Вы тут

"Нельга чалавеку быць аднаму"


Катэгорыя адзіноты ў творах Анатоля Казлова

Адна з галоўных праблем сучаснага соцыуму — праблема адзіноты. Гэта праблема ключавая ў творчасці тых прадстаўнікоў сусветнай літаратуры, чые творы прызнаныя класічнымі: У. Шэкспір, Ж.-П. Сартр, Г. Маркес, Ф. Дастаеўскі, Л. Талстой і г. д.


Плённа катэгорыя адзіноты асэнсоўваецца і ў філасофіі, дзе пададзены наступныя падыходы: адзінота-беспрытульнасць чалавека ў свеце (Ф. Ніцшэ, М. Бубер, X. Артэга-і-Гасэт, С. К’еркегар, М. Хайдэгер), немагчымасць поўнага зліцця аднаго чалавека з іншым, непераадольная адасобленасць аднаго ад другога (М. Бярдзяеў, А. Камю, X. Артэга-і-Гасэт, Ж.-П. Сартр), добраахвотны сыход ад іншых з мэтай засяродзіцца на тым, што прыярытытнае, — для сябе (Р. Эмерсан). Зрэшты, адзінота як адказнасць, згодна з тэзісам Ж.-П. Сартра «чалавек асуджаны на свабоду».

Многія філосафы, у прыватнасці Э.Фром, лічаць, што адзінота — вынік гістарычна абумоўленага працэсу індывідуалізацыі. Іншыя (X. Артэга-і-Гасэт, К. Ясперс) мяркуюць, што адзінота — вынік сацыяльнай адасобленасці чалавека ад чалавека.

У розных філосафаў і пісьменнікаў адзінота прымае то станоўчыя канатацыі (дапамагае засяродзіцца, паглыбіцца ва ўласнае «я», спасцігнуць сэнс асабістага існавання), то адмоўныя, як паказчык непаўнацэннасці быцця, паказчык страты неспасрэднай сувязі са светам, з «іншым», духоўнага збяднення чалавека.

Не абыходзіць праблему адзіноты і беларуская літаратура. Адзінота выступае адной з асноўных гераінь твораў Анатоля Казлова, у прыватнасці аповесцяў, што ўвайшлі ў апошні па часе зборнік празаіка «Той, хто абганяе сны». Можна сказаць, што менавіта адзінота і звязаныя з ёю перажыванні, расчараванні выступаюць і асновай сюжэта ў творах А. Казлова з названага зборніка: «Як знайсці дакладныя словы, каб апісаць боль, пакуты, адзіноту чалавечай душы?», — задаецца пытаннем герой аповесці «Далонь на плячы». А вось пачатак аповесці «Паразумецца з ветрам»: «Душэўная пустэча. Ніводзін кішэнны кітайскі ліхтарык са Ждановіцкага рынку не здатны парушыць цямрэчу ў глыбіні маёй душы. Там беспрасвецце, цяжкая тугая ноч…».

Адзінота ў творах А. Казлова прымае розныя абліччы, мае прычыны як унутранага плана, так і сацыяльныя.

Калаж Кастуся Дробава

Гэта і інтэрпрэтацыя вядомай максімы «Чалавек асуджаны на адзіноту»: «Так, дайшлі самі да банальна вядомага: кожны нараджаецца са сваёй адзінотай, пражывае жыццё, з ёй жа і сыходзіць да прабацькоў, несучы ім ахвяру — сваю неспасцігальную самоту» («Паразумецца з ветрам»). Герой А. Казлова перажывае ўнутраныя канфлікты і супярэчнасці, жах ад усведамлення сваёй «нявечнасці», непазбежнасці сыходу. Вячаслаў Іваноў на гэты конт пісаў: «Неабходна прыняць адзіноту як жах ад сваёй канчатковасці і настальгію па сабе як цэласнасці».

