Вы тут

Кніжныя навінкі ад «Звязды»: вы знойдзеце тое, чаго няма ў інтэрнэце


Прасачыць гісторыю развіцця краіны з 1917 года праз урыўкі з газетных артыкулаў... Паспрабаваць знайсці сувязь паміж спрадвечнай памяркоўнасцю беларусаў і складанымі працэсамі ў эканоміцы... Пагартаць дзённікавыя запісы і лісты Ігната Дамейкі... Усё гэта вы зможаце зрабіць, калі пазнаёміцеся з новымі кнігамі нашага Выдавецкага дома!


“Звязда”: гісторыя газеты – гісторыя краіны : (падарожжа праз стагоддзе)”. Укладальнік – Алена Ляўковіч; аўтары тэксту: Алена Дзядзюля, Вераніка Канюта, Вікторыя Целяшук; пад агульнай рэдакцыяй П. Я. Сухарукава

У гэтым годзе газета “Звязда” адзначыла свой 100-гадовы юбілей. Выданне можна без перабольшання назваць дакладным летапісам гісторыі краіны, які бярэ свой пачатак у няпросты час узрушэнняў і перамен 1917 года. “Звязда” заўсёды расказвала пра падзеі, якія ў той ці іншай ступені ўплывалі на краіну і людзей, развівалася разам з Беларуссю, перажывала з ёй радасці і няўзгоды. На старонках гэтай кнігі – усё жыццё газеты, якое нашло адлюстраванне ў архіўных фотаздымках і цытатах з выпускаў, што друкаваліся ў самыя розныя часы. Вось зусім яшчэ маладая “Звязда” грозна паведамляе чытачам пра ліквідацыю непісьменнасці ў 1920-я гады: “Калі сярод непісьменных працоўных знойдуцца асабліва ўпартыя ў сваёй цемнаце і не жадаючыя вучыцца (а такіх не можа і не павінна быць), то ў адносінах да іх павінны быць прынятыя самыя суровыя меры, як да злосных дэзерціраў з фронту асветніцтва”. А вось 22 чэрвеня 1941 года, у той час, калі адна з жудасных старонак у гісторыі Беларусі ўжо была адкрыта, на газетных старонках пакуль яшчэ пануе мірнае жыц­цё ўчарашняга дня: “На Мінскім возеры адкрываецца купальны сезон. На беразе возера пачнуцца масавыя гульні. Будуць іграць 6 аркестраў”...  Вось “Звязда” радуецца першаму палёту чалавека – савецкага чалавека! – у космас: “Вы, магчыма, памятаеце, як абрысаваў Канстанцін Цыялкоўскі сваю мару аб палёце касмічнага карабля з людзьмі на борце. Час гэтай падзеі ён аднёс да 2017 і наступных гадоў… Ён толькі не меркаваў, што падзеі разгорнуцца значна хутчэй – не ў 2017, а ў 1961!” А вось газета становіцца пляцоўкай для публікацыі меркаванняў чытачоў наконт статусу беларускай мовы ў пачатку 90-х: “Чытаю палеміку вакол беларускай мовы, і вельмі балюча за непавагу да яе. Ну, хто б адважыўся спытаць, напрыклад, у француза, ці патрэбна яму французская мова? ...Я не за прымусовае яе ўвядзенне, але хачу, каб беларус не адчуваў сябе іншаземцам у сваёй рэспубліцы”.

Некаторыя ўрыўкі могуць сёння падацца незразумелымі ці дзіўнымі, некаторыя – выклікаць настальгію, але кожны з іх, як і кожны фотаздымак з кнігі, – “дзіця” сваёй эпохі. Гартаючы старонкі гэтага юбілейнага выдання, думайце, перажывайце, узнаўляйце, і... зазірайце наперад.


“Потому что так решили мы”: поведенческая экономика Беларуси и её раскодирование”

К. В. Руды і інш.

