20 Верасень, чацвер

Вы тут

Запушчаны новы інфармацыйны рэсурс дапамогі нарказалежным і іх блізкім


Ініцыятарам яго стварэння выступіла Міністэрства ўнутраных спраў. Спецыялісты прааналізавалі ўсю наяўную інфармацыю, якая датычыцца аказання дапамогі нарказалежным і сузалежным, і прыйшлі да высновы, што яна вельмі разрозненая і цяжкая для ўспрымання. Тады было прынята рашэнне аб'яднаць і сістэматызаваць усе звесткі на адным партале.


Міністр унутраных спраў Ігар ШУНЕВІЧ прадставіў ініцыятыву на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе яна была ацэнена як перспектыўная. Прэзентаваны ж праект быў раней, на міжведамаснай нарадзе, прысвечанай супрацьдзеянню распаўсюджванню наркотыкаў.

Тым часам начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Генадзь КАЗАКЕВІЧ адзначыў, што Міністэрства ўнутраных спраў даўно сышло ад толькі карнай паліцэйскай методыкі процідзеяння наркапагрозе. Галоўны паказчык зараз — не колькасць зарэгістраваных злачынстваў, а колькасць выяўленых злачынных груп, якія займаюцца менавіта збытам. І гэта працуе: у параўнанні з 2016-м у Беларусі летась на 45 % менш зафіксавана выпадкаў перадазіровак, а сярод падлеткаў гэты паказчык упаў увогуле ў дзевяць разоў. Да таго ж з 2015 года не дапушчана ні аднаго смяротнага зыходу непаўналетніх пасля атручвання псіхаактыўнымі рэчывамі. Штогод таксама памяншаецца колькасць нарказалежных, якія стаяць на дыспансерным або прафілактычным уліку. Увогуле за апошні год адбылося зніжэнне нарказлачыннасці на 14,6 %. Аднак, на думку кіраўніка падраздзялення, метады прафілактыкі наркаманіі і папярэджання нарказлачынстваў пакуль малаэфектыўныя.

— Калі мы пагутарылі з нарказалежнымі, спецыялістамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, то прыйшлі да высновы, што масівы інфармацыі аб праблеме наркаманіі, якія сёння даступныя для людзей, занадта разрозненыя. У гэтай сувязі МУС выступіла ініцыятарам стварэння новага інфармацыйнага рэсурсу, які будзе арыентаваны на пэўную аўдыторыю — залежныя і сузалежныя, дзеці і падлеткі, проста неабыякавыя грамадзяне. Інфармацыйны рэсурс зможа ў рэжыме рэальнага часу — шляхам тэлефоннай гутаркі або інтэрнэт-перапіскі — забяспечыць кожнага чалавека ведамі па яго канкрэтнай праблеме. Такім чынам мы выводзім прафілактыку і папярэджанне на якасна новы ўзровень, — адзначыў Генадзь Казакевіч.

Спецыфіка гэтай праблемы ў тым, што многія не лічаць магчымым звярнуцца па параду да знаёмых, бо стаўленне да гэтай тэмы ў грамадстве, хутчэй, адмоўнае. Менавіта таму адно з правілаў рэсурса — захаванне поўнай ананімнасці. Цяпер на сайце роmоgut.bу сабраны некалькі дзясяткаў як дзяржаўных, так і прыватных клінік і цэнтраў, у якія можна звярнуцца па дапамогу. Інфармацыя пастаянна актуалізуецца, даведаўшыся аб запуску новага праекта, некаторыя ўстановы самі выступілі з ініцыятывай быць занесенымі ў спіс.

Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Кацярына ШЭЛЕГАВА, атрымаць кансультацыю можна будзе не толькі анлайн, у хуткай будучыні на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей будзе створаны кантакт-цэнтр. Там будуць працаваць прафесійныя псіхолагі, з якімі МУС правядзе спецыяльную падрыхтоўку па прававых пытаннях. Зараз жа пры ўдзеле супрацоўнікаў ведамства вырашаюцца апошнія арганізацыйна-тэхнічныя моманты перад адкрыццём цэнтра. Праект актыўна падтрымліваюць таксама Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя. Калі першая частка будзе рэалізаваная паспяхова, у планах — развіваць яшчэ два кірункі: прафілактычную работу з падлеткамі і ўзаемадзеянне з грамадзянамі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія цікавяцца гэтай праблемай.

Праект быў створаны з нуля ў вельмі кароткія тэрміны: работа над ім пачалася ў жніўні, а ўжо ў канцы снежня інтэрнэт-рэсурс быў запушчаны для тэставання. Цяпер ён працуе ў штатным рэжыме. Пакуль часцей за ўсё пішуць у чат з удакладняючымі пытаннямі або дзеля даведачнай інфармацыі.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Звяртайцеся — і вам РОMОGUT.BY

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.