Вы тут

Нацыянальнае кадастравае агенцтва пра новыя падыходы ў ацэнцы зямлі


У Нацыянальным кадастравым агенцтве, якое з'яўляецца адным з ключавых на рынку нерухомасці, сёння актыўна працуюць у кірунку лічбавай трансфармацыі сваіх магчымасцяў. У арганізацыі плануюць стварыць сістэму ўліку дагавораў долевага будаўніцтва з выкарыстаннем тэхналогіі блокчэйн. Акрамя таго, ужо цяпер тут ствараюць новую версію публічнай кадастравай карты — бясплатнага інтэрнэт-сэрвісу, які дае інфармацыю аб межах зямельных участкаў і іх прызначэнні. Сёлета ў маі арганізацыі спаўняецца 20 гадоў. Аб сваіх апошніх дасягненнях прадстаўнікі Нацыянальнага кадастравага агенцтва расказалі ў прэс-цэнтры БелТА.


Тэхналогія блокчэйн павялічыць інвестыцыі

Па словах генеральнага дырэктара агенцтва Андрэя Філіпенкі, ужо ў маі Нацыянальнае кадастравае агенцтва падрыхтуе дакументы, якія дазволяць пачаць работу над сістэмай уліку дагавораў долевага будаўніцтва з выкарыстаннем тэхналогіі блокчэйн. На яе аснове будзе працаваць рэестр уліку такіх дагавораў.

Калі казаць простай мовай, згаданая тэхналогія дазволіць стварыць цэнтралізаваную віртуальную сістэму, у якую забудоўшчыкі змогуць уносіць у аддаленым рэжыме інфармацыю, а мясцовыя органы ўлады, грамадзяне будуць мець доступ да яе на пэўных умовах. Прычым у рамках гэтай сістэмы карыстальнікі ў некаторых працэдурах маглі б ураўноўвацца і, напрыклад, уносіць змены ў сістэму толькі ў выпадку, калі ўсе ўдзельнікі аперацыі з гэтым згодныя.

«Да лета павінны падрыхтаваць тэхнічна-эканамічнае абгрунтаванне, далей, калі будзе прызнана мэтазгоднасць праекта, то ён будзе зацверджаны Камітэтам па навуцы і тэхналогіях і рэалізаваны», — растлумачыў Андрэй Філіпенка.

Пры гэтым, на думку заказчыкаў, новая тэхналогія павінна спрасціць працэсы для ўсіх удзельнікаў рынку. Стварэнне гэтага рэестра павысіць давер грамадзян да інвесціравання ў нерухомасць на стадыі будаўніцтва, і перш за ўсё ў жылую нерухомасць. З пункту гледжання сістэмы рэгістрацыі нерухомай маёмасці, выкарыстанне рэестра ўліку дагавораў долевага будаўніцтва можа скараціць час, неабходны для рэгістрацыі пабудаваных дамоў і надалей — правоў дольшчыкаў, якія ўдзельнічалі ў гэтым будаўніцтве.

Новая кадастравая карта ў распрацоўцы

Андрэй Філіпенка таксама расказаў, што цяпер у агенцтве распрацоўваюць новую версію публічнай кадастравай карты з абноўленым функцыяналам. Прычым плануецца, што яна будзе стварацца з адкрытым кодам, а гэта значыць, што іншыя карыстальнікі таксама змогуць уносіць у яе змены.

«Гэта ў тым ліку знізіць сабекошт эксплуатацыі рэсурсу. Існуючая публічная кадастравая карта працуе на ліцэнзійным праграмным забеспячэнні», — сказаў Андрэй Філіпенка.

Сёння публічная кадастравая карта з'яўляецца бясплатным інтэрнэт-сэрвісам. Яна дае інфармацыю аб межах зямельных участкаў, іх прызначэнні, аб адрасных пунктах, межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, ацэначных зон, аб капітальных забудовах. Каб працаваць з гэтым рэсурсам, аўтарызацыя карыстальніка не патрабуецца.

Па словах Андрэя Філіпенкі, усё больш дзяржаўных органаў і прыватных кампаній зацікаўлены ў тым, каб карта ўзбагачалася дадатковымі пластамі інфармацыі, якой няма ў сістэме Нацыянальнага кадастравага агенцтва, але якая цікавая для грамадства. Штомесяц да публічнай кадастравай карты звяртаюцца 11 тысяч унікальных карыстальнікаў, рэгіструецца прыкладна 32 тысячы зваротаў.

Ацэняць зямлю за шэсць гадоў

На працягу шасці гадоў будзе праведзена кадастравая ацэнка аб'ектаў нерухомай маёмасці. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі заявіў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзмітрый Рытвінскі. Сёння ў адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомасці змяшчаецца больш за 80 % аб'ектаў. Вынікі кадастравай ацэнкі нерухомасці можна выкарыстоўваць больш чым па 10 кірунках, у тым ліку ў банкаўскай сферы, страхаванні. Яе з'яўленне створыць перадумовы да пераходу на падаткаабкладанне нерухомасці ад яе рынкавага кошту, ад чаго выйграюць усе гульцы рынку.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: «Квадраты» ў мегабайтах

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.