Вы тут

Каля дома Сотнікавых улетку збіралася ўся вуліца


У пасёлку Уза многа жыхароў з Брагінскага раёна, адселеных пасля Чарнобыльскага выбуху. Людзі з'язджалі далей ад небяспекі, здымаліся сем'ямі разам з дзецьмі і шукалі прытулак у новых мясцінах. Бацькі Галіны Сотнікавай таксама былі перасяленцамі. Прыехалі ў Буда-Кашалёўскі раён, узялі крэдыт і пачалі адбудоўвацца.


З дзіцячых успамінаў жанчына можа прыгадаць пустыр, дзе дзятва любіла паганяць мячык. Мясціны былі зусім немаляўнічыя: поле са стагамі ды звалка. Гэта цяпер спецыяльны трактар забірае смецце ледзь не ад самага дома, а раней такога не было, таму нярэдка вецер заносіў непрыемныя «сюрпрызы» проста на ўчастак.

— Звалку мы з мамай разбіралі разам, — успамінае Галіна Аляксееўна. — Яна і прапанавала зрабіць тут дзіцячую пляцоўку. Потым сама прыдумвала забаўкі для дзяцей. Мне з мужам усё гэта дасталася ў спадчыну, але таксама стараемся дадаваць штогод нешта новае.

Муж Галіны Вячаслаў служыць у МНС, энтузіязм жонкі падтрымлівае, дапамагае з цяжкай работай. Сама гаспадыня працуе на РУП Беларусьнафта «Асобіна». Сужэнцы гадуюць чацвярых дзяцей. Вясною і дарослыя, і малыя выходзяць рыхтаваць дзіцячую пляцоўку для лета. Бацькі рамантуюць і ўстанаўліваюць атракцыёны, дзеці аднаўляюць фарбы на малюнках казачных герояў. Цэлае лета потым гэты лапік зямлі зелянее і радуе погляд кветкамі, а пагуляць да Сотнікавых збіраецца дзятва з усёй вуліцы.

— Калі аднавяскоўцы дазналіся, што мы робім дзіцячую пляцоўку, таксама прыходзілі дапамагаць. Асабліва шматдзетныя сем'і, якіх тут многа, так што адносіны з суседзямі ўсталяваліся даволі цесныя, — расказвае Галіна. — Дапамагалі цалкам добраахвотна, мы ніякіх умоў не ставілі.

У кожнага атракцыёна свая гісторыя. Некаторыя «доўгажыхары» стаяць тут без нечага дзесяць гадоў, іх прыдумала і зрабіла мама Галіны, Валянціна Іванаўна. Старыя вучнёўскія крэслы Галіне аддалі ў мясцовай школе. Потым муж прыварыў іх да рамы, і атрымалася карусель. Знайшлі сваё месца на пляцоўцы і драўляная альтанка, і арэлі, якія аддала суседка. Пры гэтым у сельвыканкама Галіна просіць хіба толькі фарбы — падправіць колеры ў персанажаў пляцоўкі.

— Даглядаем месца ў асноўным самі, сям'ёй. Але калі ў аднавяскоўцаў ёсць свабодныя рукі і жаданне дапамагчы, то хто ж стане адмаўляцца? Вось суседзі пасадзілі бярозкі, а мы з другога боку высадзілі абрыкосавыя дрэўцы, — тлумачыць Галіна. — Малыя аблюбавалі пясочніцу і горку, больш дарослыя з задавальненнем гуляюць у мяч — мы спецыяльна зладзілі валейбольную пляцоўку: пракапалі раўчукі-разметку, паставілі слупы, на якія летам нацягваем сетку. Падлеткам падабаецца альтанка далей ад дарогі. Ёсць магчымасць бавіць час тут і дарослым — бліжэй да поля пастаўлены мангал, выкладзена вогнішча.

Амаль штогод на пляцоўцы з'яўляецца новы атракцыён — вось і цяпер Галіна падгадвае месца для чарговых арэляў. Такая «грамадская нагрузка» яе зусім не напружвае.

— Мне падабаецца тое, што я раблю. Напэўна, ад маці перадалася цяга ствараць нешта прыгожае, прыбіраць прастору, у якой жыву.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Мінск — Буда-Кашалёва — Мінск

Фо­та Ра­ма­на Веж­наў­ца

Загаловак у газеце: Прыбяры сваю прастору

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.