Вы тут

У Навагрудку з'явіўся памятны знак дзецям — ахвярам Халакосту


У Навагрудку на месцы былога гета днямі з'явіўся памятны знак дзецям — ахвярам Халакосту. Дзяўчынка Міхле Сасноўская, чыя выява адлюстраваная на ім, у свой час здолела ўцячы з палону, але была расстраляная немцамі (пра яе лёс «Звязда» нядаўна пісала). Побач у скульптурнай кампазіцыі размяшчаецца дрэва жыцця са зламанымі галінкамі...


Джа­нет Джос па­ка­за­ла зроб­ле­ны ёй ка­лаж. На ім фо­та­вы­ява Міх­ле Са­сноў­скай пе­ра­не­се­на на су­час­ную на­ва­груд­скую ву­лі­цу.

Выява Міхле зроблена з рэальнага фотаздымка, які ўдалося адшукаць дзякуючы збегу абставін. Фота маленькай дзяўчынкі ў музей яўрэйскага супраціўлення прывезла англічанка, прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Джанет Джос. Яе сваякі родам з Навагрудка і Баранавічаў. Яшчэ ў 1930-я гады яны пераехалі ў Англію, але пра сваю радзіму не забываліся. Пасля вайны ў іх часта гасцяваў Джэк Каган — адзін з амаль трохсот яўрэяў, якім удалося здзейсніць унікальныя ў сваім родзе ўцёкі з гета ў Навагрудку. Аднойчы Джэк убачыў фотаздымак маленькай Міхле (яна была ў касцюме анёла) у старым альбоме сям'і Джосаў. Каган успомніў яе і расказаў трагічную гісторыю жыцця і смерці дзяўчынкі.

Памятны знак зроблены і ўсталяваны на сродкі мясцовага прадпрымальніка Сяргея Коваля. Ён надзвычай блізка да сэрца ўспрыняў гісторыю маленькай Міхле. І падумаў, што варта было б увекавечыць памяць пра ўсіх дзяцей, што загінулі падчас Халакосту. Да таго ж у пэўны момант Сяргей Коваль даведаўся, што Лейба Пінчук — адзін з арганізатараў уцёкаў з Навагрудскага гета — яго сваяк. У выніку з'явілася ідэя паставіць помнік на тэрыторыі былога навагрудскага гета побач з баракамі, дзе калісьці жылі яўрэі, а цяпер знаходзіцца музей яўрэйскага супраціўлення.

«Навагрудская зямля помніць шмат падзей. У гады ваеннага ліхалецця загінулі 45 тысяч жыхароў раёна — гэта людзі, якія марылі жыць, тварыць. Мы абавязаны захаваць памяць», — адзначыў старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч. У планах мясцовай улады далейшае развіццё музея, тэрыторыі былога гета і наваколля.

На адкрыццё памятнага знака ў Навагрудак прыехалі дыпламаты з амерыканскага і ізраільскага пасольстваў, даследчыкі Халакосту з Брытаніі, Аўстраліі і Канады, а таксама былыя вязні нямецкіх канцэнтрацыйных лагераў і гета, завіталі іншыя месцічы.

Сярод тых, каму ў 1943 годзе ўдалося ўцячы з Навагрудскага гета — і сваякі зяця Дональда Трампа Джарэда Кушнера, якія пераехалі ў Амерыку. У прыватнасці, бацька Джарэда Чарльз Кушнер выдзеліць сродкі на ўзвядзенне мемарыяльнага знака аб вязнях гета — так званай сцяны памяці. Яе адкрыюць у наступным годзе — у 75-ю гадавіну ўцёкаў вязняў з гета — 26 верасня 2018 года. Даўжыня сцяны складзе каля 15 метраў, вышыня — да 3.

Сям'я Кушнераў выдзеліць на будаўніцтва мемарыяльнага знака звыш $36 тыс. Першы транш у памеры $9 тыс. ужо паступіў у Беларусь. Плануецца, што на цырымонію адкрыцця прыедуць члены сям'і Кушнераў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Міхле, якая хацела жыць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.