Вы тут

На свяце да 100-годдзя «Звязды» выступяць вядомыя спартсмены


На спартыўным свяце, прымеркаваным да 100-годдзя газеты, выступяць вядомыя спартсмены Беларусі, сярод іх неаднаразовыя чэмпіёны свету па гіравым спорце браты Сігневічы. Яны пакажуць сілавое шоу з гірамі, правядуць майстар-клас, у якім змогуць прыняць удзел усе ахвотныя. Прадэманструюць простыя, але карысныя практыкаванні для кожнага аматара спорту, кульмінацыяй праграмы стане дэманстрацыя рарытэта — гіры 1874 года з царскай каронай.


Малодшы з братоў — Ігар Сігневіч адзначае, што сёння здаровы лад жыцця — залог поспехаў ва ўсім. «У сучасных умовах тэмп жыцця вельмі хуткі. Каб яго не проста вытрымліваць, а ставіць перад сабой мэты і іх дасягаць, неабходна быць фізічна здаровым чалавекам. У суботу нам на асабістым прыкладзе хацелася б паказаць, што магчыма дасягаць вынікаў у спорце, сумяшчаючы трэніроўкі з прафесійнай дзейнасцю».

Падзяляе гэты пункт гледжання і старэйшы з братоў — Вадзім — заслужаны майстар спорту, чатырохразовы чэмпіён свету па гіравым спорце. Кампанію братам Сігневічам складуць Андрэй Гук — майстар спорту міжнароднага класа па паўэрліфтынгу, шматразовы чэмпіён Еўропы, Вячаслаў Харанека — беларускі асілак, аўтар сотні рэкордаў, Андрэй Зазерскі — шматразовы чэмпіён краіны па рукапашным боі, пераможца тэлепраекта «Бітва Тытанаў» і «Зачыстка».

Сілавое шоу стартуе адразу пасля адкрыцця, якое адбудзецца 29 ліпеня ў 11.00 на стадыёне сталічнага ліцэя №1 на праспекце Газеты «Звязда». Акрамя сілавога шоу гледачы ўбачаць майстар-клас ад чэмпіёнаў краіны МФК «Сталіца» і лепшых прадстаўнікоў варкаўта Беларусі.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Звязда» збірае сяброў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.