Вы тут

Вандроўнік у прасторы і часе


Няспынны творчы шлях слыннага і сапраўды ўнікальнага айчыннага паэта Алеся Разанава працягваецца ўжо больш за паўстагоддзя. І за ўвесь гэты значны для чалавека адрэзак часу ён ніколі не пераставаў мяняцца, не пераставаў здзіўляць сваіх шматлікіх чытачоў.


На маю думку, найперш тым, што Алесь Разанаў — нястомны вандроўнік у прасторы і часе, падарожнік па розных краінах і культурах. Прычым гэтая неадольная цяга да вандраванняў у яго нарадзілася яшчэ ў юнацтве, дакладней, у школьныя гады, калі ён напісаў і надрукаваў першыя свае вершы. Магчыма, менавіта вышэйназваная прыродная схільнасць да бесперапыннага руху паслужыла першасным і разам з тым надзвычай магутным штуршком да ягонай уласнай творчасці, а таксама стала досыць моцным паскаральнікам яго мастацкай (сама) свядомасці. Пра надзвычайную важнасць тэмы шляху, падарожжа і вандравання ў творчай практыцы гаворыцца ў многіх ягоных творах. Так, менавіта пра гэтую мастакоўскую асаблівасць пераканаўча сведчаць такія назвы разнажанравых твораў, як вершы «Пошук» і «Эксперымент», пункціры «Вядзе, закружвае віццё турботаў, хмелю, пуцявінаў...», «Вярнуць... вярнуцца б познім госцем», паэма пад назвай «Першая паэма шляху», версэты «Навобмацак», «Бязмежжа», «Палёт», «Вандроўны горад», «Паляванне ў райскай даліне», вершаказы «Сцежка», «Човен», «Сані» і інш. Ужо адзін з самых ранніх вершаў паэта пад назвай «Пошук» (1964) пачынаўся вельмі паказальным у дадзеным кантэксце чынам:

А шлях раўнюткі, быцам лісцік, / ляці — каб вецер у вушах!.. / Як гэта лёгка памыліцца / і па чужых пайсці шляхах.

І сапраўды, з тых ужо даўніх часоў паэт імкнуўся ісці выключна сваім адметным шляхам, час ад часу штосьці запазычваючы з культуры розных краін і народаў свету, але ў цэлым заўсёды застаючыся самім сабой — непаўторнай творчай адзінкай, якую добра ведаюць не толькі ў Беларусі. У вершаказе «Жолуд» гаворыцца пра «засяроджанае вандраванне ў часе», так бы мовіць, галоўнага персанажа гэтага твора — жолуда. Прыблізна тое ж самае можна сказаць і пра самога Алеся Разанава, які практычна ўсё сваё свядомае жыццё вядзе якраз падобнае засяроджанае вандраванне, шматкроць знаходзячы пры гэтым цудоўныя мастацкія скарбы. Прычым падчас гэтых своеасаблівых вандровак ён сілаю сваёй творчай фантазіі меў і дасюль мае магчымасць «наведваць» і розныя гістарычныя эпохі (ледзь не ад першачасоў чалавецтва да далёкай будучыні), і практычна любыя мясціны Сусвету (ад улюбёных куточкаў роднай Беларусі да самых аддаленых планет і галактык). Мяркую, не будзе перабольшаннем назваць Алеся Разанава своеасаблівым «беларускім Адысеем», які нястомна вандруе не столькі ў рэальным фізічным вымярэнні, колькі ў неабсяжных прасторах сваёй буйнай творчай фантазіі і заўжды неспакойнага й дапытлівага духу. Прычым гэтыя захапляльныя шляхі-дарогі вядуць нярэдка не толькі ўдалячынь, але і ў глыбіню, пра што красамоўна сведчыць наступны цудоўны пункцір:

Вядзе, закружвае віццё / турботаў, хмелю, пуцявінаў. / І папярэдняе жыццё / усё глыбей, у сарцавіну.

