Вы тут

Рэцэпты ад старасці слова


Чытач чакае новых тэм, паэты шукаюць новых спосабаў рыфмавання ды шторазу вынаходзяць ровар. Казімір Камейша ў новай кнізе «Гордзіеў вузел» («Чатыры чвэрці», 2016) застаецца адданым класічным вершаваным тэхнікам.


Верш «Пушчанская малітва», якім распачынаецца зборнік, сапраўды шмат у чым вызначальны: у кнізе шмат пошуму вершалінаў дрэў, шоргату лісця пад нагамі, водару свежага паветра восеньскага ранку… «Хоць рос я, гледзячы на лес, ды вырас, лес шануючы», — прызнаецца ў іншым вершы лірычны герой, гуляючы з сэнсамі ўстойлівых выразаў. Пра тое, што лес у беларускім нацыянальным космасе — значна больш, чым проста прыроднае атачэнне, ужо неаднойчы пісалі. Аднак сёння «лясныя» і «пушчанскія» вершы ўспрымаюцца па-іншаму, і сустрэць іх можна толькі ў творчасці паэтаў сталага пакалення. Калі малады Уладзімір Дубоўка з захапленнем выгукаў: «Залатая асенняя раніца! Хараством ты на свеце адна!», то ён дакладна меў на ўвазе не краявід з балкона. Захапленне прыродай у сучаснай паэзіі — альбо алегарычнае пазёрства, альбо плён настальгічнай вылазкі на малую радзіму.

У Казіміра Камейшы паэтычныя пейзажныя замалёўкі, нават калі яны не падсвечаныя адценнямі алегорыі, гучаць натуральна. Ну і, вядома, дарога з лесу вядзе да вясковай хаты. Праўда, усё часцей гэта пустая, пакінутая людзьмі хата, якая пад цяжкім замком, як крыжам, канае пад чыстым ясным небам. І ў гэтым нашмат болей праўды, чым у надакучліва-настальгічных згадках пра родную бацькоўскую хату, дзе можна спачыць душой, бо напраўду гэтая прапісаная да дробных дэталяў карціна ўжо сталася толькі мастацкім вобразам. Хаця ёсць у кнізе і такія класічныя беларускія прыпаміны пра маму, «якая серп на плячы нясе» і доўгую бацькаву світку. Імпануе ў паэтычным ракурсе, створаным Казімірам Камейшам, акурат асэнсаванне бездані між светасузіраннем бацькоў і дзяцей сярэдзіны ХХ стагоддзя. І справа тут не ў адвечнай праблеме бацькоў і дзяцей. Гэта не простая канстатацыя зменаў у сацыяльным жыцці краіны і не перабольшанае познім пакаяннем спачуванне цяжкай сялянскай працы бацькоў. Гэта найперш паэтычнае асэнсаванне:

Востра-востра назублены серп…

Яны ж і не сыдуцца аніколі:

Маладзік насерплены на страсе

І серп назублены над страхою.

У кнізе «Гордзіеў вузел», дзе так багата позняга жніўня і ранняй восені, паэт асэнсоўвае і сваю жыццёвую восень: прыгадвае маладосць, гледзячыся ў люстэрка ўлюбёнага возера Кромань: «Вяроўкай дарога, / вузламі сляды…». Мабыць, менавіта гордзіеў вузел жыццёвых нягодаў, турботаў і стратаў спрабуе рассячы лірычны герой, каб адчуць праз мітусліва-нявартаснае ўзвышаную прасветленасць нябёсаў. У значнай ступені пра гэта ж — і паэма «Няміга»: паэт шукае ў лабірынтах сваіх сноў вытокі і вусце ракі як спосаб вярнуцца да першаснага, натуральнага, нескажонага падманам часовых матэрыяльных выгодаў разумення сэнсу жыцця. Магчыма, паэтычныя развагі лірычнага героя ў паэмы крыху расцягнутыя, абцяжараныя лішнімі дэталямі і параўнаннямі, што не ідзе на карысць выразнасці сэнсу.

Ужо знаёмыя чытачу лірычныя мініяцюры «Паміж кубкам і вуснамі» сугучныя паводле агульнага настрою з паэтычнай часткай. Цікава чытаюцца згадкі пра сустрэчы і прыгоды з удзелам вядомых пісьменнікаў (чаго вартая, напрыклад, начная сустрэча ў парку акцёра Купалаўскага тэатра Паўла Дубашынскага з Анатолем Вялюгіным), з усмешкай успрымаюцца гісторыі з карэспандэнцкага жыцця аўтара (калі для паказальнага здымка старшыню калгаса давялося ставіць на фоне кукурузнага поля на калені), прымушаюць задумацца меркаванні пра тое, што літаратурнае слова старэе «не ад частага, а проста ад няўмелага ўжытку»… Казімір Камейша прыходзіць да высновы, што не старэе, не становіцца надакучлівым слова толькі ў малітве, таму менавіта да яе часцей трэба звяртацца кожнаму пісьменніку. Мабыць, менавіта таму і «Гордзіеў вузел» распачынаецца своеасаблівай паэтычнай (пушчанскай) малітвай.

Жана КАПУСТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.