Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Дзівак-чалавек. Уцячы з горада на прыроду

Часам мінакі лічаць, што тут жыве бяздомны. Але ў Аляксандра ёсць кватэра ў горадзе. Фота: shаhtеr.by

Карэспандэнт газеты «Шахцёр» Салігорскага раёна адправіўся ў лес. Вядома ж, па такім холадзе не ў грыбы, а ў госці да Аляксандра: мужчына разам з таварышамі самастойна абсталяваў палянку для адпачынку. «Жыву я ў горадзе разам з пажылой мамай, якой амаль восемдзесят гадоў. Яна мяне нікуды не адпускае, — тлумачыць мужчына. — Таму час ад часу мне неабходна проста адпачыць ад усяго і ўсіх. Палянка гэтая — мая аддушына. У цёплы час года магу і некалькі сутак знаходзіцца ў лесе, а ўзімку холадна». Дачцэ і ўнучцы ляснік пра палянку таксама не расказвае.

«Усе знаёмыя мяне лесніком палохалі. Казалі, убачыць — аштрафуе. На самай справе ён мне толькі падзякаваў. Сказаў, калі б усе так ставіліся да нашай прыроды, то лес быў бы чыстым і дагледжаным», — адзначае Аляксандр. Усе пабудовы ён зрабіў з падручных матэрыялаў. Не ссек ні аднаго дрэва: знаходзіў паваленыя, засохлыя і выкарыстоўваў іх. Па парадзе лесніка выкапаў яму для смецця, усталяваў рукамыйнік, пабудаваў прыбіральню. Мужчына гасцінна сустракае мінакоў, запрашаючы пагрэцца каля вогнішча.


Першай справай — верталёты. Гісторыя аэрадрома, які знаходзіцца недалёка ад Баравухі

Нядаўна афіцэры з 276-га асобнага батальёна аховы і абслугоўвання аэрадрома «Бараўцы» правялі ўрок мужнасці для старшакласнікаў Обальскай сярэдняй школы. Пра гэта піша газета «Герой працы» Шумілінскага раёна. Афіцэры згадалі гісторыю вайсковай часці і аэрадрома. Яна пачалася 36 гадоў таму, калі на базе 237-й верталётнай эскадрыллі быў сфарміраваны 276-ы асобны верталётны полк. Верталётчыкі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Афганістане і ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. За мужнасць, гераізм і адвагу больш за 600 афіцэраў і прапаршчыкаў палка адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Зараз, незалежна ад часу сутак і пагодных умоў, салдаты і грамадзянскі персанал батальёна падтрымліваюць ваенны аэрадром у пастаяннай гатоўнасці да прыёму і выпуску ваеннай авіяцыі.


Як правяраюць малако? Карэспандэнт завітаў у лабараторыю «Алекшыцаў»

Невялічкае памяшканне з акуратна расстаўленым абсталяваннем для правядзення аналізаў малака — так выглядае лабараторыя, дзе правяраюць прадукцыю малочнатаварнага комплексу «Алекшыцы». На сценах размешчаны своеасаблівыя падказкі: з левага боку — схемы і інструкцыі па прымяненні, з правага — зменныя аркушы паперы з гучнымі загалоўкамі «Экран якасці малака за люты 2018-га» і «Справаздача па здачы малака дзяржаве за студзень 2018 года». Карэспандэнт «Бераставіцкай газеты» пацікавіўся ў лабаранта прадпрыемства Галіны Фартэль асаблівасцямі яе працы.

Галіна па спецыяльнасці — мантажнік радыёапаратуры, але своечасова арганізаваныя курсы на базе «Малочнага свету» дапамаглі хутка авалодаць многімі нюансамі работы лабаранта. «Сёння кантроль за якасцю малака на малочнатаварных аб'ектах «Жукевічы», «Падбагонікі» і «Алекшыцы» вядзецца штодзённа, — расказвае лабарант. — Пры гэтым адпаведнасць паказчыкаў зададзеным нормам правяраецца з дапамогай цэлага набору прыбораў і абсталявання: аналізатараў якасці малака і саматычных клетак у ім, інкубатарных тэстаў на антыбіётыкі ў малацэ і многае іншае. Памятаю, калі я толькі прыйшла сюды працаваць, для вылучэння тлушчу з малака выкарыстоўвалі цэнтрыфугі. Зараз гэтыя часы мінулі і разнастайнасць абсталявання дазваляе ажыццяўляць працэсы па вызначэнні колькасных паказчыкаў больш хутка і дакладна».

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.