Вы тут

Скарбы... ды іншыя выкапні?


Крыху развагаў пра фальклор у сучбелліце


«У сваіх творах аўтар выкарыстоўвае фальклорныя матывы...» Фраза, якую можна сустрэць у кожнай другой рэцэнзіі. Але што ўвогуле лічыць фальклорным матэрыялам у сучасным літаратурным тэксце?

Ці дастаткова звярнуцца да архетыповых вобразаў? Ці на сучасную глебу трэба пераносіць цэлы твор, легенду, напрыклад? А што, калі аўтар эксперыментуе? Напрыклад, у казачнай стылістыцы (а-ля Несцерка) піша пра тое, як ехаў на «сотцы» ў час пік.

Звернемся да неўміручага слоўніка Рагойшы. Вячаслаў Пятровіч піша: «Фальклор паўплываў на станаўленне беларускай мастацкай літаратуры, уплывае на яе і зараз». Не паспрачаешся — фальклор увогуле бацька ўсіх літаратур. «У сваю чаргу, асобныя літаратурныя творы ці некаторыя іх кампаненты фалькларызуюцца, пераходзяць у ананімнае вуснае бытаванне. […] Узаемаадносіны Ф. і літаратуры — надзвычай мнагастайныя і плённыя».

Відавочна, калі сучасны паэт запазычае вобразнасць ці элементы формы (цыклічнасць, прыкладам) абрадавай беларускай паэзіі — гэта тыя самыя «мнагастайныя і плённыя ўзаемаадносіны». Калі ў творы гучыць раблезіянства і «фізічны» гумар — гэта таксама спадчына вясёлых продкаў. Можна знайсці ў Рагойшы артыкул пра народнае вершаванне — самая ранняя сістэма паэтычнае творчасці ва ўсходнеславянскай літаратуры. «Народны верш спяваўся або прамаўляўся рэчытатывам. Таксама беларускія народныя песні паядноўвалі ў сабе слова і мелодыю, сэнс і гук». Асаблівы рытм, апорны націск, чаргаванне лексемаў, танічнае вершаванне й адсутнасць рыфмы — асноўныя прыкметы народнага, фальклорнага верша.

Ёсць другі шлях, ужо азначаны: перанос фальклорнага сюжэта на звычайную літаратурную мову. Спалучэнні двух варыянтаў у розных прапорцыях даюць безліч цікавых вынікаў.

Вось, прыкладам, «Скарб бяздонны» Міколы Мятліцкага. Кніга адзначаная прэміяй «Мастацтва кнігі» — і ёсць за што: работы мастака Ігара Гардзіёнка складаюць львіную долю поспеху выдання. У іх дыхае бяздонная старажытнасць, глыбіня, ад якой займае дух.

 Але звернемся да тэкстаў. Мікола Мятліцкі якраз выкарыстоўвае фальклорны, легендарны сюжэт і напеўнасць, архаічныя формы слова (не злоўжываючы, толькі для фанетычнага арнаменту). Рыфму выкарыстоўвае, аднак яна заўжды простая, часам — змысля прымітыўная (вольны — стольны), і ў гэтым акурат плюс: нашыя песні калі й мелі рыфму, дык не дзеля таго, каб здзівіць слухача творчым пошукам. Рыфма працуе не на сябе, а на ўзмацненне напеўнасці, сугучнасці кожнага папярэдняга радка кожнаму наступнаму.

Цікава, што ў такой фальклорна-стылізаванай кнізе выкарыстоўваюцца сюжэты не толькі легендарныя (паходжанне рэк, напрыклад), але і гістарычныя. Факт пачынае гучаць былінна: крэўская гісторыя Кейстута, Вітаўта і Ягайлы, сватаўство да Рагнеды, бітва на Калцы, трагічнае каханне прыгоннай танцоркі Радзівілаў і прыгоннага мастака. Але тут варта звярнуць увагу на адзін нюанс: якраз быліннасць у гучанні гістарычных сюжэтаў адлучае яе ад чыста беларускай культуры. Быліннасць для нашага фальклору ўвогуле не характэрная (пра што, зноў жа, піша Вячаслаў Рагойша).

Літаратурны складнік у Мятліцкага ўсё ж перамагае, і чытач, захоплены напеўнасцю сказа ды атмасферай старажытнасці, апускаецца долу: гэта ўсё ж стылізацыя. Аматарам фальклору давядзецца звярнуцца да спецыялізаваных зборнікаў.

Андрэй ЖБАН

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.