Вы тут

Ураджай паэтычнага слова


Можна гадзінамі дыскутаваць пра тое, які лёс чакае мастацкае слова ў будучыні, ці будуць нашчадкі чытаць вершы і — як яны будуць гучаць, гэтыя вершы. А можна, прамаўляючы радкамі Анатоля Сербантовіча, «не думаць з трывогай пра вечнасць», проста ўзяць у рукі кнігу і наталіцца чытаннем.


Зборнік твораў Міколы Чарняўскага розных жанраў (аповесць, лірыка, гумар, вершы для дзяцей, у перакладзе на рускую мову) мае такую актуальную гэтымі зімовымі днямі назву «І вясною ўзыду…» («Чатыры чвэрці», 2018). Радок з верша Анатоля Сербантовіча абраны ў якасці назвы невыпадкова: палова кнігі — аповесць пра сябра, менавіта такі падзагаловак даў Мікола Чарняўскі сваім успамінам пра сябра і паплечніка, з якім яго звязвала не толькі творчае сяброўства. Твор нездарма названы аповесцю, бо тэматычныя і сюжэтныя абсягі шырэйшыя за фармат успамінаў. Аўтар прыводзіць свайго чытача ў Мінск 1960 года і стварае слоўную карціну настолькі падрабязна, каб мы змаглі ўбачыць сталічныя вуліцы такімі, якімі бачыў іх нядаўні школьнік Мікола Чарняўскі. І калі для сяброў і паплечнікаў аўтара гэтае чытанне будзе настальгічным, то для маладога пакалення — пазнавальным: гэта іншы горад, іншы Мінск. Вясковыя хлопцы, будучыя выпускнікі філфака і прызнаныя паэты, трапляючы ў зацішныя куточкі, што поўніліся зяленівам дрэў, не заўсёды адчувалі сябе «сенам на асфальце».

Так жа рупліва прыводзіць аўтар чытача і на тагачасны філалагічны факультэт БДУ, які адрозніваўся ад сучаснага… усім. Менавіта тады, на ганку студэнцкага інтэрната БДУ № 9 (які застаўся толькі ў памяці мінчукоў і, верагодна, на фотаздымках) адбылася першая сустрэча Міколы Чарняўскага з Анатолем Сербантовічам. Паэтам, расповед пра жыццё якога гучыць так жа шчымліва, як і яго вершы.

На старонках аповесці мы сустрэнемся з многімі творцамі, убачым іх у той перыяд, калі німб класіка яшчэ над імі не свяціўся. Зазірнём у рэдакцыі літаратурных часопісаў, папрысутнічаем на пасяджэннях літаратурных аб’яднанняў, зловім на гарачым натхнёнага паэзіяй Сербантовіча школьніка-плагіятчыка. Зможам пастаяць за спінай паэта, пакуль ён піша вершы, «узброіўшыся» вялікай каструляй кавы, схадзіць з ім на спатканне і нават выпіць чарку гарбаты. А пасля — пабываць у Магілёве, каб няспешна прайсціся па вуліцы Анатоля Сербантовіча. Сапраўды, Мікола Чарняўскі знаходзіць такія словы і ракурсы, што адчуваеш сябе зацягнутым унутр тэксту.

З уласцівым пісьменніцкаму стылю аўтара гумарам пераказваюцца многія сітуацыі, якія падаюцца неверагоднымі, немагчымымі. Асабліва што датычыць так званых творчых камандзіровак, якія надавалі неўтаймоўным пісьменнікам часовы статус вайскоўца. Надоўга застанецца ў памяці гісторыя пра тое, як Анатоль Сербантовіч адрэкамендаваўся камандуючаму эскадры Паўночнаморскага флоту: «Стажор Сербантовіч! Паэт», за што адразу ж быў спісаны шукаць рамантыку на бераг. А нізку вершаў з той рызыкоўнай камандзіроўкі паэт усё-ткі прывёз на радзіму, і была ў іх рамантыка мора, а не берага.

Мікола Чарняўскі згадвае шмат смешных выпадкаў, мабыць, для таго, каб у аповесці пра сябра, які пражыў усяго 29 гадоў і да якога можна дайсці цяпер толькі доўгімі сцяжынамі памяці, была не толькі светлая туга, але і светлая, суцішная радасць.

Вось жа і раздзел лірыкі ў кнізе — пад назвай «Залатая туга». Залатая, бясспрэчна, таму, што прымушае паэта згадваць пра самы шчаслівы і натхнёны час — маладосць. Але разам з тым і разглядаць раскіданыя па жыццёвых дарогах камяні. І хаця пераклады вершаў Міколы Чарняўскага на рускую мову не ва ўсіх аўтараў аднолькава ўдалыя, падаецца, галоўнае — тое, па чым заўсёды пазнаем радкі гэтага творцы — у іх захавалася: птушыны спеў на світанку, россып сонечных промняў — як усмешкі на дзіцячых тварах, раўнавага паміж іранічным і па-філасофску заглыбленым асэнсаваннем лёсу…

Прожить всё вновь —

Уже и жизни мало.

 Спасибо памяти,

Что это в ней сберёг,

И сердцу,

Что тепла не растеряло.

Так гучыць адзін з вершаў у перакладзе Андрэя Цяўлоўскага. Сапраўды, змяняецца аблічча горада, у які Мікола Чарняўскі прыехаў некалі няўпэўненым збянтэжаным юнаком; змяняюцца абліччы родных і блізкіх людзей; змяняюцца тэмы і сюжэты сучасных твораў… Аднак зерне беларускага паэтычнага слова, якое кінуў на літаратурную ніву паэт, прарастае — кнігай, вершам, успамінам. Таму гэтая сімвалічная назва — «І вясною ўзыду…» — не толькі пра спадчыну сябра, якому прысвечана аповесць. Але і пра аўтара таксама. Пісьменніку заўсёды важна ведаць, ці дасць плён яго талент. І, думаецца, Мікола Чарняўскі, атрымліваючы ўдзячныя водгукі ад сваіх чытачоў, можа не сумнявацца: ураджай будзе багаты.

Жана КАПУСТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Укладваць у офісы зноў выгадна

Укладваць у офісы зноў выгадна

Бізнес развіваецца больш дынамічна, бо з моманту апошняга скачка курса валют прайшло ўжо больш за два гады.

Спорт

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Эксклюзіў двухгадовай даўнасці. Інтэрв'ю «Звязды» з Ганнай Гуськовай

Прыводзім тэкст той размовы сёння, калі Ганнай Гуськовай па праве ганарыцца ўся Беларусь.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Праславіў Някрасаў рускую жанчыну, на вякі праславіў!