Вы тут

Крыніцамі любові і хараства


Крыніцамі любові і хараства Новая паэтычная кніга Святланы Быкавай «Здабыццё волі» (Мінск: «Колорград», 2017) раскрывае не толькі светапогляд аўтара, але і перадае яго шчырае жаданне палепшыць свет праз гуманізм. Кніга складаецца з двух раздзелаў, якія маюць сімвалічныя назвы: «Непазбежнасць» і «Па поклічы Сэрца».


У паэзіі С. Быкавай шмат пейзажных замалёвак, філасофскіх элегій і вершаўмедытацый. Мастацкі свет перадаецца прыемнымі гукамі, далікатнымі фарбамі, духмянымі пахамі («Маляваць я марыла заўсёды», «Скрыпка», «Танец восені»). Пры выкарыстанні непаўторных слоў і метафарычных асацыяцый у паэтычных тэкстах выяўляецца размераны, спакойны лад быцця і ствараецца няўлоўнае імпрэсіяністычнае светаадчуванне: «Ва ўсім — гармонія, гучыць яна ўсюды: / Па восені — ў сумна-жоўтым блюзе <...>» «Мелодыя гармоніі». Восень увасабляе сабой «цёплае дыханне мудрасці» («Сяброўка Восень»). Жоўтае лісце, сабранае ў гэтую пару года, халоднымі зімовымі днямі нагадвае паэтэсе пра хвіліны захаплення велічнай алеяй і пра тыя падзеі, якія заўжды выклікаюць станоўчыя эмоцыі і ўражанні («Пазітыўнае»). Жыццё лірычнай гераіні паказана як няспынны кругаварот падзей, значных і дробных. Менавіта сузіранне красы наваколля дае магчымасць зразумець ступень тоеснасці, суцэльнага адзінства гукаў і колераў: «Я чую музыку ў ззянні свяціл» (верш «Мелодыя гармоніі»).

Кожны паэтычны твор — невялікая замалёўка-роздум на спрадвечныя тэмы: пошук шчасця, барацьба святла і зла, роля паэзіі ў духоўным свеце асобы, геніяльнасць і прастата светабудовы і інш. Філасофскае асэнсаванне сутнасці цуду, спрадвечнай ісціны — у вершы «кола за колам». Паэтэса адчувае: без новых ведаў спыняецца час, замірае жыццё, пачынаецца працэс дэградацыі чалавека і грамадства ў цэлым.

Аўтар скіроўвае ўвагу да важнай ва ўсе часы тэмы міру і вайны, што ў XXI ст. набыла глабальнае значэнне ў рэчышчы супрацьстаяння святла і зла, нязломных прынцыпаў і страчаных маральных арыенціраў, гуманізму і бесчалавечнасці, жорсткасці. У вершы «Зімняе супакаенне» гучыць матыў антыгуманнай сутнасці вайны, якая спапяляе свет. Нездарма С. Быкава супрацьпастаўляе тут такія паняцці, як разбурэнне і цішыня, мір, спакой. У яе творах раскрываецца шчырае захапленне беларускімі краявідамі, птушкамі, дрэвамі. Пейзажным і філасофскім вершам С. Быкавай уласцівыя лаканізм, дэталёвасць і канкрэтызаванасць пры абмалёўцы мастацкіх вобразаў. Творчасць паэтэсы набывае прыкметы духоўнай лірыкі (традыцыйнасць, сакральнасць і інш.). Паэтэса звяртаецца да тэмы Майстра і яго дасканалага тварэння. Напрыклад, у вершы «Малюе восень...» аўтарка падкрэслівае адсутнасць залішніх дэталяў ва ўбачаным ёю малюнку восені, а найвышэйшую форму дасканаласці з’яў прыроды бачыць у гарманічнай суладнасці простай і геніяльнай светабудовы, дзе няма зла, недахопаў і негатыву.

