23 верасня, серада

Вы тут

У любой незразумелай сітуацыі звяртайцеся ў службу 115


Тры лічбы тэлефоннага нумара адзінай дыспетчарскай службы 115 за апошнія два гады настолькі шчыльна заселі ў свядомасці мінчан, што, здаецца, нават сярод ночы любы жыхар сталіцы назаве іх без запінкі. У найбліжэйшай будучыні вывучыць кароткі нумар і электронны адрас партала 115.бел давядзецца і тым, хто жыве ў іншых буйных гарадах Беларусі, у Віцебску служба таксама пачала работу. Мы пагаварылі з мінчанамі, каб даведацца іх меркаванні аб новаўвядзенні, якое надзіва хутка стала цалкам звыклым, але як тэма для актыўнага абмеркавання сваю актуальнасць не страціла.


Кастрычнік для камунальнікаў заўсёды з'яўляецца самай гарачай парой у прамым і пераносным сэнсе слова. Бо з надыходам сапраўдных восеньскіх халадоў паўсюдна пачынае паступаць доўгачаканае цяпло. Апошнім часам гэтаму папярэднічае тыдзень скаргаў у сацыяльных сетках і спроб трапна пажартаваць пра спосабы сагрэцца. Не дзіўна, што ўсе пастаянна прыслухоўваюцца да шуму ў трубах: «Ці не раздасца характэрны, ласкальны для вуха, гук?» І калі адбываецца затрымка хоць на суткі ад першай абяцанай даты, людзі пачынаюць масава ўпадаць у паніку.

Вось і Наталля, маці дваіх дзяцей, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, вырашыла высветліць у адзінай дыспетчарскай службы, калі ж нарэшце цяпло дабярэцца і да яе дома.

— Думала, удакладню і буду спакойная. Набіраю нумар — занята, правяраю партал — не працуе. І так па крузе. Адразу пачынаеш сябе накручваць, маўляў, значыць нешта здарылася, можа, аварыя, і ацяплення яшчэ доўга не будзе. Патраціла на гэта ў агульнай складанасці некалькі гадзін, нічога так і не дазналася, толькі нервы выматала. Я бы лепш пагадзілася заплаціць за даведку і атрымаць інфармацыю адразу, чым яшчэ раз паўтараць гэтыя беспаспяховыя спробы. А калі б у нас нешта сур'ёзнае адбылося, што не церпіць затрымак? — разводзіць рукамі Наталля.

Гэта гісторыя чымсьці нагадвае сітуацыю з чаргой у паліклініках. Кожны сцвярджае, што яму «толькі спытаць», адбываецца блытаніна, і працэс прыёму запавольваецца. Так і тут: людзі самі стварылі падставу для турбот, а затым і перагрузку на лініі. І выснова: не мы дарэмна паднялі паніку, а сістэма дрэнна працуе. Толькі на партал «Мой горад» і чат-бот службы ў месенджарах паступіла больш за 150 тысяч запытаў пра дату ўключэння ацяплення. А ўся сутнасць праблемы — днём раней ці днём пазней.

Тое ж самае адбываецца і пры буйной аварыі. Людзі скардзяцца, што не могуць датэлефанавацца на 115, і нібыта з-за гэтага непаладку даўжэй не ліквідуюць. Але, можа быць, гэта з-за таго, што вы далёка не першы, хто заўважыў адсутнасць, скажам, святла або воды ва ўсім раёне? Вядома, не варта займаць і супрацьлеглую пазіцыю: маўляў, людзей шмат — хто-небудзь дакладна здагадаецца паведаміць. Выхад, мабыць, у тым, каб не падымаць паніку і меркаваць аб рабоце службы, у першую чаргу, не па форме ўзаемадзеяння, а па выніках.

