Вы тут

Літаратура як паказчык працэсу нацыятварэння народа


У Выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла кніга Уладзіміра Гніламёдава і Міколы Мікуліча «Літаратура. Гісторыя. Свядомасць: гісторыка-літаратурны нарыс», у якой праз прызму літаратуры прасочваецца складаная, у многім супярэчлівая гісторыя лёсавызначэння беларускага народа.


Акадэмік НАН Беларусі У. Гніламёдаў добра вядомы як літаратуразнаўца, літаратурны крытык. Ён аўтар больш за 1000 навуковых прац, у тым ліку каля 30 манаграфій і кніжных выданняў, сярод якіх «Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс», «Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларускую паэзію», «Янка Купала: жыццё і творчасць» і інш. Шырокі розгалас атрымала і створаная ім «сямейная хроніка ў духу барока» ў раманах «Уліс з Прускі», «Расія», «Вяртанне», «Валошкі на мяжы», «Вайна», «Пасля вайны».

У навуковым багажы кандыдата філалагічных навук дацэнта Міколы Мікуліча — каля 400 грунтоўных прац, з іх 15 кніг і брашур, найбольш вядомыя з іх — «Максім Танк і сучасная беларуская лірыка», «Паэзія Заходняй Беларусі (1921—1939)», «Максім Танк: талент, заручаны з небам» і інш.

Новая кніга аўтарытэтных навукоўцаў — фундаментальная па задуме, маштабе і дыяпазоне праца. Яе ўзровень, зместавае і змястоўнае напаўненне па-сапраўднаму ўражваюць. Інавацыйна, у сучаснай «оптыцы» асвятляюцца шматлікія з’явы і падзеі далёкага і блізкага мінулага — ад Е. Полацкай, К. Тураўскага, Ф. Скарыны да У. Караткевіча, М. Танка, І. Шамякіна. Несумненную цікавасць уяўляе аўтарская інтэрпрэтацыя найноўшай літаратурнай гісторыі Беларусі.

 Навукоўцы задаюцца найважнейшымі экзістэнцыяльнымі пытаннямі: што такое свядомасць? што ўяўляе сабой наш народ — беларусы? які яго духоўны патэнцыял? які ўзровень нацыянальнай свядомасці? якія дамінантныя рысы беларускага характару?.. Яны адзначаюць: «Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні еўрапейскіх дарог, а скрыжаванне, паводле славянскай міфалогіі, — месца небяспечнае, наканаванае, фатальнае, лёсавызначальнае. Што ж, гэта падобна да лёсу Беларусі, да яе складанага і заблытанага лёсу, лёсу яе багаццяў, як матэрыяльных, так і духоўных, якія часта рабаваліся, расцягваліся па “нацыянальных кватэрах” іншых народаў. Гэта, несумненна, не магло не адбіцца на стане нацыянальнай свядомасці беларускага народа, на яго душэўна-псіхалагічным самаадчуванні».

Глыбокае і грунтоўнае асэнсаванне праблем літаратуры як «учалавечанага часу», гістарычнай памяці, нацыянальнага характару, духоўна-сацыяльнай свядомасці беларускага народа дазволіла аўтарам сфармуляваць надзвычай актуальную ў эпоху глабалізацыі формулу: дэнацыяналізацыя не аб’ядноўвае людзей, а раз’ядноўвае іх, адлучае ад чалавецтва.

Пры гэтым літаратура як неад’емны складнік нацыянальнага жыцця з’яўляецца красамоўным паказчыкам «працэсу нацыятварэння народа, стану яго дзяржаўнай незалежнасці і суверэннасці, палітычнага ўздыму і заняпаду. Літаратура адлюстроўвае нацыянальную ідэнтычнасць народа, яго матэрыяльны і духоўны ўклад жыцця, мову і традыцыі, характар і распаўсюджаныя тыпы асобы».

Вялікі масіў матэрыялаў і дакументаў бяруць у спадарожнікі аўтары, каб дайсці да сутнасных вытокаў беларускага феномена. Кнігу «Літаратура. Гісторыя. Свядомасць» без перабольшання можна назваць энцыклапедычнай — па ёмістасці ахопу падзей, дакладнасці іх адлюстравання, узроўні асэнсавання беларускага шляху.

Аўтарам удалося стварыць шырокую гісторыка-літаратурную панараму праблематыкі лёсавызначэння беларускага народа. Пра гэта сведчаць і назвы раздзелаў кнігі: «Этнічны ўзровень», «Прырода. Ландшафт. Клімат», «Язычніцтва. Мова», «Гісторыя. Дзяржаўнасць. Хрысціянства», «Тыпы і характары», «ВКЛ», «Пра характар Сярэднявечча», «Рэнесанс», «Рэфармацыя. Контррэфармацыя», «Люблінская унія і яе наступствы», «Барока», «Заняпад», «Litwo! Ojczyzno moja!», «Пад гнётам абставін. ХІХ ст.», «На пачатку ХХ ст.», «Будаўніцтва новага свету (ХХ ст., 20—30-я гг.)», «У Заходняй Беларусі (1921 — 1939): “...зварухніся моц крывіцкая...”», «Паслухайце, вясна ідзе...», «Вялікая Айчынная», «Пасляваенны перыяд», «Новыя далягляды», «Учора, сёння і заўтра». Гэта абсалютна эксклюзіўны, адмысловы погляд на асаблівасці цывілізацыйнай дынамікі, на факты і меркаванні, на творы і творцаў у гісторыка-літаратурнай рэтраспекцыі.

У новых гістарычных умовах ХХІ ст., калі соцыум сутыкаецца з эпахальнымі аксіялагічнымі выклікамі і глабальнымі праблемамі, стала зразумела: без вызначэння і выбару адпаведнай сістэмы каштоўнасцей, без згуртавальных, інтэгральных ідэй грамадства існаваць не можа. Па меркаванні аўтараў, сваё важкае слова павінна сказаць літаратура — «нацыянальны пашпарт, па якім нас пазнаюць у свеце». Яна традыцыйна «прасякнута вітальнаю сілаю, выступае на баку жыцця, чалавека, яго правоў і каштоўнасцей».

Уяўляецца мэтазгодным разгледзець пытанне аб магчымасці перакладу кнігі на іншыя мовы, хаця б на мовы нашых суседзяў (рускую, украінскую, польскую) — каб лепш ведалі ўнёсак беларусаў у скарбонку сусветнай культуры, больш глыбока ўяўлялі і разумелі феномен беларускай адметнасці. Гэта цалкам адпавядае нацыянальна-дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь як суверэннай краіны.

Таццяна ПАДАЛЯК

Загаловак у газеце: Спазнанне сябе

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.