Вы тут

Творцы беларускай спадчыны


У серыі «Асоба і час» выдавецтва «Чатыры чвэрці», што расказвае пра жыццё і творчасць выдатных культурных дзеячаў Беларусі, з’явіліся дзве новыя кнігі, прысвечаныя Янку Сіпакову і Міхасю Дрынеўскаму.


Выданне зборніка «Янка Сіпакоў: “Жыві, як хочацца…”» было прымеркавана да дня нараджэння пісьменніка і паэта, якому ў снежні 2016 года споўнілася б 80 гадоў. Кніга складаецца з пяці раздзелаў. У першым, «Заступнік чалавечай дабрыні», — асаблівыя, цёплыя ўспаміны калег, сяброў, прыхільнікаў творчасці аўтара. Тут гісторыя пра выдатную бібліятэку Янкі Сіпакова, якая лічылася адной з самых багатых у Мінску. Зіновій Прыгодзіч згадвае, што кнігі для гэтай бібліятэкі здабываліся рознымі шляхамі і ў кожнай — свая дэтэктыўная гісторыя.

А вось Ала Жур, якую Янка Сіпакоў ласкава называў «добрай феяй», дзеліцца ўспамінамі пра размовы з пісьменнікам — кароткія гутаркі пра самае простае ў жыцці, сапраўдная мудрасць якіх раскрывалася пакрысе.

У раздзелах «Адкрыцці» і «Лінія паэтычнага гарызонту» змешчаны рэцэнзіі і водгукі на творы Янкі Сіпакова. Асаблівая ўвага надаецца паэзіі і прозе. У творчасці Я. Сіпакова ёсць і вянок санетаў, і кніга «Жанчына сярод мужчын», і наогул шмат вершаў, прысвечаных жанчыне. Лідзія Савік адзначае любоў творцы да вёскі, вясковых людзей і чалавечых якасцяў. Гэта найбольш яскрава выявілася ў славутых аповесцях «Крыло цішыні», «Усе мы з хат», мастацкім нарысе «Даверлівая зямля», апавяданні «Бывайце, Вясёлыя Скакухі» і яшчэ ў шматлікіх вершах, баладах, прытчах, эсэ.

Вячаслаў Івашчанка прапануе параўнаць два пераклады паэтычнага зборніка амерыканскага паэта Уолта Уітмена «Лісце травы». Першы пераклад зрабіў Янка Сіпакоў, другі — Міхась Зянкевіч. В. Івашчанка робіць выснову, што пераклад Зянкевіча «належыць хутчэй урачыстаму слогу антычнасці, чым сучаснаму ўспрыманню...», а «Янка Сіпакоў больш экспрэсіўны, яго пераклад відавочна больш эмацыйны», — тлумачыць В. Івашчанка. У падраздзеле «Неспатольная прага крыла» Любоў Ламека нават параўноўвае Я. Сіпакова і У. Уітмена: «Здавалася б, такія розныя жыццёвыя з’явы, сітуацыі, лёсы, час, а тэмпература сэрца — адна, і захопленасць — тая ж, і тая ж засяроджанасць роздуму аб таямніцах Прасторы і Часу, і дыханне — ва ўнісон, і такая ж чароўная ўсмешка, і песня — вольная і нязмушаная, і прарочая радасць надзеі, і такая ж годнасць духу!».

У раздзеле «Літаратура — гэта будаўніцтва храма» змешчаныя два інтэрв’ю Янкі Сіпакова. Першае было дадзена ім Людміле Рублеўскай у 2007 годзе, другое — Вялянціне Паліканінай у 2010-м, якое таксама стала апошнім інтэрв’ю пісьменніка пры жыцці: 10 сакавіка 2011 года Янкі Сіпакова не стала. Безумоўна, адказы Сіпакова — бадай, самае цікавае ў кнізе, бо ў іх — яго думкі, разважанні, эмоцыі, аповеды пра незвычайныя гісторыі.

У «Слове на развітанне», апошняй частцы кнігі, Анатоль Бутэвіч падсумоўвае: «З нашай нацыястваральнай гісторыяй ён быў “вочы ў вочы”. А ў гэткім стане не схлусіш — ні сабе, ні людзям». У кнізе «Міхась Дрынеўскі: “Песня даўжынёю ў жыццё”» сабраныя матэрыялы, што друкаваліся ў перыядычных выданнях у розныя гады, а таксама выказванні калег, сяброў і прыхільнікаў таленту Міхася Дрынеўскага, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі імя Г. І. Цітовіча.

Адкрывае альманах раздзел «Ад родных вытокаў», у якім сабраныя выказванні дактароў мастацтвазнаўства, прафесараў і пісьменнікаў. Святлана Берасцень адчыняе дзверцы ў гісторыю жыцця Міхася Дрынеўскага ад нараджэння. Тут і пра яго родны куток — вёску Тонеж Лельчыцкага раёна, «самую спеўную вёску» на Палессі, і пра тое, як падчас вайны браты Дрынеўскага, уцякаючы ад немцаў, кінулі паўгадовага Міхася ў бульбяным полі і знайшлі на наступны дзень, пра тое, як ён паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча і пачаў вучыцца «з нуля», паколькі музыцы быў абсалютна не навучаны. І, вядома, пра тое, як упершыню сустрэўся з Генадзем Цітовічам.

Галоўная справа жыцця Міхася Дрынеўскага — Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусі імя Г. І. Цітовіча. Безумоўна, хору, заснаванаму народным артыстам СССР Генадзем Цітовічам у 1952 годзе, у кнізе надаецца вялікая ўвага. Міхась Дрынеўскі ўзначаліў калектыў у 1975. Доктар мастацтвазнаўства Таццяна Мдзівані адзначыла, што з прыходам Дрынеўскага «пеўчы стыль хору здабыў новыя рысы». Дырыжор узбагаціў традыцыйную манеру спявання прыёмамі акадэмічнага вакалізавання і царкоўнага аднатэмбравага артыкулявання. Міхась Дрынеўскі ўвёў у рэпертуар народнага хору праваслаўныя песнапенні.

Дарэчы, з-за прызначэння М. Дрынеўскага пераемнікам Г. Цітовіча і змены рэпертуару іх сяброўства не пагоршылася. У другім раздзеле альманаха, «З невычэрпных крыніц», які прысвечаны менавіта інтэрв’ю з Дрынеўскім, дырыжор распавёў, што яго адносіны з папярэднім кіраўніком хору былі самымі лепшымі да апошніх дзён Генадзя Цітовіча.

Апошні раздзел, «Волат беларускай культуры», цалкам прысвечаны выказванням пра асобу Міхася Дрынеўскага. У словах, працятых цеплынёй і шчырасцю, адчуваецца сапраўдная любоў і бязмежная павага калег і сяброў.

Ксенія ВЯДЗМЕДЗЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.