Вы тут

Лавец сноў, ці Сакральная місія «Саламянага павука»


У Быхаўскім Цэнтры культуры, народнай творчасці і рамёстваў упершыню адбылася выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва «Саламяны павук». У планах арганізатараў — зрабіць творчае спаборніцтва штогадовым.


— Саламяны павук — традыцыйнае каляднае ўпрыгожванне сялянскага жытла, якое падвешваюць звычайна пад столлю, — распавяла Ірына Кухціна. — Гэты абярэг ахоўвае хату, забяспечвае здароўе і дабрабыт сям’і. Сёння больш цэняцца мастацкія варыяцыі саламяных павукоў: ажурнасць і лёгкасць, прастата і дэкаратыўнасць дэталяў, якія збіраюцца з асобных частак-модуляў.

Летась элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыя вырабу саламяных павукоў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці» быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Падчас свята прэзентавалі лепшых «лаўцоў сноў», цікавыя нумары мастацкай самадзейнасці, прайшоў модны паказ ільняных касцюмаў ад мясцовых дызайнераў. Ідэйныя натхняльнікі «саламянага шоу» — дырэктар дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава Ірына Кухціна, якой нядаўна прысвоена званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь», і старшыня Быхаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Прыбарэц.

У конкурсе «ўдзельнічалі» 23 саламяныя павукі, якіх адзначылі ў трох намінацыях. У пірамідальнай перамог Вадзім Ганчароў, у рамбавіднай — Алена Водзічава і Марыя Краўцова, а авангардны павук лепш за ўсіх атрымаўся ў Алесі Дурагінай (ёй журы прысудзіла яшчэ і спецыяльны дыплом за «Самага папулярнага павука»). Як лепшы «Пераемнік традыцый» адзначана Галіна Панкратава, а «Спецыяльны прыз ад майстра» атрымала загадчыца метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры Святлана Саламевіч. Работу Галіны Панкратавай, як лепшую конкурсную, перадалі ў фонд Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

— У найбліжэйшых планах цэнтра — падрыхтоўка да выдання ілюстраванага зборніка «Быхаўскі раён. Адраджэнне саламянага павука», арганізацыя заняткаў па вырабе саламяных павукоў у дзіцячых гуртках, стварэнне пастаяннай выстаўкі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, падрыхтоўка рэкламных матэрыялаў пра саламяныя цуды ў Быхаўскім рэгіёне, — гаворыць Ірына Кухціна. — Спадзяёмся, што саламяны павук, як і раней, будзе выконваць сваю сакральную місію — прыносіць поспех і дабрабыт яго ўладальнікам!

Раіса МАРЧУК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.