У творах А. Казлова адсутнічае рамантызацыя адзіноты. Дэкларуючы натуральнасць адзіноты («я маю задавальненне ад адзіноты», «адзінота — катэгорыя, якая для талковага чалавека павінна быць пастаяннай!»), герой А. Казлова, аднак, усё ж такі адчувае ўнутраны дыскамфорт, пачуццё няўтульнасці. Самота, пякельныя перажыванні герояў пісьменніка — ад усведамлення адсутнасці паўнаты, цэльнасці без жанчыны (платонаўскія андрагіны). «Нельга чалавеку быць аднаму». Ніхто не здольны аспрэчыць гэты запавет.

Чалавек успрымае, адчувае сябе праз сувязь з іншымі. Герой А. Казлова імкнецца разбіць кайданы адзіноты, знайсці родную душу, стаць адным цэлым з іншым «я»: «Чалавека ж не бывае без кахання, як не можа быць наступнага дня без ранняй зоркі і вечарніцы», «яму ўвесь час хацелася бескарыслівага, шчырага і даверлівага кахання», «любасць, каханне і з’яўляюцца для нас бяспекай ад усякага зямнога і незямнога наслання: крыўды, злыбеды, зайздрасці, нагавораў…». Але здрада, няспраўджанасць кахання прыводзяць героя да расчаравання, разгубленасці, недаверу. Тады збегчы ад самоты герой А. Казлова спрабуе праз фізічныя ўцехі. Адсюль павярхоўны характар адносін, адсутнасць глыбіні, душэўная спустошанасць. Калі патрэба ў «Іншым» зводзіцца да фізічных задавальненняў, гэта непазбежна прыводзіць да збяднення душы і адзіноты, адсутнасці прыхільнасцяў. І тады для героя надыходзіць разуменне, што «палкасць праходзіць…, а ўзніклая духоўна-душэўная роднасць застаецца. Яна больш трывалая і надзейная».

Іншы герой А. Казлова баіцца любіць, баіцца нечым ахвяраваць, а галоўнае — баіцца быць падманутым: «Вельмі ж простая і зразумелая ісціна высноўваецца: калі няма кахання, то ніхто табе не здрадзіць, не перакуліць твой уласны свет…», «трымай сэрца на замку і пазбавішся шматлікіх непатрэбных мітрэнгаў, невыноснага болю, што высушвае цела і ператварае душу ў непраходную пустэльню…» («Паразумецца з ветрам»). Пераадолець жа адзіноту можа толькі той, хто пераступіць праз свой страх, эгаізм.

Герой А. Казлова здольны на глыбокія пачуцці і перажыванні, здольны суперажываць, але страх быць падманутым прыводзіць да адсутнасці кахання: «Бо ўсё падман. Нават каханне. Ніколі не меў жадання быць саўдзельнікам хлусні і няшчырасці».

Часам адзінота герояў А. Казлова вынікае са спробы абараніць сябе, сваё «я» ад падпарадкавання натоўпу, імкнення пазбегнуць нівелявання натоўпам.

Адзінота герояў А. Казлова — гэта і вынік жыцця чалавека ў гарадскім асяроддзі з яго тэмпам, усярэдненасцю. Герой празаіка самотны ў перапоўненым людзьмі мегаполісе. І вакол яго — такія ж адзінокія і самотныя: «Яму надакучылі шкляныя дарогі горада, такія ж дамы і людзі са шклянымі тварамі. Нямашака цеплыні, агеньчыку сардэчнасці ды лагоды сярод мільёнаў зацывілізаваных, ненажэрных у сваіх жаданнях ды памкненняў гараджан».

