Вы тут

Лагеры наводзяць апошні лоск


Сярэдні кошт пуцёўкі сёлета — 430 рублёў.

Доўгачаканыя канікулы не за гарамі, і штогод усё большая колькасць бацькоў прапануе сваім дзецям традыцыйны адпачынак у лагеры. Гэта лета абяцае не стаць выключэннем.


— Больш за трэць усіх дзяцей школьнага ўзросту ў апошнія гады праходзяць аздараўленне падчас летняй кампаніі. Наша краіна, дарэчы, адна з нямногіх на постсавецкай прасторы захавала і паспяхова развівае дзіцячае аздараўленне і адпачынак, — нагадала кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК.

Сёлета на гэтыя мэты з бюджэту выдаткавана 43 мільёны рублёў. Прычым большая частка — 41 мільён — пойдзе на тое, каб пуцёўкі зрабіць таннейшымі. Часткай сродкаў — каля паўтара мільёна — скарыстаюцца для набыцця пуцёвак для льготных катэгорый дзяцей. І паўмільёна рублёў выдаткуюць на дапамогу стацыянарным лагерам у аднаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Такія сродкі дазволяць арганізаваць адпачынак і аздараўленне для 377 тысяч дзяцей. З іх 220 тысяч адправяцца ў лагеры з дзённым прабываннем, 157 тысяч — з кругласутачным. Таксама летам плануецца аздаравіць 13 тысяч дзяцей-сірот і 4,5 тысячы дзяцей-інвалідаў.

Кошт пуцёвак — немалаважнае пытанне для бацькоў, але не балючае для сямейнага бюджэту. Сёлета пуцёўка ў аздараўленчы лагер з кругласутачным прабываннем на 18 дзён будзе каштаваць у сярэднім 430 рублёў. Пры гэтым памер патаннення — 185 рублёў. Аздараўленне ў лагеры з дзённым прабываннем абыдзецца ў сярэднім у 93 рублі, а памер патаннення для гэтай катэгорыі — 76 рублёў. Дзевяць дзён у кругласутачным аздараўленчым лагеры каштуюць 100 рублёў з памерам патаннення ў 75 рублёў. Кошт пуцёўкі ў лагер працы і адпачынку для старэйшых школьнікаў складае 100 рублёў пры памеры патаннення ў 84 рублі, у спартыўны аздараўленчы лагер на 18 дзён — 460 рублёў пры памеры патаннення ў 205 рублёў.

— Штогод памер датацыі складае каля 40 % ад агульнага кошту пуцёўкі, — адзначыла Ларыса Емяльянчык. — Таксама патанненне адбываецца за кошт наймальніка ці прафсаюзнай арганізацыі, у выніку бацькі аплачваюць каля 10 %.

Самыя танныя, дарэчы, былі летась пуцёўкі ў летнікі Брэсцкай вобласці, а самыя дарагія — у сталічныя. Розніца ў кошце даходзіла да 120 рублёў.

Юных беларусаў сёлета чакаюць у 146 лагерах са стацыянарнай базай, якія адначасова могуць змясціць 27 тысяч дзяцей. Акрамя гэтага, арганізавана 1600 лагераў з кругласутачным прабываннем і 4293 лагеры з дзённым.

Ларыса Емяльянчык падкрэсліла, што сёння лагер — гэта месца не толькі прыемнага адпачынку і цікавых забаў, але і спосаб зарабіць. Старэйшыя школьнікі, дарэчы, у лагерах працы і адпачынку мелі магчымасць зарабіць мінулым летам да 200 рублёў.

Тым часам урачы-гігіеністы і іншыя спецыялісты ацэньваюць падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых устаноў да прыёму школьнікаў. Вядзецца падбор медыцынскага персаналу, кантралюецца наяўнасць лекаў.

— Аздараўленчы лагер — гэта не лячэбная ўстанова, і прызначаны ён для адпачынку дзяцей, якія ў гэты момант не хварэюць. Калі здараецца, што нехта захварэе, яго шпіталізуюць ці перадаюць бацькам. Мы кантралюем, каб усе лагеры мелі дагаворы на аказанне медыцынскай дапамогі, была магчымасць для пад'езду машыны хуткай дапамогі, — адзначыла галоўны педыятр галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Валянціна ВАЛЧОК. — Найчасцей у лагеры дзеці звяртаюцца з праблемамі, якія медыцынскі работнік у стане вырашыць на месцы, — з ранкамі і сінякамі, укусамі насякомых, алергіяй.

Загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала МАЛАХАВА дадала, што ўспышак інфекцыйных хвароб летась падчас летняй аздараўленчай кампаніі ўдалося пазбегнуць. Тым часам было каля 140 выпадкаў захворвання на ветраную воспу і 66 выпадкаў укусаў кляшчамі.

