Вы тут

Хто зможа стаць магістрантам-завочнікам?


Паступаць у магістратуру на завочную і вячэрнюю форму навучання змогуць толькі тыя, у каго працоўны стаж складае не менш за 10 месяцаў. Адпаведная норма была ўнесена ў Правілы прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі ІІ ступені пастановай Савета Міністраў.


Як паведамілі ў галоўным адукацыйным ведамстве, дакументам урада ўдакладняецца парадак правядзення ўступных выпрабаванняў. Таксама ўводзіцца льгота на паступленне ў магістратуру без уступных іспытаў для асоб, узнагароджаных нагруднымі знакамі «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў» і «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі».

Адначасова быў дапоўнены пералік катэгорый грамадзян, якія карыстаюцца пераважным правам на паступленне: для навукова-арыентаванай магістратуры гэта асобы, якія маюць больш высокі сярэдні бал дыплома аб вышэйшай адукацыі І ступені або дакумента аб адукацыі; для практыка-арыентаванай магістратуры — асобы, якія атрымалі па заканчэнні І ступені вышэйшай адукацыі дыплом з адзнакай або маюць больш высокі сярэдні бал дыплома аб вышэйшай адукацыі І ступені ці дакумента аб адукацыі.

Паступаць у магістратуру можна будзе толькі па арыгінале дыплома аб вышэйшай адукацыі — мяркуецца, што гэта дапаможа пазбегнуць выпадкаў залічэння аднаго студэнта ў магістратуру некалькіх ВНУ.

Таксама па змененых правілах у конкурсе на паступленне ў магістратуру дзяржаўных ВНУ на бюджэтныя месцы змогуць удзельнічаць замежныя грамадзяне, якім у Беларусі было прадастаўлена прыстанішча. Такім чынам яны будуць мець роўныя з беларусамі правы на атрыманне адукацыі. Для іншаземцаў і асоб без грамадзянства, якія ў Беларусі часова знаходзяцца або часова тут пражываюць, уведзена дадатковае субяседаванне па вучэбных дысцыплінах, што будзе спрыяць прыцягненню для навучання ў магістратуры найбольш падрыхтаваных спецыялістаў з гэтай катэгорыі асоб.

Таксама ўведзена норма, якая прадугледжвае давядзенне да ведама грамадскасці інфармацыі аб колькасці бюджэтных месцаў у магістратуры ў дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.