У сваіх творах А. Казлоў звяртаецца да такіх істотных праблем, як атамізацыя людзей, уласцівая сучаснаму грамадству, страта нейкіх важных духоўных каштоўнасцей, зніжэнне духоўных патрэб: «Вірун даўно заўважыў, што вакольны свет пакрыху шызее, тупее, зарастае танным тлушчам, апускаецца ніжэй ватэрлініі», «вось бачыце: нічым я не адрозніваюся ад астатніх. Такі ж мізэрны ў сваёй велічы. Бо, як і ўсе, жыву ў грамадстве. А закон грамады важнейшы за асобу» («Абганяючы сны»); «ну не хачу я падавацца белай варонай, мяне задавальняе шэрая чарада, і я ў ёй як асобіна, часцінка цэлага варанячага кагалу», «я згубіўся ў шэрасці натоўпу». У творах празаіка адчуваецца выразны пратэст супраць падобных адносін, прынцыпаў, маралі.

Гучыць у творах А. Казлова і такая праблема, як «спекуляцыя на паніжэнне», па словах Б. Вышаслаўцава, характэрная для сучаснага соцыуму: «А хто, пакажы мне, ад макаўкі да пятак перапоўнены святасцю? Усе такія, адным мірам памазаныя. Чакаем выпадку, зручнага моманту, каб урваць, абхітрыць, падмануць. Хлусім, не міргнуўшы, направа і налева. Усміхаемся там, дзе па мардасах трэба даць, падлабуньваемся, робім “лізь-лізь”, дзе неабходна было б смачна плюнуць. І так ва ўсім: у сямейным жыцці, на працы, у адносінах між сябрамі і блізкімі».

У аповесці «Паразумецца з ветрам» герой прамаўляе: «Людзі без здрады не могуць. Здраджваюць бацькам, дзецям, каханым, а найперш — самім сабе. Гэта просценькая формула выжывання. Выжывання мурашоў».

Вядомая думка пра страту сучасным чалавекам нейкіх асноватворных, базавых жыццёвых арыенціраў. Жыццё чалавека ператвараецца ў набор вобразаў, масак, роляў (так званы сіндром Пратэя). Аднак вынік гэтага — распад цэльнасці асобы: «У табе, даражэнькі, я бачу не два, не тры, нават не шэсць абліччаў-асобін, а бясконцы мурашыны россып». Героі А. Казлова дэманструюць розныя мадэлі паводзін. Тыя героі пісьменніка, хто жывуць згодна са спажывецкімі прынцыпамі, накшталт «Жыццё — бясконцая гульня ў хованкі. Хто каго больш удала і праўдзіва надуе», «з усяго неабходна атрымліваць кайф», церпяць жыццёвую паразу. Таму што ігнараванне, адыход ад базавых каштоўнасцей, такіх маральных установак, як «не забі», «не хлусь», «не здраджвай», не толькі збядняе чалавека духоўна, але і вядзе да пэўнай жыццёвай катастрофы, як у выпадку з героем аповесці «Абганяючы сны». Іншым разам герой А. Казлова адчувае своеасаблівую насалоду ад адзіноты. Аднак жыццё без кахання, прыхільнасцяў спусташае яго.

Героі празаіка шукаюць сапраўднага, шчырага. Аднак чалавек, здольны да рэфлексіі, суперажывання, часта застаецца адзінокім у свеце спажывецкіх каштоўнасцей, з рынкавымі адносінамі ў каханні. Таму герой А. Казлова пастаянна звяртаецца ў сваіх думках, снах, мроях у свет дзяцінства, да вобразаў дарагіх людзей. Там ён шукае паратунку ад пустэчы, фальшу.

 У перажыванні самоты ёсць і станоўчыя моманты. Адзінота — пэўная форма пазнання сябе, актуалізацыі ўласнага «Я». Адзінота вучыць засяроджанасці, мудрасці — так званая пазітыўная адзінота. Зрэшты, адзінота выступае ў А. Казлова і крыніцай натхнення, дапамагае раскрыць глыбіню і шматстайнасць чалавечых перажыванняў, спрыяе нараджэнню вартых твораў.

Анжэла МЕЛЬНІКАВА, дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.