Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспехі беларускіх плыўцоў на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, вынікі матчаў 15-га тура футбольнага чэмпіянату краіны і розыгрыш Кубка канфедэрацый, які завяршыўся ў Расіі.


1. Анастасія Шкурдай заваявала залатую ўзнагароду юніёрскага чэмпіянату Еўропы па плаванні, які завяршыўся ў Нетаніі. У сваёй кароннай дысцыпліне 50 м батэрфляем яна паказала час — 26,53 сек. Па выніках турніру беларускія спартсмены занялі 12-е месца ў агульнакамандным заліку і ўсталявалі шэсць юнацкіх рэкордаў Беларусі.

2. Штурхальніца ядра Юлія Леанцюк стала бронзавым прызёрам этапу «Брыльянтавай лігі» ў Парыжы. Беларуска паказала свой лепшы вынік у сезоне — 18 м 28 см. Алена Дубіцкая завяршыла выступленне на чацвёртым месцы — 18 м 23 см.

Нагадаем, галоўным стартам для беларускіх лёгкаатлетаў стане чэмпіянат свету, які з 4 па 13 жніўня прыме Лондан.

3. Згуляны матчы 15-га тура футбольнага чэмпіянату краіны. Мінскае «Дынама» пасля чатырох перамог запар саступіла на сваім полі «Віцебску» з лікам 1:3. Футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» у Мазыры абыгралі гаспадароў — 3:0. Матч «Мінска» і «Крумкачоў» завяршыўся з лікам 0:0, такія ж лічбы на табло былі зафіксаваныя і ў гульні «Іслачы» з «Нафтанам». БАТЭ перамагло «Гарадзею» — 2:0, а брэсцкае «Дынама» «Гомель» — 3:0. «Слуцк» з мінімальнай перавагай быў мацнейшы за «Днепр» — 1:0. У заключным паядынку першага круга нацыянальнага першынства салігорскі «Шахцёр» сустрэўся з гродзенскім «Нёманам».

Становішча ў групе лідараў: «Шахцёр» — 35 ачкоў, БАТЭ — 33, «Дынама» (Мінск) — 31, «Слуцк» — 28.

4. Розыгрыш Кубка канфедэрацый завяршыўся перамогай зборнай Германіі, у фінале немцы былі мацнейшыя за чылійцаў 1:0. У гульні за 3-е месца футбалісты Партугаліі атрымалі валявую вікторыю над камандай Мексікі ў авертайме — 2:1.

Нагадаем, прызавы фонд Кубка канфедэрацый — 2017 размеркаваўся так: 1-е месца — $4,1 млн, 2-е — $3,6 млн, 3-е — $3 млн, 4-е — $2,5 млн. Зборныя, якія завяршылі турнір на групавой стадыі, зарабілі па $1,7 млн.

5. Наша зборная па пляжным футболе трэці раз выйграла Кубак Дружбы, які завяршыўся ў Віцебску. У заключным паядынку беларусы перайгралі каманду Азербайджана з лікам 4:3. Да гэтага каманда разграміла літоўскіх «пляжнікаў» — 11:2 і з мінімальнай перавагай адолела сапернікаў з Турцыі — 2:1.

Для зборнай Беларусі гэта трэці трыумф у розыгрышы Кубка Дружбы, столькі ж разоў першае месца займала каманда Ірана, адзін раз першынствавалі ўкраінцы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Яшчэ адна «залатая рыбка»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.