Вы тут

У Мінску прайшла рэпетыцыя Еўрагульняў


Міжнародны турнір па баскетболе «Раlоvа Snоwbаll 3х3», які прайшоў у гандлёвым цэнтры «Сталіца», стаў па-сапраўднаму яркай спартыўнай падзеяй краіны. Яго галоўнай мэтай было паказаць усю прыгажосць і дынамічнасць баскетбола 3х3, які ўжо праз паўтара года будзе прадстаўлены на ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску. З задачай арганізатары справіліся.


За два дні спаборніцтваў тысячы мінчан і гасцей сталіцы ўбачылі захапляльную гульню — цікавыя камбінацыі, хуткія праходы, хітрыя пасы, эфектныя кідкі. Матчы прайшлі ў рэжыме нон-стоп на працягу 9 гадзін у суткі.

Нагадаем, наша сталіца ўжо прымала буйны турнір па гэтым відзе спорту: у 2015 годзе на «Раlоvа-Арэна» адбыўся маладзёжны чэмпіянат Еўропы, тады дзяўчаты са зборнай Беларусі выйгралі сярэбраныя медалі. Гэтым разам турнір быў арганізаваны для хлопцаў.

— Я задаволены тым, як удалося яго арганізаваць. Вядома, заўсёды ёсць да чаго імкнуцца і куды расці, аднак не можа не радаваць тое, якімі сямімільнымі крокамі развіваецца ў нас у краіне баскетбол 3х3, — адзначае старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў. — Усяго некалькі гадоў таму ў Беларусі аб гэтым відзе спорту было вядома толькі вузкаму колу спецыялістаў і балельшчыкаў. Цяпер жа ў нас ёсць жаночая і мужчынская нацыянальныя зборныя, якія сфарміраваны сумесна з Міністэрствам спорту і турызму. Менавіта гэтыя дружыны будуць мэтанакіравана рыхтавацца да Еўрагульняў-2019 у Мінску.

Беларусь на турніры прадставілі адразу 7 камандаў, дзве з іх складаліся пераважна з баскетбалістаў, якія выступаюць у чэмпіянаце Беларусі па класічным баскетболе і з'яўляюцца кандыдатамі ў зборную па баскетболе 3х3, кампанію ім склалі яшчэ 5 аматарскіх дружын. Падапечным галоўнага трэнера Дзмітрыя Калтунова супрацьстаялі моцныя калектывы з Расіі, Літвы, Латвіі і Украіны, усяго ў турніры прынялі ўдзел 16 камандаў.

— Упершыню за кар'еру давялося гуляць на пляцоўцы, створанай у гандлёвым цэнтры, — расказвае гулец латвійскай каманды Ghеttо Bаskеt Агніс Каварш. — Такі антураж запомніцца на ўсё жыццё, бо гэта нерэальна крута і надае спаборніцтвам дадатковы каларыт. Хачу адзначыць, што арганізацыя турніру была на высокім узроўні, плюс да ўсяго вам удалося сабраць выдатны склад удзельнікаў. Абавязкова прыедзем у Мінск яшчэ раз, калі будзе такая магчымасць, каб зноў паўдзельнічаць у такім неверагодным перформансе.

У плэй-оф выйшлі па тры лепшыя калектывы з кожнага квартэта. Сярод іх — пяць мінскіх камандаў. Уладальнікам чэмпіёнскага трафея стала дружына Ghеttо Bаskеt з Латвіі, якая ў фінале сустрэлася з расійскай камандай «Раснафта».

Адзначым, што пяць беларускіх дружын з сямі прадстаўленых змаглі выйсці ў стадыю плэй-оф і пасапернічаць з еўрапейскімі грандамі. Найлепшага выніку дамаглася каманда «VіM Unіоn», якая заняла 7-е месца, 8-й стала яшчэ адна беларуская каманда «GР TЕАM», на 10-м месцы размясцілася «Mr.Mаgіс», на 11-м — БТР, на 12-м — Nо Nаmеs, на 15-м — «Надзея», на 16-м — «Працэс».

— Добры турнір, у рамках якога нам давялося пагуляць з камандамі высокага класа, — расказаў Дзмітрый Калтуноў, галоўны трэнер зборнай Беларусі. — Хлопцы змагаліся з першых і да апошніх хвілін у кожным матчы і набылі бясцэнны вопыт. Будзем працаваць, наперадзе вучэбна-трэніровачныя зборы, падчас якіх планую праглядзець многіх баскетбалістаў, якія выступалі на гэтым турніры ў складах іншых беларускіх камандаў.

— Атмасфера турніру была «на вышыні». Крута гуляць у закрытым памяшканні, асабліва ў гандлёвым цэнтры. Усе сапернікі былі вельмі моцныя, і гэта вельмі добра. Нават на групавым этапе ні ў кога не было прахадных гульняў, — адзначыў Максім Лютыч, гулец каманды БТР, кандыдат у зборную Беларусі па баскетболе 3х3.

У рамках турніру таксама адбыўся выставачны матч, удзел у якім прынялі ветэраны беларускага баскетбола і зоркі айчыннага шоу-бізнесу. Памятныя сувеніры і ўзнагароды дружынам уручылі міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко і старшыня БФБ Максім Рыжанкоў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Баскетбол у рэжыме нон-стоп

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

У зоне небяспекі... урач. Дапамога патрабуецца не толькі пацыентам

Мінздароўя зацвердзіла канцэпцыю маніторынгу псіхалагічных рызык медработнікаў.

Грамадства

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Як партызанскі і падпольны друк трапляў да чытачоў

Неабходна было даць адпор ворагу на ідэалагічнай ніве.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Пра ядомае і вядомае.