23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Пётр Атрошчанка: Карупцыя ў нас не квітнее


Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па нацыянальнай бяспецы разгледзела на працягу апошняга года шэраг важных для абараназдольнасці краіны пытанняў. На гэтай сесіі камісія плануе прадставіць дэпутатам на разгляд два свае законапраекты — «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб барацьбе з тэрарызмам» і «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў». Першы скіраваны на ўдасканаленне механізмаў папярэджвання і спынення тэрарыстычнай дзейнасці, прывядзенне яго палажэнняў у адпаведнасць з заканадаўчымі актамі. Другі — на стварэнне ўмоў эфектыўнага функцыянавання сістэмы абароны дзяржаўных сакрэтаў. Аб тым, якая работа была праведзена раней, пачынаючы з канца мінулага года, расказвае дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Пётр АТРОШЧАНКА.


— Дазвольце, Пётр Аляксеевіч, пачаць з таго, што 20 снежня Камітэт дзяржаўнай бяспекі будзе адзначаць 100-годдзе. Не так даўно вы самі служылі ў гэтым ведамстве, і для вас гэта ці не галоўнае прафесійнае свята.

— Я маю некалькі дыпломаў, аднак каля чвэрці стагоддзя сапраўды быў афіцэрам органаў дзяржбяспекі — вы маеце рацыю. Дзень супрацоўніка органаў дзяржбяспекі адзначаецца ў нашай краіне менавіта 20 снежня, бо ў гэты дзень 1917 года Савет народных камісараў прыняў пастанову аб утварэнні Усерасійскай надзвычайнай камісіі. Яе задачай была абарона суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны, а таксама барацьба з антысавецкімі змовамі, разведвальна-падрыўной дзейнасцю замежных дзяржаў і шматлікімі бандамі. Пасля вайны неабходнасць у такой камісіі адпала, таму 1 сакавіка 1922 года яе назвалі галоўным палітычным упраўленнем пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, а з 15 чэрвеня 1934 гэта быў ужо Народны камісарыят унутраных спраў БССР.

Дзень КДБ у першую чаргу прысвечаны ветэранам Вялікай Айчыннай. Чэкісты адыгралі велізарную ролю ў вызваленні Беларусі. Спецгрупамі НКУС таго часу былі знойдзены і абясшкоджаны 22 разведвальна-дыверсійныя школы Абвера, 36 рэзідэнтур і звыш 6,5 тысячы агентаў нямецкай разведкі. Займаўся НКУС дыверсантамі, шпіёнамі і бандыцкімі групоўкамі, якія ўзніклі з-за эканамічнага і харчовага крызісу. У дзень КДБ можна прыгадаць і гераізм каля 200 афіцэраў і прапаршчыкаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане...

Гэта служба патрабуе асаблівых якасцяў і рыс характару, цвёрдай веры ў сваю краіну, у справядлівасць сваёй справы, у тое, што твая Айчына — вышэй за ўсё. Органы дзяржбяспекі ёсць у кожнай дзяржаве. І сёння яны неабходны ва ўмовах войнаў інфармацыйных, эканамічных, для процістаяння тэрарыстычнай дзейнасці. Вельмі важна, каб надзейныя людзі займаліся работай, звязанай з абаронай нацыянальных інтарэсаў, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, канстытуцыйнага ладу, бяспекі грамадзян. Абстаноўка ў свеце сёння далёкая ад стабільнай. Расце колькасць пагроз і рызык, ігнаруюцца нормы міжнароднага права. Прымяняюцца шантаж, правакацыі, эканамічны, інфармацыйны ціск, робіцца стаўка на радыкальныя меры, на нацыяналістычныя групоўкі, не спыняюцца спробы дэстабілізацыі ўнутранай сітуацыі для таго, каб паставіць пад кантроль цэлыя краіны. Тым не менш я перакананы, што запалохаць нас ні ў кога не атрымаецца. Мы гатовыя прайсці праз гэтыя цяжкасці, даць адэкватны адказ на любыя пагрозы нашай стабільнасці і адзінству.

— Віншуем вас з прафесійным святам і жадаем плённай працы!

— Дзякуй вялікі! У сваю чаргу я хацеў бы павіншаваць усіх дзеючых і былых супрацоўнікаў КДБ, пажадаць усім здароўя, поспехаў і дабрабыту!

— Завяршыўся першы год вашай дзейнасці як дэпутата, і таму хацелася б абмеркаваць некаторыя вострыя праблемы, якія аказаліся ў полі вашага зроку. У першую чаргу гэта карупцыя — асноўная пагроза нацыянальнай бяспецы...

