеніі Янішчыц знаходзіцца ў суседнім Парэччы, у вёсцы, дзе паэтку пяшчотна завуць «наша Жэня». У мясцовай школцы Яўгенія вучылася, пісала першыя вершы. Музей паэткі захоўвае гэтыя спробы, адначасова асцярожныя і смелыя, пачаткоўскія і яркія.

Збіральніцтвам музея займаўся адзін-адзіны чалавек — мясцовая настаўніца Антаніна Сідарук. Каля васьмі гадоў яна знаходзілася ў бесперапынным пошуку: тэлефанавала, дамаўлялася, ехала ў невядомасць...

Аднак пра сябе Антаніна Паўлаўна не распавядае. Ну так, працавала. Так, збірала. Дзіва, што раскрыла яшчэ адно сваё захапленне: колькі гадоў збірае перліны мясцовай гаворкі. У звычайным сшытку яна захоўвае моўны скарб, якім аднойчы, я ўпэўненая, скарыстаецца Акадэмія навук. Пакуль жа ён ціха ляжыць у шуфлядзе.

З Янішчыцамі Антаніну Сідарук яднае далёкае сваяцтва. Зрэшты, тут як у кожнай вёсцы: усе адно адному калі не браты, дык сваты. На літаратурнай імпрэзе, якой пачалася сустрэча ў Парэччы, прысутнічалі і прамыя сваякі Янішчыц — пляменніцы паэткі, якія жывуць тут жа. Напачатку жанчыны саромеюцца, нясмела ўсміхаюцца. Потым распавядаюць процьму цікавых рэчаў: пра сучаснае Парэчча, пра пана Скірмунта, якога дасюль згадваюць добрым словам і называюць выдатным гаспадаром, пра стан архітэктурнае спадчыны гэтых мясцінаў. Зноў жа, пра сябе — мала. Дзякуючы ім, дарэчы, мы займелі магчымасць наведаць Цэнтр традыцыйнай культуры і быту «Спадчына Палесся». Мы — гэта нязменны правадыр падарожнікаў, загадчык адукацыйнага аддзела музея Лідзія Шагойка і яе калегі; паэты Міхал Бараноўскі і Іна Фралова ды журналісты. У падарунак школцы (а найперш — музею Янішчыц) госці прывезлі гіпсавы помнік паэтцы, бронзавая версія якога ўсталяваная на месцы яе пахавання.

10 поглядаў на рэчы

1. Галоўнае ў музеі, вядома, — літаратурны талент Яўгеніі Янішчыц. Пачатак яго — у рукапісах. Калі не браць пад увагу паасобныя аркушы з роўненькім почыркам, якім выводзіліся вершы пазнейшыя, хрэстаматыйныя, перш-наперш варта звярнуцца да ранніх рукапісаў. Уласна, дэбютным зборнікам вершаў Яўгеніі Янішчыц можна лічыць «Першыя россыпы» — рукапісны альбом, на вокладцы якога так і пазначана: для вершаў. Для юнай Жэні мелі значэнне не толькі вершы, але й іх аздабленне. Там падкрэсліць, тут правесці хвалю, тут вылучыць колерам. Тыпова дзявочы альбом, з аднаго боку. Тут нават ёсць тэкст песні «Веры Харужай» на музыку Ю. Семянякі. З іншага боку — музейная рэліквія, бясцэнны экспанат, дзе рукою самой Яўгеніі сцвярджаўся літаратурны талент. Альбом датуецца 1963 годам і захаваўся самым лепшым чынам. Пры тым, што ляжыць ён не пад шклом. Падчас экскурсіі альбом смела гарталі (ад такога відовішча ў музеі таго ж Броўкі пападалі б у непрытомнасці).

Яшчэ адзін падобны экспанат — сшытак з вершамі. Адрозніваюць яго прадмовы да твораў, якія пісала сама Янішчыц. Гэты «зборнік» зусім яшчэ няспелы, у ім багата рускамоўных тэкстаў, і падобныя сшыткі вы можаце знайсці на гарышчах у сваіх бабуляў. Але гісторыі, якія будучая паэтка распавядае шчыра, з такой дзіцячай даверлівасцю, безумоўна, кранаюць.

2. Адна з першых «афіцыйных» публікацый Яўгеніі Янішчыц — падборка ў рубрыцы «Будзем знаёмы» ў «Літаратуры і мастацтве». Прадмову да нізкі пісаў Генадзь Бураўкін. «Не, удачы былі не выпадковыя, — піша Генадзь Мікалаевіч. — Жэня Янішчыц, безумоўна, мае паэтычныя здольнасці, родная наша зямля беларуская кінула ў яе душу “іскру боскую”. Толькі трэба не загубіць гэтую “іскру”, не патушыць яе на нялёгкай дарозе ў літаратуру. Трэба — як гэта ні банальна гучыць — шмат працаваць. Каб пазбавіцца той літаратуршчыны, якая даволі часта гаспадарыць нават у добрых вершах…» Я нездарма прыводжу такую вялікую цытату. Адрасую яе паэтам новай генерацыі: не слухаеце сучасных крытыкаў — паслухайце Бураўкіна.

