Вы тут

Міліцыя праводзіць актыўную прафілактычную работу


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам даў даручэнне міліцэйскаму ведамству звярнуць асаблівую ўвагу на сітуацыю з бяспекай пасля трагічных падзей у расійскім Кемераве. Прычым задача ставілася значна шырэйшая, чым проста праверыць кінатэатры і гандлёвыя цэнтры: павінны быць ахоплены ўсе месцы масавага збору людзей, а таксама жылыя дамы.


Зараз супрацоўнікі міліцыі сумесна з іншымі службамі праводзяць абследаванні гарышчаў, падвалаў, месцаў агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў, будынкаў і збудаванняў. Галоўная мэта — выяўленне парушэнняў пункта 15.1 Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў. Згодна з ім, не дапускаецца знаходжанне старонніх асоб у тэхнічных памяшканнях (падвальныя, паддашкавыя, тэхнічныя падполлі і паверхі, электрашчытавыя) жылога дома. Дзверы дадзеных памяшканняў павінны замыкацца на замок, а ключы знаходзіцца ў даступным для атрымання месцы. У выпадку неабходнасці ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы будуць накіраваны прапановы па абсталяванні пад'ездаў жылых дамоў сістэмамі відэаназірання.

Акрамя таго, прадстаўнікі МУС выяўляюць пустуючыя хаты, старыя будынкі і збудаванні, аб'екты няскончанага будаўніцтва, куды бесперашкодна могуць пранікнуць староннія. Доступ павінен быць абмежаваны, каб гарантаваць бяспеку на аб'екце.

Сумесна з сацыяльнымі службамі ўчастковыя міліцыянеры наведваюць праблемныя сем'і, адзінокіх пажылых грамадзян, асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, не толькі для таго, каб правесці тлумачальную працу, але і каб ацаніць бяспеку ўмоў іх пражывання.

Зразумела, што ў цэнтры ўвагі застаюцца гандлёва-забаўляльныя цэнтры і іншыя месцы масавага збору людзей. Супрацоўнікі міліцыі правяраюць размяшчэнне транспартных сродкаў на паркоўках, каб выявіць, ці зможа ў выпадку неабходнасці да будынка пад'ехаць спецтэхніка. Не жадаючы прайсці некалькі лішніх метраў, многія кіроўцы пакідаюць аўтамабілі ў недазволеных месцах, забываючы аб гэтым важным аспекце агульнай бяспекі.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Праверка парковак і наведванне сям'яў...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.