Нельга абысці ўвагай той факт, што Алесь Разанаў таксама і бадай найбольш яскравы наватар-эксперыментаратар, які прыўнёс у айчынную паэзію новыя, раней незнаёмыя ёй жанры і віды верша (пункціры, вершаказы, версэты, квантэмы, зномы), асвоіў новыя тэмы, стварыў мноства арыгінальных і запамінальных мастацкіх вобразаў. Асабіста мне ён уяўляецца сапраўдным Пра(ме)тэем беларускага паэтычнага мадэрнізму. Інакш кажучы, ён можа адначасова ўспрымацца і як Праметэй, і як Пратэй вершаванага слова. Спытаеце, чаму? А таму, што ён, з аднаго боку, як міфічны Праметэй, знайшоў і падарыў людзям (дакладней чытачам) практычна ўжо згаслы агонь айчыннага (пост)мадэрнізму. Як магутны тытан, ён ужо ў гады маладосці змог вырвацца з гарачых «абдымкаў» сацыялістычнага рэалізму і з тых часоў вось ужо ледзь не паўстагоддзя ўпэўнена і высока нясе нязгасную паходню нашага авангардысцкага паэтычнага мастацтва. А з іншага боку, ён жа, як Пратэй (марское бажаство ў старажытнагрэчаскай міфалогіі, якое мела адмысловы дар прадказваць будучыню), сваёй кіпучай і шматгараннай дзейнасцю ў значнай ступені прадвызначыў далейшы шлях развіцця айчыннай паэзіі і «выгадаваў» нямала сваіх адораных паэтаў-паслядоўнікаў. Карацей кажучы, Разанаў пэўным чынам нібы прадказаў будучыню беларускай паэзіі, у якой у канцы XX — пачатку XXI стст. узмацнілася постмадэрнісцкая паэтычная плынь. І ў гэтым кантэксце ён, можна сказаць, сапраўды атрымаў перамогу, бо стаў сусветна вядомым творцам, атрымаў мноства прэмій, а ягоныя творы перакладзены на некалькі дзясяткаў замежных моў, выдадзены ў некаторых краінах асобнымі кніжкамі. Відаць, тут спраўдзілася яго даўняе паэтычнае пажаданне, якое нацэльвала як самога аўтара, так і яго шматлікіх чытачоў на бесперапынны пошук, на творчае самаразвіццё і змаганне за лепшую долю:

Калі ўсе згублены ключы, / калі ні шанцу, / анічога — / усё ж ідзі, / любі, крычы / і пасягай на перамогу.

Разанаў часта спалучае ў сваіх творах мінулае, сучаснае і будучыню, пра што сведчыць у тым ліку і наступнае ягонае выказванне: «Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні» (з версэта «Парог», 1986). І адчуванне (прадчуванне?!) таго, што будучыня абавязкова будзе светлай, у яго акрэслілася яшчэ ў маладосці, у чым пераконваюць наступныя радкі з верша «Узыход» (1970): «Ты самога сябе, як песню, // светлай будучыні прысвяці». Здаецца, што і сапраўды таленавіты паэт нібы прысвячаў свае арыгінальныя творы будучыні не толькі сваёй роднай зямлі, свайго народа, але і будучаму дню, году і стагоддзю ўсёй нашай айчыннай паэзіі. Лічу, што разанаўскія паэтычныя творы — гэта, па сутнасці, адмысловыя (часам цалкам зразумелыя, а часам і ўскладненыя, амаль зашыфраваныя і досыць цьмяныя) лісты ў блізкую ці аддаленую будучыню. І ў гэтых вершах-лістах ён звяртаўся найперш да сваіх паслядоўнікаў, нашчадкаў і ўсіх зацікаўленых чытачоў, здольных зразумець высокае і вытанчанае мастацтва натхнёнага паэтычнага слова.

Калісьці лаўрэат Нобелеўскай прэміі Альберт Швейцэр казаў, што «сучасны чалавек абмежаваны як у сваёй свабодзе, так і ў здольнасці мысліць». Дык вось, увесь працяглы і насычаны рознымі ўдачамі і выпрабаваннямі творчы шлях Алеся Разанава пераконвае, што ён заўсёды быў і па-ранейшаму застаецца абсалютна неабмежаваным як у сваёй унутранай свабодзе, так і ў здольнасці глыбока мысліць і вобразна выказваць думкі ў непаўторных паэтычных творах. Шчыра віншую выбітнага паэта са слаўным святам і жадаю нястомнаму вандроўніку-юбіляру і надалей працягваць такія захапляльныя духоўна-метафізічныя падарожжы, заўсёды прывозячы з іх дарагія мастацкія скарбы і цудоўныя жамчужыны-вершы!

Эдуард ДУБЯНЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.