У тую падборку ўвайшлі вершы «Радзіме», «А неба такое зорнае!..», «Мой верш», «На рацэ», «А жнівень косы мне няшчадна выпаліў…», «Золушка». Ім уласцівыя вялікі творчы энтузіязм і пэўная наіўнасць у інтанацыях, фармальнай будове верша — словам, тое, пра што казаў Бураўкін. І быў, вядома ж, талент.

3. Пра дзелавы бок жыцця летуценніцы сведчыць рэч адначасна прыгожая і суворая: скураны партфель, на якім адціснута «VII з’езд пісьменнікаў Беларусі. Красавік 1981 г.». З такім партфелем міжволі адчуеш сябе значнай часткай літпрацэсу.

4. Зусім інакшыя дамскія сумачкі Яўгеніі. Вось яркая, святочная, з бісернай вышыўкай. Вось строгая і элегантная, пэўна, для якога-небудзь пасольскага прыёма. Ці для прадстаўнічай камандзіроўкі. Але й тая, і тая выяўляюць вытанчанасць, добры густ паэткі, а найперш — жанчыны.

5. На тое ж указваюць аксесуары — тоненькія вузкія пальчаткі, якія кажуць пра такія ж пяшчотныя, далікатныя рукі гаспадыні. Ці вось гэтая насоўка: ружовая, паветраная, прызначаная не столькі для наўпроставай сваёй ролі, колькі для таго, каб элегантна абмахвацца ёю ў душнай зале паседжанняў Саюза пісьменнікаў…

6. Важны дакументальны экспанат — пасведчанне аб нараджэнні Яўгеніі Янішчыц. Унікальная рэч, якая захоўваецца, аднак, проста, без шкла і сігналізацый. Ты як быццам прыйшоў дадому да паэткі і гартаеш яе сямейны альбом — з яе ж дазволу. У музеі, сабраным Антанінай Сідарук, нягледзячы на яе ўласную знешнюю строгасць, пануе хатняя атмасфера, свойская.

7. Вельмі сімвалічнай бачыцца частка экспазіцыі, якая сабрала значыкі Яўгеніі Янішчыц. Яны «кропкавымі ўдарамі» адлюстроўваюць тры бакі жыцця паэткі. На першым напісана «Пінск». Так, Жэня заўжды вярталася дадому, заўжды імкнулася сюды, на родную Піншчыну, пра што пісала ў вершах, асабістых нататках, пра што распавядала блізкім, што згадваюць сёння тыя, хто яе ведаў. Другі значык — пасведчанне пра прыналежнасць да Згуртавання кнігалюбаў. У начытанасці ды эрудзіраванасці Яўгеніі Янішчыц сумнявацца не выпадае. А трэці кірунак жыцця — грамадскі. Сёння вядома, што Янішчыц шчыра і ўсур’ёз успрымала тагачасную ідэалогію, што, магчыма, сталася прычынай яе асабістай драмы, канец якой быў трагічны. Вось ён, значык з профілем Леніна і подпісам «ВЛКСМ».

8. Аднак перад трагедыяй было вялікае шчасце. Успамінам пра яго — вясельны вяночак, у якім спалучыліся традыцыйнае і моднае, крывіцкі вянок і заходнееўрапейскі вэлюм. Побач — запрашэнне на вяселле, адрасаванае сям’і Гілевічаў. На запрашэнні бачым маладых — шчаслівых, закаханых, не раз’яднаных непаразуменнямі.

9. Актыўнае пісьменніцкае жыццё давала й простыя жаночыя радасці. Вось, прыкладам, замежныя туфлі. Замш. Венгерскія. Такія б і сёння насіць з вялікім задавальненнем. Модніцу Янішчыц «выкрывае» яе гардэроб: паліто з густоўна падабранымі шалікамі, стрымана-сціплыя боцікі, паветраная кашуля… Сапраўды — ластаўка.

10. Але лічыць яе ахвотніцай да замежных «капіталістычных» прыўкрасаў няварта. Бытнасць у Савецкім Саюзе накладала свой адбітак. Былі ў Яўгеніі Янішчыц рэчы, якімі карысталіся мільёны такіх жа самых дзяўчат, жанчын. Вось, прыкладам, драўляныя каралі. Такія пачкамі прадаюцца на сучасным Славянскім базары ў Горадзе майстроў. Вось — маленечкае люстэрка, без рамкі, проста-такі кішэнны стратэгічны аб’ект ваяркі, чыя зброя — прыгажосць.

…Агледзеўшы экспазіцыю, пачынаеш бачыць тую Янішчыц — вечна юную, натхнёную дзяўчынку, якая любіла прыгожае, хацела быць прыгожай і рабіла беларускі свет прыгажэйшым — сабою і сваімі вершамі.

Наста ГРЫШЧУК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.