25 Верасень, аўторак

Вы тут

Сакрэтныя дакументы раскрыты ў выданні пра Кірылу Мазурава


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» свет пабачыў эксклюзіўны праект — кніга «Кірыла Мазураў. Пра што маўчаў час». Яе аўтарам з'яўляецца пісьменніца, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева. Навуковым кіраўніком выступіла прафесар з Масквы, доктар гістарычных навук Наталля Капітонава.


Ёсць меркаванне, што пра савецкую эпоху і яе лідараў сказана шмат, можа, амаль усё. Усё гэта ідэалагізаваная, палітызаваная, ангажаваная гісторыя... Новы аўтарскі погляд на падзеі XX стагоддзя прадстаўлены ў кнізе пра Кірылу Мазурава.

Гэта той выпадак, калі на падставе шырокай даследчай базы, не вядомых раней дакументаў, якія доўгі час захоўваліся ў архівах пад грыфам «Зусім сакрэтна», «Асаблівы сектар», асабістых дзённікавых запісаў і няскончаных успамінаў Кірылы Мазурава пераасэнсоўваецца час, у які ён жыў і працаваў, даецца аўтарскі погляд на падзеі тых часоў, — халодная вайна, Чэхаславакія, Афганістан, смелыя эканамічныя рэформы ў СССР, якія ўвайшлі ў гісторыю як «касыгінскія», у рэалізацыі якіх Мазураў прымаў непасрэдны ўдзел.

У кнізе прадстаўлены дакументы важных палітычных падзей у СССР, не адрэдагаваныя для друку стэнаграмы, зробленыя непасрэдна ў час работы партыйных пленумаў і з'ездаў, пасяджэнняў палітбюро ЦК КПСС, у прыватнасці ліпеньскага 1957 года пленума ЦК КПСС з асуджэннем антыпартыйнай групоўкі Молатава, Малянкова, Кагановіча. Нядаўна рассакрэчаны дзённік дзейнасці ЦК КП(б) Беларусі (пачаты 22 чэрвеня 1941 года, скончаны 19 жніўня 1941 года) дазваляе даведацца, як рэальна была арганізавана работа вышэйшага кіраўніцтва рэспублікі ў самыя драматычныя першыя дні вайны. Даследаваны дзённік камандзіра партызанскага злучэння Васіля Каржа ваеннага перыяду. Ён і сёння захоўваецца ў архіве. Не заўсёды зручная праўда стала падставай не публікаваць раней гэтыя дзённікавыя нататкі Каржа.

Запіс шчырай размовы Кірылы Мазурава з Панцеляймонам Панамарэнкам дае магчымасць даведацца пра тыя падзеі, якія раней выклікалі дадумванні і розныя меркаванні, а менавіта: як няпроста ствараўся Цэнтральны штаб партызанскага руху, там расказваецца пра Армію Краёву, пра жорсткае супрацьстаянне з Хрушчовым па тэрытарыяльным пытанні, у прыватнасці пра перадачу часткі Белавежскай пушчы ўкраінцам, пра рэпрэсіі, пра нежаданне многіх кіраўнікоў прызнаваць існаванне Мінскага падполля і іншае.

Шмат якія недасяжныя раней для даследаванняў дакументы раскажуць пра міжнародную дзейнасць Мазурава. Таемныя і афіцыйныя сустрэчы з сусветнымі лідарамі, сяброўскія гутаркі з імі на адпачынку і працоўныя паездкі, многія з якіх не афішаваліся, дапамагаюць зразумець, наколькі складанай была абстаноўка ў свеце і якім коштам падтрымлівалася стабільнасць. Многія хітраспляценні, да якіх звярталіся ў міжнароднай палітыцы, часам нагадваюць дэтэктыў.

Дакументы, успаміны, асабістыя запісы... Яны рэальныя сведкі не толькі таго, як ішла гісторыя XX стагоддзя, але і таго, што адбывалася ў асяродку партыйнай эліты. Не ўсё гладка складвалася ў беларускага кіраўніцтва з цэнтрам: нязгода з хрушчоўскімі рэформамі часта прыводзіла да супрацьстаяння цэнтра і краіны, непакорнага Мазурава і кіраўніцтва Саветаў. Ён мог сказаць «не» і не падпарадкоўвацца рашэнням зверху, калі гэта не адпавядала інтарэсам Беларусі. Раней невядомыя дакументы дапамагаюць зразумець, наколькі няпростым быў канфлікт спачатку з Хрушчовым, а потым з Брэжневым, асабліва ва ўмовах павышанай увагі да маладога энергічнага кіраўніка з боку заходніх дзяржаў, якія бачылі ў ім кандыдатуру пераемніка для кіравання ўсёй вялікай краінай.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Пра што маўчаў час

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.