Рост дзіцячай захваральнасці на цукровы дыябет 1-га тыпу працягваецца. Прычым, калі 20 гадоў назад паталогія найчасцей праяўляла сябе ў час палавога выспявання, то сёння гаворка ідзе пра больш ранні ўзрост. З 702 выпадкаў упершыню выяўленага цукровага дыябету 1-га тыпу 340 - у дзяцей. З іх 122 выпадкі ўпершыню зарэгістраваны ў дзяцей ва ўзросце ад 5 да 9 гадоў, 67 выпадкаў - у дзяцей ва ўзросце да 4 гадоў. Лячэнне пачынаецца ў такіх пацыентаў з моманту пастаноўкі дыягназу, што істотна запавольвае ўзнікненне і развіццё хранічных мікрасасудзістых ускладненняў.
— Пры цукровым дыябеце 1-га тыпу лячэнне будзе ўключаць дыету, самакантроль і інсулінатэрапію, — тлумачыць загадчыца эндакрыналагічнага амбулаторнага аддзялення 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска Алена КІСЛАЯ. — Дыета пры гэтым — фізіялагічная, як для любога здаровага дзіцяці. Праўда, сёння харчаванне здаровага сярэднестатыстычнага дзіцяці вельмі далёкае ад фізіялагічнага, што з'яўляецца асобнай праблемай... Самакантроль — гэта кантроль узроўню глюкозы ў хатніх умовах. Для гэтага з мінулага года дзеці атрымліваюць на бясплатнай аснове ўжо не адну, а тры тэст-палоскі. Бясплатна выдаюцца і інсуліны. Інсулінавыя шпрыцы пры гэтым даўно адышлі ў нябыт, у выкарыстанні — шпрыц-ручкі. За бюджэтныя сродкі набываюцца картрыджныя генна-інжынерныя інсуліны, па паказаннях прызначаюцца аналагавыя, якія вырашаюць праблему ў тых выпадках, калі не ўдаецца кампенсаваць захворванне на генна-інжынерных. Аналагавыя інсуліны набываюцца за кошт мясцовага бюджэту, і па краіне імі забяспечаны каля 30 працэнтаў пацыентаў, а па Мінску — каля 50. 68 дзяцей атрымліваюць помпавую інсулінатэрапію.
У кожным абласным цэнтры функцыянуе амбулаторная і стацыянарная школы цукровага дыябету — для тых, каму толькі паставілі дыягназ або калі мае месца шпіталізацыя. Такія школы аб'ядноўваюць урача, дзіця/падлетка і бацькоў, без чаго немагчыма дасягнуць поспеху ў лячэнні, адзначаюць спецыялісты.
Наогул, спецыялізаваную дзіцячую эндакрыналагічную дапамогу аказваюць цэнтральныя раённыя бальніцы, гарадскія паліклінікі, дзе працуюць урачы-эндакрынолагі і ўрачы-педыятры (у сістэме падрыхтоўкі ўрача-педыятра дзіцячая эндакрыналогія прадстаўлена ў дастатковым аб'ёме для аказання дапамогі на гэтым этапе). Наступны ўзровень — чатыры абласныя эндакрыналагічныя дыспансеры або аддзяленні ў абласных бальніцах, а таксама гарадскі дзіцячы эндакрыналагічны цэнтр для жыхароў сталіцы (на базе 2-й дзіцячай клінічнай бальніцы). Трэці, рэспубліканскі, узровень прадстаўлены эндакрыналагічным аддзяленнем Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння і стацыянарнай дапамогай на базе эндакрыналагічнага аддзялення 2-й дзіцячай бальніцы.
Скрынінг эндакрыннай паталогіі пачынаецца ўжо ад моманту нараджэння дзіцяці, калі вымяраюцца суадносіны росту і вагі. Акрамя таго, ужо ў радзільні нованароджаных абследуюць на прыроджаны гіпатэрыёз. У апошнія гады колькасць такіх дзяцей не павялічваецца, а ранняе лячэнне папярэджвае незваротныя наступствы і інваліднасць. Кантроль росту і вагі дзіцяці, фізічнага развіцця на прыёме ў педыятра — таксама элемент скрынінгу эндакрыннай паталогіі. Дарэчы, у краіне ёсць магчымасць правядзення поўнага абследавання дзяцей з парушэннем росту. Пры дэфіцыце гармону росту прызначаецца эфектыўнае лячэнне, што таксама папярэджвае інвалідызацыю.
Палова эндакрынных захворванняў — гэта паталогія шчытападобнай залозы. Масавае правядзенне ўльтрагукавога даследавання залозы ў дзіцячых паліклініках дазваляе выявіць вузлы, запаленні, дыфузныя павелічэнні на самых ранніх стадыях. Выявілі нейкія змяненні — значыць, неабходна праверыць, ці не парушана функцыя залозы, для чаго ў кожнай вобласці ёсць магчымасць правядзення поўнага спектра гарманальных даследаванняў. Своечасовае выяўленне дэфіцыту гармонаў шчытападобнай залозы, парушэння яе функцыі, дазваляе прызначыць лячэнне, якое захавае інтэлектуальны патэнцыял.
Святлана БАРЫСЕНКА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.