Вы тут

Каб знайсці...


Аповесць Зараславы Камінскай «Русалкі клічуць» («Кнігазбор», 2017) — гісторыя пошукаў. Шматлікія падзеі, героі, сітуацыі, часавыя пласты яднаюцца матывам шукання на розных узроўнях — ад неабходнасці знайсці кватэру да пошуку ўласнага месца. Твор прапануе пасачыць за гульнёй, адшукаць саму кнігу, паступова разгледзеўшы тонкасці яе пабудовы.


Галоўныя гераіні — Наста і Ліза — падобныя і непадобныя, разважаюць над памылкамі маладосці, рэзка разыходзячыся ў меркаваннях адносна рызыкі і зменаў ва ўласным жыцці. З імі ў той ці іншай ступені многія здольныя сябе атаясаміць, што робіць твор прасцейшым і больш непасрэдным.

Цікавасць выклікае вобраз Алеся Загорскага. Прозвішча, вядома, наўпрост адсылае да рамана Уладзіміра Караткевіча. Алесь Загорскі ў «Каласах пад сярпом тваім» — высакародны чалавек, маральныя якасці якога не выклікаюць сумневу, кантрастуючы з духоўнымі хібамі іншых герояў. Праз даволі доўгую адсутнасць на пачатку твора герой пачынае асацыявацца менавіта з першым уражаннем — тым, што фарміруецца іменем. Нязменны вобраз, схаваны на працягу твора, пазней аказваецца нечаканым акурат дзякуючы ўспрыманню, папярэдне сфарміраванаму іменем. Чытач сутыкаецца з ілюзіяй, створанай уласнымі асацыяцыямі, здзіўляецца знаходцы, якой не хаваў ніхто, апроч яго самога.

Вобраз русалак, згаданых у назве, уводзіць у тэкст матыў падману, фікцыі. Праз гісторыі, звязаныя з русалкамі, ствараецца атмасфера пагрозы, цкавання, блізкасці невытлумачальнага страху, які падмацоўваецца расповедамі і легендамі. Усё гэта асацыюецца з іншым культавым творам беларускай літаратуры, дзе неразуменне, няведанне, нянавісць збіраюцца ў адзін вусцішны вобраз, жах перад таямнічым пераследам выступае глыбокай унутранай пакутай тых, хто не здатны пераадолець скаванасць уласным страхам.

У аповесці Зараславы Камінскай дакладна не размяжоўваюцца рэальнае і містычнае, праўда і няпраўда. Русалкі — міфалагічны вобраз, дастаткова яркі, каб, гуляючы з верай ва ўласную сапраўднасць, падштурхнуць да пошуку падману на іншых, менш прыкметных узроўнях. Паўнавартаснае разуменне гэтага твора пачынаецца з апошняй старонкі. Для аповесці характэрны фармальны пошук, які, аднак, адбываецца ў межах даволі традыцыйнага аповеду, не праз разбурэнне і новае канструяванне апавядальнай структуры (як, напрыклад, у мадэрнісцкіх творах), а праз змену ракурсу, погляду на герояў, падзеі, тэкст.

Вельмі важнае ў разуменні твора пытанне: хто ж з’яўляецца апавядальнікам? Голас апавядальніка вызначае ўнутры тэксту межы магчымага і немагчымага, стварае сістэму крытэрыяў, адносна якой чытач мяркуе пра падзеі і вобразы. Дзеянне паралельна развіваецца ў двух часавых пластах — сучаснасці і другой палове 1940-х гадоў. Адметна, што паміж раздзеламі, прысвечанымі розным часам, існуе адчувальная розніца. Сучасныя падзеі больш сюжэтныя, перададзены аб’ектыўна: «Наста яшчэ доўга мыла пліту, прыбірала посуд, працірала пыл у скрынях, каб заняцца чымсьці і не працягваць размову. Скончыла тады, калі пачула, як пстрыкнуў выключальнік у Лізіным пакоі. І, не запальваючы святло, асцярожна праслізнула да сябе». На аб’ектыўнасць працуе «адцягненасць» аповеду, часты перанос увагі з аднаго героя на іншага.

 Пры гэтым у раздзелах пра мінулае ўвага засяроджваецца на вобразе адной гераіні — Марылі. Побач з ёй жывуць іншыя персанажы, так ці інакш закранаюцца праблемы часу, акрэсліваюцца некаторыя асаблівасці светапогляду тагачаснага чалавека, але цэнтр расповеду, бясспрэчна, — Марыля. Галоўнае месца займаюць перажыванні гераіні, яе рэакцыя на акрэсленыя падзеі: «Марыля паскорыла крок. Мроілася, што там, у гушчары, як за плотам, нехта ходзіць, і ходзіць, і ходзіць, сюды-туды, сюды-туды, і не можа выйсці. Пакуль». Часткі пра мінулае выразна суб’ектыўныя, бо чытач глядзіць на падзеі з пазіцыі аднаго чалавека.

Сучасным раздзелам аповесці ўласцівая дынаміка дзеяння, знешняга руху. Для раздзелаў пра мінулае характэрная дынаміка ўнутраная, пачуццёвая, дзе асэнсаванне таго, што адбываецца, важнейшае за самі падзеі. Чаму існуе такая розніца і якую ролю яна адыгрывае ў тэксце? Адказ знойдзецца, калі атрымаецца вызначыць, каму належыць голас апавядальніка.

Вобраз Алены Кіш, як і ўсе падзеі мінулага, чытач бачыць праз успрыняцце Марылі: «Так Марыля і запомніла: Алена на каленях над дываном, нібыта штосьці цяжкое сядзіць у яе на шыі і не дае падняцца». Напаўрэальная гісторыя мастачкі звязваецца з трагічнымі падзеямі, становіцца асабістай пакутай і таямніцай Марылі. Аднак чаму мінулае паўстае адпаведна перажыванням і згадкам менавіта гэтай гераіні, фарміруючыся як прыватны погляд, які не прэтэндуе на аб’ектыўнасць? Тлумачэнне знаходзіцца, калі ўдаецца разабрацца, хто апавядальнік, чыё бачанне апраўдвае прапанаваную творам інтэрпрэтацыю асобнага моманту з жыцця Алены Кіш.

Аповесць уключае цікавыя фармальныя элементы — фрагменты дзённіка, паведамленні ў мэсэнджары, ліст, вытрымкі з газет, транскрыпт аўдыязапісу. Такая арганізацыя тэксту дадае непасрэднасці, адчувальнасці акрэсленым падзеям.

Аповесць «Русалкі клічуць» будзе цікавая шырокай аўдыторыі дзякуючы зразумелай любому чытачу мове, стылёва адпаведнай сітуацыям, якія апісваюцца. Вялікая колькасць дыялогаў працуе на дынамічнасць тэксту, што ў спалучэнні з займальным сюжэтам здатна прымусіць прачытаць твор за адзін заход.

Кнігу Зараславы Камінскай можна ўспрымаць як гісторыю пра напаўмістычныя прыгоды герояў розных часоў, як расповед аб праблемах і перажываннях. Можна паспрабаваць знайсці схаваныя сувязі, праз разуменне формы па-новаму паглядзець на змест твора. Цікава пабудаваны аповед не вытлумачваецца да канца, пакідаючы нагоды для разважанняў і пошукаў.

Марына ЯРОМКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.