Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра вынікі Балтыйскіх гульняў, якія завяршыліся ў Брэсце, пра перамогі беларускіх грацый на этапе Кубка свету і пра тое, хто выйшаў у 1/8 фіналу Кубка краіны па футболе.


1. Беларускія спартсмены на Х Балтыйскіх юнацкіх гульнях у Брэсце заваявалі 130 залатых медалёў. У юбілейным турніры прынялі ўдзел 1 289 прадстаўнікоў васьмі краін (Расіі, Беларусі, Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Швецыі), было разыграна 186 камплектаў узнагарод. Беларускія спартсмены заваявалі 258 медалёў, у цэлым за нашу каманду выступілі 380 юнакоў і дзяўчат. Спаборніцтвы прайшлі па 16 відах спорту.

Нагадаем, Балтыйскія гульні праводзяцца раз на два гады. Па рашэнні арганізацыйнага камітэта, у 2019 годзе турнір прыме Швецыя.


2. Велагоншчык Яўген Каралёк стаў пераможцам міжнародных спаборніцтваў «Гран-пры Мінска». Дыстанцыю ў 145,5 км (10 колаў па 14,5 км) па праспекце Пераможцаў з чатырма прамежкавымі фінішамі прадстаўнік велаклуба «Мінск» праехаў за 3 г. 23 хв. 9 сек. Яшчэ адзін прадстаўнік сталічнага клуба Яўген Собаль стаў бронзавым прызёрам «Кубка Мінска».


3. Кацярына Галкіна заваявала дзве залатыя ўзнагароды на этапе Кубка свету ў катэгорыі «чэлендж», які завяршыўся ў Берліне. Беларуска стала першай у індывідуальным мнагабор'і і ў выступленні са стужкай. На рахунку Галкінай таксама дзве бронзавыя ўзнагароды ў асобных відах: у практыкаваннях з мячом і булавамі.

Беларуская каманда ў групавых практыкаваннях у складзе Настассі Рыбаковай, Марыі Коцяк, Ганны Гайдукевіч, Ганны Швайбы, Маргарыты Авадзінскай і Арыны Цыцылінай у кампазіцыі з пяццю абручамі заняла трэцяе месца.

Наступным важным стартам для дзяўчат стане этап Кубка свету, які з 4 па 6 жніўня пройдзе ў Мінску ў спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club. Плануецца, што ў сталіцы выступяць і ўсе лідары зборнай Беларусі.


4. У Мінск прыбыў новы настаўнік хакейнага клуба «Дынама-Мінск» Гордзі Дуаер. Канадскі спецыяліст ужо паспеў сустрэцца з камандай, пазнаёміцца з трэнерскім штабам і правесці першую трэніроўку. Адзначым, што ў яго трэнерскі штаб увайшлі Сяргей Стась і Канстанцін Кальцоў. Абодва спецыялісты добра вядомыя па выступленнях за зборную Беларусі. Канстанцін Кальцоў таксама мае вопыт выступлення ў Нацыянальнай хакейнай лізе ў клубе «Пітсбург» і Кантынентальнай хакейнай лізе, у тым ліку за мінскае «Дынама».

Нагадаем, дынамаўцы возьмуць удзел у турніры «Кубак Мінска». 26 ліпеня яны правядуць першы матч з аднаклубнікамі з Масквы. А потым згуляюць у Кубку Латвійскіх чыгунак, які пройдзе ў Рызе з 13 па 17 жніўня.

Старт дзясятага сезона ў Кантынентальнай хакейнай лізе запланаваны на 21 жніўня. Канчатковы каляндар стане вядомы заўтра.


5. Адбыліся ўсе матчы 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе. «СДЮШАР-8» буйна саступіла «Нёману» — 0:7, «Хваля» была слабейшай за «Мінск» — 0:1, «Орша» абыграла «Славію-Мазыр» — 1:1 (4:3 па пенальці). «Дынама-Брэст» было мацнейшае за «Смаргонь» — 4:1, БАТЭ перайграў «Нёман-Агра» — 5:1, «Крумкачы» атрымалі перамогу над «Маладзечна-ДЮСШ» — 3:0. «Баранавічы» аказаліся слабейшыя за «Нафтан» — 0:1, а «Смалявічы-СТІ» за «Тарпеда-БелАЗ» — 0:2. «Гомель» перайграў «Тарпеда-Мінск» — 0:0 (3:2 па пенальці). «ЮАС-Жыткавічы» прайграла «Слуцку» — 0:3 (у дадатковы час), «Граніт» саступіў «Гарадзеі» — 0:2, «Лакаматыў» з мінімальным лікам саступіў «Віцебску» — 0:1. Асноўны час матчу «Слонім-2017» — «Днепр» скончыўся з лікам 1:1, па пенальці мацнейшымі аказаліся госці. «Чысць» саступіла «Дынама-Мінск» — 0:4, «Белшына» прайграла «Іслачы» — 1:4, «Прамень» саступіў «Шахцёру» — 1:5.

Такім чынам, у 1/8 фіналу выйшлі ўсе прадстаўнікі вышэйшай лігі за выключэннем мазырскай «Славіі», якая саступіла футбольнаму клубу «Орша».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Больш за сто залатых медалёў ад маладых спартсменаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.