Вы тут

Перапоўнены куфар


Змяншэнне цікавасці да чытання літаратуры, пра што так часта ды бясплённа вядуцца гаворкі ў творчых і акадэмічных асяродках, стала прычынай і яшчэ адной досыць пашыранай сёння з’явы: змяншэнне адказнасці чалавека, які выдае кнігу, за свой мастацкі плён.


Чытацкая аўдыторыя часам настолькі маленькая, што цалкам ахоплівае сяброўска-сямейнае кола, дзе цябе абавязкова прымуць, прачытаюць і дадуць выключна станоўчы водгук. Паколькі руплівыя аўтары ўжо даўно імкнуцца выдаваць кнігі за свой кошт невялічкімі накладамі (100, 200, 300 асобнікаў), то на рэдактарах амаль заўсёды эканомяць. Гэта зразумела. Але маё перакананне застаецца нязменным: кніга без рэдактара — усё адно што неахайны ў знешнасці чалавек. Унутраная прыгажосць і высакародства раскрываюцца цягам знаёмства ці, прынамсі, працяглай размовы. А размова можа не адбыцца, калі цябе адштурхне непрывабны знешні выгляд. Калі ў кнізе на сотню вершаў будзе хаця б дзясятак такіх «недагледжаных», то гэта адназначна сапсуе ўражанне, не дазволіць ацаніць тое сапраўды каштоўшнае і непаўторнае, чым мае падзяліцца аўтар.

Мабыць, прычына такога стану «палегчанай» адказнасці яшчэ і ў тым, што сёння выхад кнігі вершаў ці празаічных твораў далёка не заўсёды ўспрымаецца як падзея ў літаратурным жыцці краіны, але як важная падзея ў жыцці кожнага асобнага аўтара — заўсёды. Маўляў, мая асабістая справа — як хачу, так і раблю. І гэта зразумела. Сёння многае «праходзіць» міма ўвагі літаратурнай перыёдыкі, многае не заўважаецца і забываецца раней, чым адбудзецца прэзентацыя. Таму таленавітыя людзі, чый творчы куфар час ад часу напаўняецца радкамі, строфамі, абзацамі, дзеляцца гэтым набыткам з тымі, хто побач, хто можа ацаніць і заўважыць. Такое своеасаблівае змяшчэнне сутнасных акцэнтаў пісьменніцкай дзейнасці.

У новай кнізе Святланы Куль «Вершы. Байкі. Паэмы» (Гародня: «ЮрСаПрынт», 2017) няма знарочыстай літаратурнасці. Аўтарка сапраўды нібы паклала на паэтычныя радкі музыку сваёй штодзённасці: жыццё паміж дзвюма краінамі, паміж успамінамі пра юнацтва і днём сённяшнім, паміж цеплынёй бацькоўскага дома, што засталася адно ў душы, і скразнякамі адзіноты… Лірычная гераіня шчымліва-шчырая ў раздзелах «Асабістае» і «Настальгія» («Ідзі адсюль. Ідзі. / Ты тут чужая. / Прыходзь пасля. Калісьці. Неяк потым. / У кубках двух — гарбата залатая. / А ты ідзі адсюль, мая самота»); роспачна-адважная ў раздзеле «Вайна», дзе асэнсоўваюцца трагічныя і складаныя грамадска-палітычныя працэсы сучаснасці («Мой час сапсаваўся, не вытрымаў гэтага лета, / Зламалася нешта — ці голас, ці сэрца, ці памяць. / Пайду да майстэрні, дзе ёсць дзыгармайстар-кабета, / Яе папрашу — можа, час паламаны паправіць»); гарэзліва-саркастычная ў байках, баладах і песнях («Аднойчы Зеўс гарэзаў-муз / Злучыць прыдумаў у Саюз, / Маўляў, ім будзе так утульней, / Амброзію паводле плана / Падзелім цэнтралізавана, / Без розных закулісных гульняў!»). Яркія, запамінальныя палкім гучаннем вершы ёсць і ў раздзеле «Вянкі, вясёлкі, нізкі»: аўтарка шукае новыя сэнсы ў класічных формах (вянок санетаў «Гітара»), шукае суладдзе колераў і мелодый, спрабуючы знайсці слоўны код музыкі і фарбаў… Адметнасць мастацкага афармлення ў тым, што паэтычныя радкі аздобленыя выцінанкамі Вольгі Бабурынай. Выкарыстаныя ў якасці ілюстрацый, яны сапраўды нібы «праяўляюць» тое, што паэтка пакінула непрамоўленым.

