Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


У Бярозаўскім раёне абралі свой птушыны сімвал

У фінале конкурсу за званне птушкі-сімвала змагаліся рэмез звычайны, чарацянка вяртлявая і зімародак. Галасаванне прайшло ў школьных і працоўных калектывах, а таксама на сайце раённай газеты «Маяк». У ім паўдзельнічалі больш за шэсць тысяч чалавек.

У выніку за рэмеза прагаласавалі 892 удзельнікі, на другім месцы — зімародак (1913), а на першым — чарацянка (3296). Пераможца — самая рэдкая пеўчая птушка Еўропы, абараняецца як від, які знікае, і пражывае ў заказніку «Спораўскі» Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў. На яе галаве жоўта-белаватыя палоскі, якія са спіны заходзяць на надхвосце, грудзі — светлыя, у цёмныя рыскі. Птушка невялікая: даўжыня цела — 13 см, размах крылаў — 16—19 см. У якасці прыроднага сімвала была зацверджана на 27-й сесіі Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў.

Зараз чытачам газеты «Маяк» прапануецца распрацаваць лагатып птушкі-сімвала і зрабіць эскіз скульптуры чарацянкі, якая, хутчэй за ўсё, з'явіцца ў Бярозе. Свае прапановы можна дасылаць на паштовы ці электронны адрас газеты.


Сезонная забарона на лоўлю ўступіла ў сілу

У Віцебскай вобласці з 10 красавіка па 8 чэрвеня ўключна ўводзіцца веснавая забарона на лоўлю рыбы. Гэта робіцца для стварэння спрыяльных умоў для нерасту, пра што піша «Браслаўская звязда». У адзначаны тэрмін забараняецца прамысловая лоўля на ўсіх вадаёмах, акрамя лоўлі вугра, які мігрыруе, у месцах, вызначаных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Аматарская лоўля дазволена толькі ў светлы час сутак з берага, са штучных збудаванняў і канструкцый, акрамя чыгуначных мастоў, плацін, шлюзаў, іншых гідратэхнічных аб'ектаў, на якіх устаноўлены абмежаванні і забароны на гаспадарчую дзейнасць, і на 50 м па абодва бакі ад такіх месцаў. Для лоўлі можна выкарыстоўваць адну вудачку з адным кручком або спінінг са штучнай прынадай, аснашчанай адзінарным, двайным ці трайным кручком.

Начальнік міжраённай інспекцыі АЖіРС Віталь Буда нагадвае спінінгістам, што з 15 красавіка па 30 мая ўстанаўліваецца забарона на лоўлю судака. Рыбу гэтага віду, якая трапіць на кручок, трэба абавязкова выпускаць у вадаём. У час веснавога нерасту таксама забараняецца аматарская лоўля на штучных нерасцілішчах возера Дрывяты.


У Навасёлах падтапіла чатыры дамы

Пра красавіцкія прыродныя жарты піша газета «Голас Веткаўшчыны». Старажылы населенага пункта гавораць, што так блізка вада яшчэ ніколі не падступала. Гаспадары дамоў, якім не пашчасціла, пераязджалі да суседзяў вышэй. У хаце Ірыны Салтыковай эвакуіраваць прыйшлося і мэблю: вада з падмурка паднялася на першы паверх.

Жанчына пераехала ў Навасёлкі 12 гадоў таму, пакінуўшы абласны цэнтр. Тут пачала працаваць даяркай, далі жыллё. Гаспадары зрабілі касметычны рамонт: абнавілі мэблю, паслалі лінолеум... Цяпер многае неабходна пераробліваць.

Звычайна ўвесну ўся вада сыходзіць у палі праз водапрапускную трубу. Але сёлета яна гэты шлях не абрала. Чаму — пакуль невядома. У ДРБУ-185, якое адказвае за гэты аб'ект, гавораць, што восенню ніякіх перашкод не было. Мясцовыя ж жыхары расказваюць, што адзін з суседзяў закладваў трубу смеццем, бо раней вада ішла праз яго агарод. Старшыня Шарсцінскага сельскага Савета Святлана Цімохава растлумачыла, што, калі ішло добраўпарадкаванне, жыхары рабілі пад'езды да сваіх дамоў і ў адным месцы пашкодзілі меліярацыйны канал. Першы сігнал быў яшчэ пасля ліўня 29 ліпеня. Тады на гэта не звярнулі патрэбнай увагі.

Цяпер на праблему адрэагавалі аператыўна: збудавалі дамбу з мяшкоў з пяском, пракапалі водаадводны канал, дзе потым пракладуць трубу. Ваду спусцілі, засталася вільгаць. Яўген Чарняўка, дырэктар ААТ «Хальч», на балансе якога знаходзяцца падтопленыя будынкі, адзначыў: калі падсохне, можна будзе ацаніць сітуацыю і, калі ёсць сур'ёзныя пашкоджанні, дапамагчы ў рамонце. Але, як заўважыў намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Уладзімір Зіневіч, у гэтай сітуацыі людзям значна спрасціла б жыццё страхоўка.

Надзея АНІСОВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Здарылася гэта ў далёкім дзяцінстве.

Культура

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Даніэль Ястрэмскі: «Еўрабачанне» — мара, да якой я доўга ішоў

Гэты 14-гадовы мінчанін, бадай, самы вядомы сёння беларускі дзевяцікласнік. Ён ні многа ні мала, а выйграў нацыянальны адбор на дзіцячае «Еўрабачанне».