Вы тут

У празрыстай цішыні...


У студзеньскім нумары «Полымя» прадстаўлена проза Навума Гальпяровіча. Лірычныя апавяданні аб’яднаны агульнай назвай «На скрыжаванні сноў». Сем невялікіх расповедаў пра мінулае, родных, блізкіх сяброў як мага лепш адпавядаюць вызначанаму жанру: у іх амаль адсутнічае дзеянне, няма стройна азначанага сюжэта. Затое шмат лірыкі і шчырай любові да жыцця, якая выяўляецца не ў выбухова-ўзнёслым захапленні навакольнай прыроднай прыгажосцю ці ўласнымі адкрыццямі (гэта характэрна хутчэй для маладых паэтаў), а ў сталым, мудрым і разважлівым пачуцці адданасці зямлі, адчуванні еднасці з ёй і з людзьмі, «прызначанымі» лёсам у сябры і аднадумцы.


У апісаннях прыроды прысутнічае спрактыкаваная рука мастака: «У вялікім палескім сяле, хутчэй мястэчку, Кажан-Гарадку, ночы для мяне цягнуліся доўга, я часта прачынаўся, услухоўваўся ў празрыстую цішыню, якую парушаў толькі брэх сабак ці завыванне ветру ў коміне. Часам, асабліва калі праз палон аблокаў на небе прарывалася поўня, мне здавалася, што вось-вось пачую цокат капытоў старажытных дрыкгантаў і трубны голас «Раман, у дваццатым калене, выходзь!» («КажанГарадок»).

У вяскоўцах, звычайных палешуках, якіх аўтар амаль не ведае, першы раз сустрэўшы, ён прыкмячае лепшае, сутнаснае, іх непакой за сваю зямлю:

«— Ну вот ты граматны, скажы, — загаварыў захмялелы дзядзька Валодзя, — чаму вось такую прыгажосць увесь час знішчаюць? Меліярацыямі рознымі, фермамі па берагах, адкуль гной цячэ, вось нейкі цэментны ці які яшчэ камбінат у Мікашэвічах збудавалі» («Кажан-Гарадок»).

Вельмі імпануе, што ў апісаннях, у дыялогах адчуваюцца іранічныя ноткі. Іх няшмат, іронія празрыстая, добрая, як сонечныя промні скрозь восеньскія аблокі. Вось як згадвае аўтар даўняе знаёмства ў Доме творчасці з сябрамі-пісьменнікамі: «…даведаўся, што студэнт з Брэста Разанаў трапіў у абласны цэнтр з БДУ менавіта за тое, што напісаў ліст, каб усе прадметы на беларускім філфаку выкладаліся па-беларуску, а ягоны сябра Віктар Ярац трапіў за тое ж з Мінска ў Гомель» («У Каралішчавічах»).

Пісьменнік глядзіць на сябе-мінулага, сябе-хлопчыка з глыбокім псіхалагізмам і праз гэта робіцца блізкім і зразумелым для чытача. Бо, напэўна, у жыцці кожнага было нешта падобнае:

 «…Я не плакаў, калі труну выносілі з хаты, не плакаў і цяпер, і мне было нават крыху сорамна перад мамай, што я нібыта не надта перажываю.

Калі вярнуліся дадому, дарослыя селі за стол. Паклікалі і мяне. Праходзячы паўз маленькі калідорчык, я раптам убачыў бабуліны самаробныя тэпці. Старыя, зношаныя, яны сіратліва туліліся да кута. І я ўрэшце зарыдаў. Мяне ўсяго калаціла, і мама доўга не магла супакоіць. Мне было страшна і вусцішна, бо я зразумеў, што любую бабулю ўжо ніколі не пабачу» («Бабуля»).

Навум Гальпяровіч найперш вядомы як паэт. Але і апавяданні яго заслугоўваюць шырокай чытацкай увагі. Тое, што мы пабачылі, дае падставы спадзявацца, што з-пад яго пяра можа выйсці і больш шырокамаштабная проза.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.