Вы тут

Сем невідавочных спектакляў з праграмы «ТЭАРТу»


Штогадовы міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», на гэты раз сёмы, аб'явіў сваю праграму. Сёлета ён пройдзе з 27 верасня да 16 кастрычніка і на розных пляцоўках сталіцы пакажа восем замежных пастановак і адзінаццаць у праграме «Belarus open». Адпаведна, ужо можна набыць білеты: у першую чаргу ўвагу прыцягнулі імёны кшталту Цімафея Кулябіна, які пакажа на форуме спектакль «Іванаў», альбо Яўгена Міронава, які ў гэтай пастаноўцы сыграе. Мы ж звярнуліся да адборшчыка і дырэктара форуму Анжалікі Крашэўскай, каб яна параіла нам некалькі спектакляў, якія не прывабяць гледача гучнымі імёнамі, але па розных прычынах іх варта было б убачыць.


«Іліяда» Ернея Ларэнцы (Славенія)

— Заўсёды кажу, што хард-рока нам яшчэ не хапала. Візуальна вельмі нечаканы спектакль, пасля прагляду глядач абавязкова стане фанатам альбо Гамера, альбо пастаноўкі, альбо Ернея Ларэнцы. Сёння шмат рэжысёраў звяртаецца да эпасаў і міфалогіі, якія, здавалася б, адышлі ў мінулае. Гамер найбольш вядомы са старажытнагрэчаскіх аўтараў і славенец асучаснівае яго (гледачу незразумела, у якім часе адбываецца дзеянне), бярэ складаны матэрыял «Іліяды» і прапускае яго праз сябе разам з акцёрамі, якія становяцца аднадумцамі. Тут можна будзе пачуць паэтычны пераклад «Іліяды» на славенскі, але Гамерам спектакль не абмяжоўваецца: рэжысёр выкарыстоўвае яго, каб пагаварыць пра тое, што хвалюе яго самога. Тут будзе шмат смелых рэчаў, але не хочацца раскрываць сакрэты. У 2014 годзе мы ўжо прывозілі на «ТЭАРТ» пастаноўку Ларэнцы, гэта быў «Крэйзі лакаматыў». «Іліяда» такая ж драйвовая, тут таксама вялікую ролю адыгрывае музыка, і гэта той выпадак, калі рэжысёр не баіцца эксперыментаваць і яго апантанасць апраўданая.


«Цень думкі нашай» Ніны Абуховай (Беларусь)

— Ідзе пад рубрыкай «забытыя аўтары», альбо «забытыя спектаклі». Віцебскага тэатра даўно не было ў Мінску, а тут ён узяўся за твор Францішка Аляхновіча, вакол якога, як персоны, шмат пытанняў. Яго і забаранялі, і абвінавачвалі ў даносах. «Цень думкі нашай» стане чарговым напамінам пра нашу гісторыю, не лішнім для тых, каму важна, што адбываецца ў Беларусі і беларускім тэатры. Цікава ўжо толькі паглядзець, як твор «Цень думкі нашай» увасобілі на сцэне, бо гэта няпросты матэрыял. Калі мы глядзім «Чайку», мы хоць бы ведаем сюжэт, прасцей жа глядзець тое, што ведаеш і разумееш. Я думаю, Аляхновіча не ўсе чыталі, таму гэта будзе дарэчны акцэнт на беларусах, такі зварот да сябе, які прастымулюе да ўсяго гэтага цікавасць. На спектакль варта ісці, каб правесці «даследаванне» і зразумець, пра што пісаў аўтар.


«Сёстры Макалуза» Эмы Дантэ (Італія)

— Гісторыя, што адбываецца ў «Сёстрах Макалуза», нам вельмі блізкая, нягледзячы на ментальную адрознасць італьянцаў. Вялікая сям'я перажывае гібель родных людзей, а на сцэне — размовы і развагі герояў на пахаванні. Якраз тая форма, што дапамагае нам рэфлексаваць. Складана зразумець, дзеянне адбылося ўчора ці трыццаць гадоў таму, што сімвалічна, маўляў, некаторыя рэчы нязменныя. Невядома таксама, хто тут жывы, а хто ўжо не. Напэўна, такіх драматычных спектакляў, як «Сёстры Макалуза», пасля якіх ты глядзіш на жыццё па-іншаму і нешта пераасэнсоўваеш, нам і не хапае. Трэба паспрабаваць вынесці з пастаноўкі як мага больш, адчуць гэтае разуменне, хоць і на некаторы час, што часам цяжар адказнасці застаецца на плячах назаўсёды і ад яго немагчыма пазбавіцца.


