Вы тут

ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў сабраў каля 25 тыс. чалавек


Кантыненты сышліся ў Сочы: больш за 25 тысяч чалавек са 180 краін прыехала на ХІХ Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў, каб абмяняцца ідэямі, зірнуць на глабальныя пытанні ўсяго чалавецтва і пастарацца знайсці на іх адказы.


Праграма мерапрыемства была напоўнена абмеркаваннямі культурных і навуковых тэм. Не абмінулі і высокія тэхналогіі, аўтаматызацыю прафесій. І, здаецца, не было таго, што не паспелі закрануць за фестывальны тыдзень. Засвоіць такую колькасць інфармацыі без належнага расслаблення цяжка. Але арганізатары прадумалі і гэта. У распараджэнне ўсіх удзельнікаў выдзелілі вялікую пляцоўку для спартыўных і экстрэмальных дысцыплін. Пра тое, як можна было здаць спартыўныя нарматывы, заняцца адразу некалькімі відамі баявых мастацтваў у адзін дзень, падрабязней у матэрыяле нашага карэспандэнта.

На фестывалі пастаянна праходзілі сяброўскія спартыўныя мерапрыемствы. Так, усе ахвотныя маглі паўдзельнічаць у забегу-2017 на трасе «Формулы-1», на якім была і генеральны прадзюсар «Матч ТБ» Ціна Кандэлакі. Яна адправілася туды адразу са сцэны. Практычна кожны дзень удзельнікі фестывалю здавалі нарматывы ГПА і атрымлівалі памятныя прызы. Для гэтага трэба было выбраць пяць «страў з меню», у якое ўваходзілі адцісканні, падцягванні, прэс, штуршок гіры, скачкі ў даўжыню і іншыя. Прычым маглі гэта зрабіць і дзяўчаты, і хлопцы любога ўзроўню падрыхтоўкі.

Таксама на мерапрыемстве працавалі і пляцоўкі для экстрэмальных відаў спорту. Калі вы любіце BMХ, ролікавыя канькі або скейтборд,  вам пэўна трэба было ісці сюды. Усім ахвотным давалася экіпіроўка і месца на рампе. Аматары футбола маглі сабраць сваю каманду і паўдзельнічаць у сяброўскім міжнародным турніры. І гэта самыя прыкметныя, але далёка не ўсе спартыўныя мерапрыемствы, якімі быў напоўнены фестываль. Удзельнічаць можна было ў кожным без перапынку, у адным за адным. Без перабольшання — Алімпіяда актыўна адпачывала.

На працягу фестывальнага тыдня кожны дзень праходзілі і трэнінгі па баявых мастацтвах. Прычым узровень складанасці трэніровак тут сапраўды быў індывідуальны. Калі аматар і пачатковец — вас вучылі рухацца і паказвалі асновы. Калі вы ўжо ў тэме — дэманстравалі складаныя звязкі ўдараў і логіку вядзення паядынку. Мне пашанцавала паўдзельнічаць у майстар-класе па кікбоксінгу ад заслужанага майстра спорту, шматразовага чэмпіёна Расіі, СНД, Еўропы і свету Руслана Тазліяна. Магу адзначыць, што трэніроўка выйшла дынамічная. Руслан Тазліян пазней сказаў, што яшчэ дзень таму ён паказваў больш простыя рэчы, але потым заўважыў: публіка сабралася падрыхтаваная, і ёй трэба было нешта паскладаней. «Я планаваў паглыбіцца і даць камбінацыі прафесійнага ўзроўню, якія выкарыстоўваю сам. Гэты фестываль для мяне — унікальная магчымасць паказаць моладзі ўсяго свету, што такое кікбоксінг. Акрамя таго на фестывалі ёсць самыя разнастайныя кірункі айкідо, каратэ, самба, якія цікавыя мне як прафесіяналу. Тут мы дзелімся і атрымліваем новы вопыт. У сяброўскай атмасферы развіваемся і развіваем іншых», — растлумачыў Руслан Тазліян.

У канцы тыдня прайшоў фестываль баявых мастацтваў. Майстры і іх вучні 13 відаў усходніх і спрадвечна рускіх відаў адзінаборстваў сустрэліся на адным татамі насупраць Алімпійскага агню і паказалі ўсё, на што здольныя. Сіла духу і гармонія ішлі да гледачоў ад спартсменаў з усіх краін свету. Гэтыя эмоцыі падкрэслівалі агульныя паняцці фестывалю — аб'яднанне, разуменне і ўзаемапавага.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Фестываль са спартыўным ухілам

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.