Вы тут

Фотапогляд праз сэрца


Кнігі ўжо даўно лепшыя сябры, якія выжываюць мяне з хаты, таму вельмі абачліва стаўлюся да папаўнення бібліятэкі. Апошнім часам прапіску на маіх кніжных палічках атрымліваюць менавіта кнігі з аўтографамі аўтараў. Гэта вясна падарыла некалькі такіх сустрэч. Вершы Алеся Каранеўскага, што ўвайшлі ў зборнік «Горад на Свіслацкіх плынях» («Каўчэг», 2017), аздоблены фотаздымкамі аўтара, мастака па адукацыі. І кожны з іх — прызнанне ў любові да беларускай сталіцы. Усе адценні змен часу сутак і паравін года спынены ўважлівым аб’ектывам і вершаваным радком. Яго натхняюць вандроўкі па знаёмых куточках, дзе «парк ахутвае сонечны веер», «лёгкіх птушак пралётныя шлейфы», «світаннем ахоплены горад», «і шэпты малітваў у сценах ахоўных». Менавіта з гэтых падарожжаў па родным горадзе і па сваіх успамінах, якія той уваскрашае, нараджаецца верш.


І здабуду ўпотай

Слоўны ланцужок —

З сонечнай лістоты

За радком радок!

(«Лёгкі бег суботы...»)

 Кожны жыхар Мінска з вялікім задавальненнем пагартае старонкі, на якіх паўстаюць знаёмыя мясціны, з вялікай пяшчотай знятыя і апетыя Алесем Каранеўскім.

Закаханасць аўтара ў родны горад робіць цуды: паэтычны малюнак мокрай набярэжнай, толькі-толькі пасля летняй навальніцы, кранае душу.

Чароўны Мінск!.. І неяк ясна, лёгка,

Як быццам ты адзін, і гэты свет,

І ўсё былое недзе недалёка

Табе з усмешкай пазірае ўслед.

 («Дажджы і Мінск»)

Ці хвілінка прайшла, ці імгненне?

 («Пачакай... і застанься... не плач»)

 Вандруючы па Мінску, можна падарожнічаць і па часе: варта толькі апынуцца ў куточку, дзе прайшло дзяцінства, памяць уваскрашае тое, чаго ўжо няма: Даўно пасеклі мінскі сад... Вось тут і быў... мо трошкі злева. Але ж мы там глядзелі ў неба Нібыта ўчора... век назад. («Яшчэ здалёк свяціўся сад...») Вандроўка наталяе душу новымі парывамі, маладзее сэрца, і лірычны герой абяцае каханай: «Вось па вясёлцы к табе прыбягу: / З хвалі кахання — у водар прыбою!», і тады «Зоркі самі зляцяць на далонь / Гэтай ноччу цудоўнай спагады».

Зборнік «Горад на Свіслацкіх плынях» можа стацца добрым сувенірам, але ад звычайнага набору паштовак яго адрознівае цёплы аўтарскі позірк — праз сэрца.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.