«Дзеці Ванюшына» Сяргея Найдзёнава (Беларусь)

— Наша задача як фестывалю — паказаць найбольш яркія беларускія работы, мы ж запрашаем замежных гасцей, а беларускаму тэатру з замежным канкурыраваць складана, бо еўрапейскі і рускі зайшлі далёка ўперад. Мы спрабавалі за імі падгледзець на шкоду свайму ўласнаму. Развіццё ж павінна быць і ў нас, таму важна, што у Маладзёжным тэатры, дзе з поспехам адна за адной паказваюцца камедыі, у той час як драматычны тэатр не карыстаецца попытам у беларускага гледача, з'явіліся «Дзеці Ванюшына». Складаны твор складана і «рухаць», а «Дзеці Ванюшына» — няпростая рэч, трэба быць гатовым мучыцца разам з акцёрамі. Пастаноўка ўключана ў рэпертуар і магчымасць яе ўбачыць яшчэ будзе, але няхай праграма «ТЭАРТу» паслужыць пэўнай рэкамендацыяй.


«Дэман» Уладзіміра Панкова (Кыргызстан, Расія)

— На фестываль «ТЭАРТ» упершыню трапіла пастаноўка з Кыргызстана. «Дэман» спалучае лермантаўскую паэзію і эпас кыргызскага народа на кыргызскай мове. Спектакль Уладзіміра Панкова — гэта саўнд-драма, заснаваная на гуках і музыцы, як «Іліяда». Тут ты разумееш, што тэатр з Кыргызстана становіцца цікавым, таму што ідзе за сваімі традыцыямі і яму ёсць што сказаць, і думаеш, як акцёры могуць іграць з вершаванай формай так, што ты адчуваеш трагізм гэтага немагчымага па рэлігійных матывах кахання. Ты аказваешся ў свеце, дзе можна зрабіць нешта з-за кахання, але не насуперак традыцыям. «Дэман» стане экскурсіяй у вядомы твор Лермантава, перакладзены на патрэбы рэжысёра. Панкоў стварае і эфектную карцінку, дзеянне адбываецца ў гарах — як гэта ўвасобіць на сцэне? Мы, дарэчы, павінны забяспечыць для дэкарацый друз з пенашклом. Той выпадак, калі можна будзе эмацыянальна падключыцца да пастаноўкі нават праз пахі.


«Пакорлівая» рэжысёра Алены Медзяковай і харэографа Ганны Корзік (Беларусь)

— Як Дастаеўскага можна паказаць у танцы? Такая спроба — смелы крок, бо трэба здолець увасобіць сваю ідэю і растлумачыць, чаму «Пакорлівая» ставіцца не ў драматычным тэатры, а неяк інакш. Мова пастаноўкі знаходзіцца паміж пластыкай і харэаграфіяй з невялікай колькасцю тэксту. Пра тэатр танца «Альтана» я даведалася толькі нядаўна, ён з ліку незалежных груп, якія займаюцца незалежным тэатрам і ўласнымі праектамі.


«У шуфлядцы», калектыўная творчасць (Германія)

— Мы паказвалі розныя нямецкія пастаноўкі, і гэты спектакль будзе для нас нечым новым, хоць жанр дакументальнага тэатра даволі распаўсюджаны. «У шуфлядцы» заснавана на абсалютна рэальных гісторыях: гераіні, жыхаркі Берліна, расказваюць гісторыі пра сябе і свае сем'і, перабіраюць рэчы сваіх бацькоў, успамінаюць падзеі з жыцця. Мы гэтую тэму — нямецкае мінулае — ведаем толькі па дакументальных фільмах, а тут — эмоцыі і гісторыі рэальных людзей. Кожнаму ёсць што сказаць: тут будуць гучаць нават інтымныя рэчы, звычайна вядомыя толькі аднаму чалавеку альбо вузкаму колу людзей, расказаныя цікавай і зразумелай мовай. Спектакль стварыла жаночая творчая група: ад акцёраў да рэжысёраў.

Запісала Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

Андрэй Кудзіненка: Я лічу дакументальнае кіно крыху амаральным

«...бярэш чалавека і яго лёс, а потым у касцюме едзеш на фестываль».

Грамадства

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак

Гэтых дзвюх сябровак у кіналагічным цэнтры Узброеных Сіл ведаюць усе.

Грамадства

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Як працуе сістэма дадатковай адукацыі ў Беларусі

Быць у працэсе пошуку — нармальны стан любога дзіцяці.