У творах С. Быкавай прысутнічаюць казачныя матывы і асацыяцыі (казачная фея, сямейка гномаў — «З Новым годам!»). Дыдактычны, прытчавы характар вершаў дазваляе ўбачыць сутнасць чалавека-гуманіста праз прызму ягоных чаканняў і ідэалаў. У гэтым свеце прырода набывае першаступеннае значэнне. Як падкрэслівае аўтар, у кожным куточку свету ёсць непаўторныя мясціны, прыгажосць якіх дае адчуванне паўнаты быцця. Вайна ж сімвалізуе бязлітаснае зло.

У мастацкім свеце С. Быкавай канцэпты снег і музыка выяўленыя як гарманічныя, суцэльна звязаныя часткі цуднага дзейства: свята душы — у ачышчэнні, якое дае адчуванне раю, але дасягаецца праз сузіранне найвышэйшых формаў прыгажосці (верш «Снегапад»)... Акрамя таго, гучыць матыў руху, перараджэння, новага жыцця («Вечны рух»). Аўтарка заклікае прыслухацца і пачуць голас сусвету, каб падтрымаць вытокі гармоніі на Зямлі («Ля ракі»). Цішыня дапамагае лірычнай гераіні адчуць каштоўнасць нечаканага зямнога шчасця ва ўсёй яго паўнаце: «Са светам тонкім нябачную сувязь / Цішыня адчуць дапамагае».

У творчасці С. Быкавай тэма імгненнасці і вечнасці падмацоўваецца выказваннем аб тым, што «ў сэрца ёсць адчувальная памяць» («Развітанне з возерам»). Місія паэта — быць праўдзівым, чулым і шчырым у паказе ісціны, якой бы яна ні была. Таму матыў высокай адчувальнасці душы творцы закранае не толькі праблему самавыяўлення ў паэзіі, але і тэму духоўнага росту асобы, яе стаўлення да крыўды, болю і непрымірамасці ў адносінах да пэўных пытанняў («Наканаванне»).

Відавочна, адсутнасць страху ў душы і наяўнасць жаданняў — прыкмета высокадухоўнай асобы, якая спасцігла свет у розных праявах і разумее сапраўдную сутнасць рэчаў і ідэй («Выявіся!..»). Нездарма паэтэса сцвярджае: «Будзь сумленным: сам сабе адкрыйся. / У адчыненыя табою дзверы / Убачыш сам сябе, павер!» («Роля»).

Паводле слушнага меркавання С. Быкавай, свой маленькі рай на зямлі можа стварыць кожны чалавек: «Нібы Маленькі Прынц, / Светлы свет стварай...» («За высокай сцяной...»). Сімвалічныя вобразы дзвярэй і ключа ў вершы «За высокай сцяной...» дазваляюць кожнаму з нас у гэтым факце цалкам упэўніцца.

Безумоўна, любоў да свету, прыроды і чалавецтва — аснова асноў быцця кожнай асобы. С. Быкава закранае глабальныя тэмы, уласцівыя грамадству XXI ст: падступства і падман непрымальныя і жорстка караюцца па законах найвышэйшай справядлівасці; у свеце ісціны фальш і хлусня пэўных асоб нярэдка перамяжоўваюцца з ліслівасцю. Паэтэса заклікае кожнага з нас ісці наперад па сваёй жыццёвай дарозе і не баяцца рабіць памылкі: «...У табе ёсць сіла, моц і ўлада» («Вер у сябе!»). Памкненне адрынуць у душы боязь праблем і крыўды, унутраная зацятасць пры дасягненні мэты, вера ў будучыя шчаслівыя падзеі дазваляюць лірычнай гераіні знайсці сапраўдны сэнс свайго жыцця.

Свабода — гэта ўзмацненне святла ў душы. У зборніку яна паказаная як спасціжэнне сутнасці светабудовы і месца чалавека ў ёй праз прызму Боскага дабраславення. Гэта і адкрытасць, нязмушанасць у самавыяўленні, і нязгасная любоў, і бязмежнае натхненне і ціхая радасць іншым людзям... Несумненна, па вершах Святланы Быкавай можна многаму навучыцца, у тым ліку і спасцігаць свабоду.

Таццяна МАЦЮХІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.