І калі ў пачатку ацяпляльнага сезона жыхары горада абрываюць тэлефон 115, думаючы пераважна пра сябе, ёсць і такія, хто проста «за парадак», таму звяртаюцца яны ў службу не толькі ў крытычнай сітуацыі. Адзін з іх мінчанін Артур. Маладому чалавеку ўсяго 25 гадоў, але тэма добраўпарадкавання раёна не пакідае яго абыякавым, хоць, здавалася б, павінна быць бліжэй людзям больш старэйшым.

— Бацькі яшчэ з дзяцінства называлі мяне педантам. І сапраўды, я аддаю перавагу становішчу, калі ў доме пануе бездакорны парадак. Але, паколькі я і так падтрымліваю яго пастаянна, адчуў неабходнасць пашырыць межы сваёй «маніі», — усміхаецца Артур. — Я працую дома, таму ўзяў за звычку кожны дзень у любое надвор'е шпацыраваць не менш за гадзіну. Калі надакучае разглядаць тое ж восеньскае лісце, прыгожае, але ўсё ж такі аднатыпнае, пачынаеш звяртаць увагу на дэталі. Напрыклад, зламаную лаўку, ліхтар, ад якога застаўся толькі слуп, буйную яму на дарозе і гэтак далей.

Паралельна я пачуў пра з'яўленне новага партала 115.бел, таму пачаў рабіць здымкі падобных «касякоў» і адпраўляць туды. Цяпер прагулкі чымсьці нагадваюць квэст: спачатку заўважыць праблему, а потым прасачыць
за яе рашэннем.

Па словах Артура, за апошні год ён падаў каля 50 заявак. З іх праблемы былі вырашаны дзесьці ў 80% выпадкаў. Праўда, сістэма, на погляд маладога чалавека, пакуль вымушае жадаць лепшага:

— Наколькі мне вядома, у аварыйных сітуацыях дзейнічаць пачынаюць неадкладна. А вось для ўсіх астатніх скаргаў можна было б распрацаваць якую-небудзь сістэму балаў. Напрыклад, яма на дарозе — 5 балаў, гэта максімум, значыць, трэба разабрацца ў найбліжэйшыя два-тры дні. А пратаптаная ў неналежным месцы сцежка — гэта 1 бал, можна пачакаць і больш за тыдзень.

У цэлым сама спецыфіка партала мае на ўвазе, што на яго будуць паступаць не тэрміновыя паведамленні, бо час мадэрацыі — пакуль такое з'явіцца на сайце — можа даходзіць да трох сутак. Пасля гэтага яшчэ восем рабочых дзён займае чаканне адказу. Прычым час чакання адказу і час вырашэння праблемы — гэта не заўсёды сінонімы. Адказам можа паслужыць і фармулёўка «на кантролі».

І ўсё ж людзі звяртаюцца, а праблемы вырашаюцца. Цяпер колькасць зарэгістраваных на партале складае больш за 50 тысяч чалавек. Колькасць вырашаных праблем — амаль 88 тысяч, у той час як усяго прынята каля 97 тысяч заявак. Некаторыя пытанні чакаюць свайго рашэння, а некаторыя проста не ўваходзяць у кампетэнцыю адзінай дыспетчарскай службы.

Найбольш часта сярод прэтэнзій да работы службы мінчане называюць неабходнасць пакідаць свае кантактныя звесткі, не заўсёды дастатковую аператыўнасць, а таксама некампетэнтнасць аператараў (ці ўсё ж такі і саміх заяўнікаў?) у некаторых тэхнічных момантах. Затое адзначаюць іх бездакорную ветлівасць. Акрамя таго, хваляць зручны фармат працы партала 115.бел, дзе на свае вочы можна ўбачыць, што праблема сапраўды вырашана, наяўнасць адзінага простага нумара, які істотна эканоміць каштоўны час, а таксама ўкараненне актуальных тэхналогій, такіх, як зручны чат-бот, — для многіх прагрэсіўнасць камунальнікаў стала прыемным сюрпрызам.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Гарачы час для камунальнікаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.