Дзякуючы прадпісанням гігіеністаў у апошнія гады ўдалося дасягнуць значных поспехаў ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы лагераў. Пераважная большасць з іх забяспечана сістэмамі ацяплення, каналізацыі і гарачай вадой. Толькі два стацыянарных лагеры са 146 пакуль не маюць каналізацыі і пяць — ацяплення.

Пераважная большасць дзіцячых летнікаў у Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях будуць цалкам падрыхтаваны да 25 мая і адчыняць свае дзверы для наведвальнікаў з дазволу спецыяльных камісій пры райвыканкамах, якія кантралююць іх стан. Лагеры ў Гомельскай і Віцебскай абласцях традыцыйна адчыняюцца крыху пазней — з 10 чэрвеня.

Алена КРАВЕЦ


Магілёўшчына

З улікам сродкаў рэспубліканскага бюджэту сёлета на Магілёўшчыне плануецца аздаравіць 42 100 дзяцей, з іх — 17,5 тысячы ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Да паслуг хлопчыкаў і дзяўчатак  20 загарадных аздараўленчых лагераў, тры з якіх — «Сосны», «Дубравенка» і «Свіслач» — створаны на базе санаторна-курортных арганізацый. Першыя заезды пачнуцца ўжо з 1 чэрвеня, а да 5-га запрацуюць усе дзіцячыя «базы адпачынку».

Дзяцей прымуць таксама профільныя 9-дзённыя лагеры, арганізаваныя ўстановамі адукацыі сумесна з абласнымі структурамі МНС, МУС, а таксама воінскімі часцямі. Для пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд прадугледжаны асобны летнік — «Алімпіец», у якім на працягу 18 дзён будуць адпачываць і практыкавацца ў сваіх ведах 100 падлеткаў.

— Аздараўленне дзяцей будзе весціся ў рамках рэспубліканскай акцыі «Лета — час адкрыццяў». Улічваючы, што гэты год прысвечаны малой радзіме, акцэнт плануецца зрабіць на вывучэнні роднага краю, яго турыстычнага патэнцыялу і выхаванні патрыятычнага пачуцця да роднай зямлі, — удакладнілі ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Гомельшчына

Гэтым летам на Гомельшчыне будзе працаваць 10 стацыянарных летнікаў у Гомельскім, Рэчыцкім, Светлагорскім раёнах.

Як расказала начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ірына Драбышэўская, у межах абласной міжведамаснай праграмы па забеспячэнні занятасці дзяцей «Лета на карысць — 2018» на Гомельшчыне больш за 34 тысячы навучэнцаў плануецца ахапіць адпачынкам у аздараўленчых лагерах на базе ўстаноў адукацыі. Будзе працягнуты праект «Прафесійныя вакацыі», у межах якога на базе ўстаноў адукацыі будуць працаваць прафарыентацыйныя лагеры для навучэнцаў.

Традыцыйна спецыяльная ўвага ўдзяляецца арганізацыі часовай працоўнай занятасці школьнікаў. Так, плануецца адкрыць звыш 200 лагераў працы і адпачынку для 3,5 тысяч навучэнцаў. Дзеці будуць займацца рамонтам школьнай мэблі, вырабам стэндаў, добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а таксама прымуць удзел ва ўборцы агародніны і садавіны.

Гэтым летам будуць таксама працаваць раённыя, гарадскія міжведамасныя летнікі для дзяцей розных катэгорый сумесна з падраздзяленнямі вайсковых часцей, пагрангрупамі, аддзеламі ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі...

Ірына АСТАШКЕВІЧ


Віцебшчына

Тэма аздараўлення дзятвы традыцыйна ў цэнтры ўвагі мясцовай улады напярэдадні сезона работы летнікаў. І Прыдзвінскі край не выключэнне. У прыватнасці, пытанне фінансавання было агучана 17 мая на пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

Усяго ў Віцебскай вобласці для добраўпарадкавання летнікаў было запланавана выдаткаваць каля 960 тысяч рублёў.

Паводле інфармацыі Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, на гэтыя мэты накіраваны грошы з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама — прадпрыемстваў, арганізацый, якім належаць аздараўленчыя лагеры.

Па папярэдніх планах прыкладна ў трыццаці кругласутачных летніках адпачнуць каля 16 тысяч дзяцей і падлеткаў.
Да таго ж больш за 27 тысяч — у так званых прышкольных.

Вялікая ўвага ўдзяляецца і пытанням бяспекі. Традыцыйна адпаведныя рэйды праводзяць прадстаўнікі выратавальнай, санітарна-гігіенічнай і іншых службаў, праваахоўных органаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.