“Першая ў сваім родзе кніга звязвае нацыянальныя асаблівасці мыслення беларусаў з эканамічным і сацыяльным развіццём. Ад шматвяковай “памяркоўнасці” да праблем з прыцягненнем інвестыцый”. “Тлумачэнне складаных працэсаў у беларускай эканоміцы дапамагае перавесці “невырашальную” праблему ў русла практычнага рашэння з рэкамендацыямі і напрамкамі руху... Кніга “Потому что так решили мы” для мяне зрабіла больш празрыстымі і зразумелымі тыя праблемы і эмпірычныя шляхі іх пераадолення, з якімі ў апошнія 20 гадоў сутыкаецца наша кампанія”. “Яркі погляд на эканоміку праз прызму паўсядзённых каштоўнасцей i стэрэатыпаў сучасных беларусаў. Напісана займальна і даступна, дзякуючы чаму можа зацікавіць шырокае кола чытачоў Беларусі”. Такімі станоўчымі ўражаннямі падзяліліся тыя, хто паспеў пазнаёміцца з новай кнігай Выдавецкага дома “Звязда”: прафесар фінансаў і дырэктар аспірантуры Арызонскага дзяржаўнага універсітэта Юрый Церлюкевіч; беларускі прадпрымальнік, заснавальнік і старшыня праўлення EPAM Systems (NYSE) Аркадзь Добкін; культуролаг, драматург, празаік Юлія Чарняўская.

Гэта выданне – працяг другой калектыўнай манаграфіі, навуковым рэдактарам якой таксама выступіў беларускі эканаміст і дыпламат Кірыл Руды, – “Финансовая диета: реформы государственных финансов Беларуси”. Першая кніга выклікала вялікую цікавасць у чытачоў. Але ж без раскадзіравання “фінансавая дыета” вядзе да грашовага голаду і не ратуе ад стагнацыі . Як асаблівасці менталітэту, мыслення і паводзін беларусаў уплываюць на эканамічную сітуацыю ў краіне? Ці можна гэта змяніць? Як раскадзіраваць беларускую эканоміку і вывесці яе на траекторыю росту? Шукайце адказы і новы пункт гледжання на старыя рэцэпты разам з аўтарамі выдання “Потому что так решили мы”.


“Ігнат Дамейка: З Мядзвядкі – у Санцьяга-дэ-Чылі (1802–1889)”

Пас Дамейка Леа-Пласа

Нават калі ў Польшчы, Літве, Беларусі і Чылі Ігната Дамейку ўзгадваюць як выдатнага вучонага і педагога, даследчыка і асветніка, не заўсёды гавораць, што яго асоба значна шырэйшая за рамкі гэтых азначэнняў. Кніга аўстралійскай пісьменніцы Пас Дамейка Леа-Пласа – гэта новы погляд на жыццё і дзейнасць беларускага дзеяча з сусветным імем, прадзядулі аўтара. Яна акцэнтуе ўвагу на душэўных якасцях і пачуццях свайго героя, які знайшоў сваё месца ў Чылі, але сэрцам заўсёды заставаўся на Радзіме.

“Кніга «Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі – у Санцьяга-дэ-Чылі» заснавана на дзённіках і лістах майго прадзядулі (асветнік вёў перапіску з вядомымі асобамі XIX стагоддзя, ён быў блізкім сябрам вядомых людзей свайго часу, і перш за ўсё – знакамітага паэта Адама Міцкевіча). Я не гісторык і не навуковец. Мяне выхоўваў бацька, які проста абагаўляў свайго дзядулю. Ужо дарослай я прачытала дзённікі Ігната Дамейкі і была зачараваная як яго гарачым гуманізмам, так і дасягненнямі вучонага і даследчыка.

Кніга, якую вы зараз трымаеце ў руках, – вынік майго захаплення. Я ўпэўнена ў тым, што яго жыццё і прыгоды склаліся ў займальную і натхняльную гісторыю. Працуючы над кнігай, я імкнулася ўзнавіць вобраз жывога чалавека, схаванага за легендай. Для гэтага спатрэбілася не завастраць увагу (наколькі гэта магчыма) на яго грамадскай дзейнасці і на дасягненнях у сферы адукацыі і навукі.

