Вы тут

Беларускія пераклады: традыцыі і сучаснасць


З якімі праблемамі сутыкаецца выдавец перакладной літаратуры ў сваёй дзейнасці, чым кіруецца, калі прымае рашэнне на карысць таго ці іншага аўтара, — гэтыя пытанні абмяркоўвалі перакладчыкі і чытачы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Там адбыўся круглы стол па тэме «Беларуская перакладчыцкая школа: традыцыі і сучаснасць».


Адным з распачынальнікаў перакладчыцкай дзейнасці стаў Максім Багдановіч. У артыкуле «Забыты шлях» ён дакладна сфармуляваў, навошта патрэбныя пераклады: «Намагаючыся зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, складам твораў шчыра беларускай, мы дапусцілі б цяжкую памылку, калі б кінулі тую вывучку, што нам давала сусветная (найчасцей еўрапейская) паэзія. Гэта апошняя праца павінна ісці поўным ходам. Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што сотні народаў праз тысячы год збіралі ў скарбніцу сусветнай культуры. Але заносіць толькі чужое, не развіваючы свайго, — гэта яшчэ горш: гэта значыць глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць. Трэба ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі». Так Багдановіч пісаў у 1915 годзе, але гэтыя словы актуальныя і цяпер.

Калі рыхтаваўся да выхаду «Вянок», паэт прасіў свайго рэдактара ўключыць туды пераклады Верлена. Ён перастварыў на беларускай мове 22 яго вершы. Максім ведаў, што сродкі абмежаваныя, аб’ём кніжкі не бясконцы, але казаў: «Калі ўстане пытанне, выкідвайце лепш мае вершы і змяшчайце вершы Верлена». Ён цудоўна разумеў, што чытачам як свежае паветра трэба іншая эстэтыка, іншы погляд на паэзію, дзеля чаго гатовы быў ахвяраваць нейкімі сваімі творамі. Зараз навідавоку новы ўсплёск цікавасці да перакладной літаратуры, адзначыў Міхал Бараноўскі, адзін з удзельнікаў круглага стала. Падобная хваля назіралася на стыку 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі выходзілі серыі «Бібліятэка замежнай прозы», «Паэзія народаў свету», «Скарбы сусветнай літаратуры».

З чым гэта звязана, разважаў вядомы перакладчык Лявон Баршчэўскі: «Гістарычна склалася так, што ў 30-я гады ўсіх нашых перакладчыкаў альбо знішчылі, альбо выслалі. Страты былі вельмі моцныя, і ў 50-я гады не было каму займацца перакладамі, адраджаць перакладчыцкія традыцыі. З рускай мовы нешта перакладалася, але рабілі гэта непрафесійныя перакладчыкі. З’яўленне Язэпа Семяжона, у каго была, з савецкага гледзішча, бездакорная біяграфія (ён ваяваў на фронце) падштурхнула справу, вакол яго пачалі гуртавацца новыя людзі. Доўгі час ён чытаў спецкурс у БДУ па перакладзе. Выспявала ўсё вельмі павольна, таму не было буму ў 60-я гады — былі адзінкі перакладчыкаў... У 59-м годзе побач з Семяжонам з’явіўся Сёмуха, але і супраць яго пачаліся рэпрэсіі, выключылі з Саюза пісьменнікаў, а ў выніку кніжкі не выходзілі. І толькі ў сярэдзіне 80-х гадоў прыйшла новая плеяда перакладчыкаў».

Яны пачалі гуртавацца вакол рэдакцыі «Мастацкая літаратура», туды насілі рукапісы, у творцаў узнікла зацікаўленасць. Але ж гэта было ў савецкі час — каб выпусціць Сартра ці Камю, даводзілася змагацца з «Галоўлітам», зазначыў Лявон Баршчэўскі. Каб перакласці Сартра, трэба было перакласці спачатку чалавек восем ідэалагічна правільных, хай сабе і не самых таленавітых творцаў. Тым не менш існавала дзве рэдакцыі — рэдакцыя перакладаў замежнай мастацкай літаратуры і рэдакцыя перакладаў з моваў народаў СССР. Дзяржава выдаткоўвала добрыя сродкі, таму бум і ўзнік, але ў першую чаргу ўзнік таму, што былі перакладчыкі. Прасцей і з аўтарскімі правамі было. Пакуль не надышоў крызіс, у першую чаргу фінансавы. На пэўным этапе перахапілі ініцыятыву прыватныя выдаўцы.

Дарэчы, альтэрнатывай выдавецтвам, якія баяцца рызыкаваць, выпускаючы тыя ці іншыя перакладныя кнігі, стала з’яўленне платформ краўдфандынгу. Так з’явілася серыя «Амерыканка», і сёлета выйшла першая яе кніжка — «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі. Як зазначыла рэдактар серыі Марыя Мартысевіч, ёсць планы ў 2018 годзе выдаць яшчэ чатыры кнігі. «Краўдфандынг дазваляе беларускаму чытачу атрымаць тыя кніжкі, якія ён сапраўды хоча чытаць па-беларуску. Яркі прыклад — дзіцячая літаратура. Класіка, на якой мы раслі, але чыталі яе па-руску». І хоць гэты інстытут сацыяльнага прадпрымальніцтва не пазбаўлены пэўных праблем, вынікі дзейнасці кампаніі дазваляюць глядзець у будучыню з аптымізмам. Штуршком для выдання многіх перакладных кніг стала з’яўленне прэміі для перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана. Стварылася сур’ёзная канкурэнцыя. Да перакладаў пачалі ставіцца як да прафесіі. Ёсць для каго працаваць: у самых розных супольнасцях ёсць людзі, якія хочуць чытаць па-беларуску.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.