18 Верасень, аўторак

Вы тут

Натхненне для мамы


У майго сябра было небагатае дзяцінства. Жылі ў двухпакаёвай кватэры ўчатырох. Таму хлопчыку даводзілася дзяліць пакой з бабуляй. Яго, прызнаўся, гэта зусім не напружвала, хутчэй наадварот. Праўда, была адна нязручнасць. Бабуля рана клалася спаць і, вядома, выключала святло. Уладзік спачатку рабіў выгляд, што таксама спіць. Але як толькі бабуля засынала, залазіў з ліхтарыкам пад коўдру і вандраваў разам з Пітэрам Пэнам, Маленькім прынцам, Рабінзонам Круза...


Я таксама, колькі сябе памятаю, вельмі любіла чытаць. Што цікава, з узростам цікавасць да казачных гісторый не знікла. З кожнага заробку набываю якую-небудзь новую дзіцячую кнігу. І працягваю вучыцца дабрыні.

У нядзелю я села пісаць калонку ў газету. Але, як гэта часам здараецца, нічога добрага не атрымлівалася. Тады вырашыла перачытаць казку Надзі Букі пра Басю і Пігласа. Там ёсць цудоўны момант пра натхненне.

Дзяўчынка захацела намаляваць Пігласа (казачны герой у выглядзе вока). Але партрэт ніяк не атрымліваўся. Бася вырашыла падзяліцца сваім горам з мамай. Але, калі зайшла ў пакой, убачыла, што тая сядзела за сталом і разгублена глядзела ў манітор ноўтбука.

— Мама, што ты робіш? — пацікавілася Бася.

— Шукаю натхненне...

Бася, якая таксама шукала натхненне, падумала: «Няхай у мяне сёння не атрымаецца партрэт, каб толькі натхненне завітала да мамы».

І толькі яна так падумала, як пакой напоўніўся бурбалкамі. Піглас сеў маме на плячо. Яна зрабіла глыток кавы і пачала хутка нешта друкаваць. Бася вярнулася ў свой пакой, узяла ў рукі аловак. У гэты момант Піглас сеў ёй акурат на галаву. Партрэт атрымаўся адзін у адзін.

Яшчэ ў цяжкія моманты мяне вельмі натхняе гісторыя пра марскія зоркі.

Чалавек ішоў па беразе і раптам убачыў хлопчыка, які падымаў штосьці з пяску і кідаў у мора. Гэта былі марскія зоркі.

— Навошта ты кідаеш іх у ваду?

— Яны загінуць, калі застануцца на беразе да заўтрашняй раніцы, бо пачнецца адліў, — адказаў хлопчык, не спыняючы свайго занятку.

— Але азірніся, тут мільёны марскіх зорак, думаеш ты можаш штосьці змяніць?

Хлопчык падняў наступную зорку, кінуў яе ў мора і сказаў:

— Так, я магу змяніць вельмі шмат... для гэтай зоркі.

Улетку я часта працую ў ціхім дворыку непадалёк ад рэдакцыі. Менавіта там і пазнаёмілася з Паўлікам. Хлопчык з заклапочаным выглядам капаў палачкай маленькія ямкі. «Што ты робіш?» — не змагла стрымаць я сваёй цікаўнасці. — «Шукаю батарэйкі, якія выкідваюць дарослыя». (І паказаў дзве свежыя знаходкі.) Яны атручваюць зямлю. Я вырашыў выратаваць наш двор».

Але больш за ўсё мяне ўразіла мудрасць дачкі маёй знаёмай мастачкі. Ксюша зараз вучыцца ў пятым класе і змалку разам з мамай практыкуе Фалуньгун (сістэма самаўдасканальвання), які вучыць ісціне, дабрыні ды цярпенню.

— Мая Ксюша вельмі творчая дзяўчынка, любіць маляваць, — расказала мне за абедам Каця. — І ёй, як і большасці гуманітарыяў, цяжка даюцца фізіка ды матэматыка. Аднойчы ўвечары дачка рабіла дамашняе заданне і не магла рашыць нейкую складаную задачу. Папрасіла тату дапамагчы. Праз некалькі хвілін я пачула крыкі мужа. Ён моцна раззлаваўся на Ксюшу, бо тая, відаць, ніяк не магла зразумець яго тлумачэнні. Я на эмоцыях заступілася за дачку, павысіла голас на мужа. Пасля, калі ўсе супакоіліся і тысячу разоў пашкадавалі пра сварку, я запыталася ў Ксюшы, чаму яна нават не заплакала?

— Мама, таму, хто злуецца і крычыць, яшчэ цяжэй, чым таму, на каго крычаць. Калі б я заплакала, тату было б яшчэ горш.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.