Увесь матэрыял, які трапіў у кнігу, я сабрала з цвёрдым намерам паказаць іншага Ігната Дамейку – высакароднага чалавека, удзячнага назіральніка і добрага сем’яніна, якім ён і быў”, – шчыра адзначае аўтар у прадмове да кнігі.


“Полигон: История Скобелевского военного лагеря”

Уладзімір Ліхадзедаў, Уладзімір Пефціеў, Гардзей Шчаглоў

“Полигон: История Скобелевского военного лагеря” – новае выданне ў рамках вядомага праекта “У пошуках страчанага”, які пачаўся з газетных публікацый і ў далейшым знайшоў сваё ўвасабленне ў кнігах, выставах і нават музейных экспазіцыях.

Гэта выданне з’яўляецца вынікам першага даследавання, прысвечанага гісторыі легендарнага Скобелеўскага ваеннага лагера, які быў заснаваны ў канцы XIX стагоддзя паміж Баранавічамі і Слонімам для патрэб адной з дывізій Рускай Імператарскай Арміі. Паколькі ў частках дывізіі служылі ў асноўным мясцовыя выхадцы: беларусы, яўрэі, палякі, татары і іншыя, то гэта гісторыя і пра іх – пра адну са старонак іх армейскага жыцця.

Кніга заснавана на ўнікальным зборы фатаграфічных і архіўных матэрыялаў вядомых беларускіх гісторыкаў і калекцыянераў Уладзіміра Ліхадзедава, Уладзіміра Пефціева і іерэя Гардзея Шчаглова. Аўтары ўзнялі вялізны і малавядомы пласт з ваеннай гісторыі Беларусі: нават у інтэрнэце вы з цяжкасцю знойдзеце інфармацыю пра Скобелеўскі ваенны лагер.


“Рыгор Сітніца. Простыя рэчы. Фотаальбом”

Укладальнік і аўтар тэксту Рыгор Сітніца

Гэты альбом прысвечаны творчасці Рыгора Сітніцы – графіка, паэта, кіраўніка Беларускага саюза мастакоў, лаўрэата літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”. А калі адысці ад дакладных сухаватых азначэнняў – сапраўды Творчага Челавека, якому ўдалося сумясціць талент мастака і паэта.

Вось што казаў пра галоўнага героя кнігі іншы знакаміты Рыгор – Барадулін: “...Гэта на палотнах Рыгора Сітніцы сталі беларускімі ацалелыя палацы Грэцыі й антычнымі муры Міра й Навагрудка, еўрапейскімі парканы палескае вёскі й вянкі цыбулі з запечча роднае хаты. Гэта на палотнах Рыгора Сітніцы думаюць валуны, стрымліваюць свае крылы, каб не ўзляцець, дахі, бо ім закаханае штосьці шэпчуць зоркі. Гэта Рыгор Сітніца папрасіў вецер затрымацца, папазіраваць яму для групавога партрэта пракавечнасці, і незаціханец паслухаўся мастака. Слухаецца Рыгора Сітніцу й слова... Слова жыве ў душы паэтавай, бо руплівец моліцца на яго, кунежыць і засланяе ад бруду й знявагі, раіцца са словам утрапёнай душой і нечаканай думкай. У вершах Рыгора Сітніцы раскутасць і ашчаднасць, аратайнасць і панавітасць, апантанасць і роздумнасць. У вершах Рыгора Сітніцы прыпар шчодрадайнасці й прысмерк смутку, баляванне гуку й раскоша майстэрства”.

Угледзьцеся ў самабытныя карціны мастака, адчуйце настрой вершаваных радкоў – і зразумееце: з Народным паэтам Беларусі цяжка не пагадзіцца.

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.