Але кніга ўсё-ткі перагружана радкамі-паўторамі, што ўспрымаюцца як водгулле беларускай паэзіі розных перыядаў: у паэмах адчуваеш «купалаўскі» пачатак мінулага стагоддзя, у вершах пра каханне — узнёслую скруху «паводле Яўгеніі Янішчыц», у настальгічных вершах і песнях, прысвечаных сябрам, — бардаўскія адгалоскі 1990-х. Для самой Святланы Куль гэта ўсё, безумоўна, аўтэнтычна, сугучна імгненню стварэння пэўнага верша, але для чытача (а кніга адрасаваная шырокаму колу, як пазначана ў анатацыі) многае арыгінальным і глыбокім не будзе. Гэта тое самае змяшчэнне сутнасных акцэнтаў, пра якое вялося ў пачатку: не ўлічваецца агульны літаратурны кантэкст, а толькі кантэкст індывідуальнай творчай эвалюцыі. Ствараецца такая сітуацыя, калі сучасны аўтар не бачыць сябе ў агульным кантэксце (свядома ігнаруе яго) альбо не бачыць кантэксту і ўрэшце аказваецца ў двухсэнсоўным становішчы.

Святлана Куль, вядома, звяртаецца да асэнсавання матываў сваёй творчасці і фармулюе іх вельмі дакладна:

Нашто пішу? Ці я павінна

Жыццё аддаць такой рабоце?

Ляплю чарговую цагліну

У папяровым пераплёце.

З вяршыні ў неба дакрычацца б,

З сваёй цаглінкі — да Нябёсаў.

Хіба не ўсе паэты свету спрабуюць праз слова дакрычацца да нябёсаў?

Праўда, паэзія, паэтычная творчасць для аўтаркі — не магістральны шлях. Доктар гістарычных навук Святлана Куль вядомая найперш як аўтар многіх каштоўных навуковых распрацовак, таму літаратурная творчасць для яе ў пэўным сэнсе —  жыццёвая ўзбочына. І ў такім выпадку ўсё-ткі варта вельмі адказна паставіцца да пытання, наколькі шырокім павінна быць кола чытачоў, калі кніга не ёсць плёнам прафесійнай дзейнасці.

Жана КАПУСТА

Каментары

Дзякуй, спадарыня Жанна, за рэцэнзію. За добрыя словы і заўвагі. Можа толькі некалькі словаў мушу сказаць. Кніга адрасаваная шырокаму колу чытачоў, са спадзяваннем, што яны будуць думаць над тым, што ў ёй напісана. Там многае не на паверхні ляжыць. Маленькі прыклад з таго, што вы цытуеце: "папяровая цагліна" - гэта звычайнае пазначэнне дысертацыі або навуковай манаграфіі, але не вершаванай кнігі. Таму гэта "работа" лірычнай гераіні, а не крэда яе паэзіі. "Залатая гарбата" для дваіх - гэта алюзія да "залатога супа" для маладых на яўрэйскім вяселлі. Дзьве паэмы з трох ніяк не могуць быць звязаныя з Купалай, бо адна бурлеск на "Песьню пра зубра", а другая - пародыя з элементамі постмадэрністскіх прыёмаў гратэска. У вясёлцы пра музыку не вядзецца пра спалучэнне колеру і музыкі, але пра пракляцце 9 сімфоніі, апошнія творы 7 кампазітараў, пры тым паводле узыходзячай гамы. Галоўныя творы ў гэтай кнізе менавіта "вясёлкі",шкада, што пра іх вы напісалі два словы, а праграмная з іх - "Чалавек". Хацелася б ведаць, ці здагадаліся вы, хто такая царыца Амарны, або якое значэнне ў гэтым творы маюць гліна і зоры. Я разумею, што я не прафесіянал у паэзіі, а ці ёсць у паэзіі прафесіяналы? Не ведаю, ці мой гэты пост надрукуюць, тут мадэрацыя, але хацелася б, каб вы яго прачыталі. З павагай. Святлана Куль.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.