— Са студзеня мінулага года ў краіне дзейнічае Закон «Аб барацьбе з карупцыяй», які ўстанаўлівае прававыя асновы дзяржаўнай палітыкі ў антыкарупцыйнай барацьбе. Закон скіраваны на абарону правоў і свабод грамадзян, грамадскіх інтарэсаў ад тых пагроз, якія цягнуць за сабой праявы карупцыі. Там ідзе гаворка і аб забеспячэнні эфектыўнай дзейнасці дзяржаўных органаў, службовых асоб, абавязаных папярэджваць, выяўляць, спыняць правапарушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыйных праяў, а таксама змагацца з іх наступствамі.

Сёлета Генеральная пракуратура і іншыя зацікаўленыя структуры прааналізавалі работу закона і выявілі некаторыя праблемныя пытанні, на вырашэнне якіх зараз звяртаецца ўвага. Шэраг канкрэтных крокаў быў намечаны на лістападаўскай міжведамаснай канферэнцыі «Прававыя і арганізацыйныя пытанні практыкі прымянення і шляхі ўдасканалення заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй», удзельнікам якой ад парламента быў менавіта я.

Для ўсведамлення маштабаў карупцыі ў нашай краіне я назаву некалькі лічбаў. За дзевяць месяцаў гэтага года ў Беларусі было выяўлена 1389 карупцыйных злачынстваў, што, дарэчы, больш, чым летась. Фактычна нязменнай сітуацыя засталася на Гродзеншчыне, а на Міншчыне і ў сталіцы намецілася тэндэнцыя да скарачэння. Аднак гаварыць аб тым, што ў нас карупцыя квітнее, я б не стаў. Усё ж такі большасць злачынстваў такога кшталту адбываецца на нізавым і сярэднім узроўнях кіравання. Асобы, якія займаюць адказнае становішча, складаюць каля двух працэнтаў ад агульнай колькасці тых, хто здзейсніў карупцыйныя злачынствы.

— Даволі востра паўстала сёлета праблема, звязаная з пакараннем маладых лю-
дзей, якія мелі дычыннне да распаўсюджвання наркотыкаў. Іх блізкія і сваякі пачалі гуртавацца, каб з дапамогай СМІ падняць тэму больш лаяльнага падыходу да кожнага асобнага выпадку...

— Звярталіся маці, сёстры і жонкі, у тым ліку і да мяне, да іншых дэпутатаў, з прапановамі аб прывядзенні заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і прававымі нарматывамі, ратыфікаванымі нашай краінай. Павінен заўважыць, што наша заканадаўства не супярэчыць сусветнай практыцы, яно цалкам адпавядае той трывожнай сітуацыі, якая склалася. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы зараз ажыццяўляецца работа па выпрацоўцы прапаноў для карэкціроўкі крымінальнага заканадаўства ў гэтай сферы. Пасля ўнясення адпаведнага законапраекта ў Палату прадстаўнікоў ён будзе разгледжаны ва ўстаноўленым парадку.

— Сур'ёзная праблема для нашага грамадства — смяротнае пакаранне, ад якога наша краіна, адзіная ў Еўропе, пакуль не адмаўляецца.

— У сярэдзіне 1990-х звыш 80 працэнтаў нашага насельніцтва выказалася на рэферэндуме за такую меру пакарання. Многія людзі мала ведаюць пра гэтую тэму, не задумваюцца аб тых працэсах, якія адбываюцца. Між тым створаная сёлета пры парламенце новая рабочая група актыўна вывучала азначаную праблему. Яе мэтай не з'яўляецца перакананне ў неабходнасці адмены ці захавання смяротнага пакарання. Мы толькі інфармуем грамадзян аб тым, што гэта за тэма, каб людзі мелі больш звестак для прыняцця адэкватных рашэнняў.

У нас неаднаразова былі міжнародныя эксперты, дакладчык па Беларусі камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні. Дадзеная тэма абмяркоўвалася і на пасяджэнні палітычнага камітэта Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу. Сапраўды, еўрапейцы прыводзяць статыстыку, паводле якой становіцца відавочным, што адмена смяротнага пакарання не прыводзіць да росту злачыннасці. Тым не менш сёння ў нашай краіне няма адзінага меркавання аб тым, што смяротнае пакаранне трэба адмяніць. Працэнт беларусаў, якія выступаюць за захаванне такой практыкі, пакуль вышэйшы. Пазіцыя нашай рабочай групы такая, што да таго як праводзіць парламенцкія слуханні па гэтым пытанні, неабходна сур'ёзна папрацаваць з грамадскай думкай.

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.